Беларускія словы ў іншых мовах | Wir.by
Часта можна пачуць заўвагі, што тое ці іншае беларускае слова — русізм, паланізм ці нейкае іншае запазычанне. Можа скласціся ўражанне, што наша мова толькі пасіўна чапляе гэтыя «ізмы» ад суседзяў. Але, як пісаў Багушэвіч, яна такая ж людская, як і астатнія, і таксама можа дзяліцца ўласнай лексікай. А гэта значыць, што і ў іншых мовах можна адшукаць беларусізмы.
Беларускія словы ў іншых мовах
dziemjachenka
Марыя Дзем'ячэнка

Беларускія словы ў іншых мовах

Польская мова

З Польшчай Беларусь мае вялікі перыяд агульнай гісторыі, нашы мовы кантактавалі даўно і ўплывалі адна на адну.

*Наталля Снігірова, «Асаблівасці сацыялінгвістычнай сітуацыі ў камунікатыўнай прасторы кантактнай зоны Беларусі і Польшчы (гiстарычны аспект)», Socjolingwistyka, no. 28 (2014): 109–20.

Важную ролю ў гісторыі гэтых кантактаў адыграў статус старабеларускай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Гэта была дзяржаўная мова, мова справаводства. Менавіта на ёй напісаныя статуты ВКЛ, якія тагачасная Польшча брала за ўзор*. Таму некаторая юрыдычная лексіка трапляла ў польскую мову з беларускай. Напрыклад, слова bezprawie (бяспраўе) сустракаецца ў старабеларускіх дакументах значна раней, чым у польскіх.

У іншых сферах жыцця беларусізмы з’яўляліся ў польскай мове праз стасункі шляхты з ВКЛ і Кароны Польскай. Нават калі з XVI стагоддзя ўзмацнілася паланізацыя беларускай шляхты, у сваёй гаворцы яна захоўвала мясцовыя рысы, якія траплялі ў польскую. Да XVIII стагоддзя ў мову нашых суседзяў такім чынам трапілі такія словы, як hodować (гадаваць), hreczka (грэчка), puchacz (пугач), żubr (зубр).

Напрыканцы XVIII стагоддзя беларускія землі трапілі ў склад Расійскай імперыі. На беларускай мове болей не пісалі дзяржаўных дакументаў. Аднак і ў XIX стагоддзі яна мела пэўны ўплыў на польскую. Тады надышоў час польскамоўных беларускіх пісьменнікаў, якія былі звыклыя да народных гаворак і дадавалі іх элементы ў свае тэксты. Выбітны прыклад філарэт Адам Міцкевіч, які прынёс у літаратурную польскую мову словы dziady (дзяды), kraska (краска), siaki-taki (сякі-такі), łaszczyć się (лашчыцца).

Літоўская мова

Са сваімі паўночна-заходнімі суседзямі беларусы жылі ў адной дзяржаве даўжэй, чым з палякамі, таму ў іх мове можна назіраць большы беларускі ўплыў. Запазычанні адбываліся і праз пісьмовыя дакументы, і праз побытавую гаворку. Аднак першым шляхам беларусізмы вандравалі на поўнач радзей, бо ў той час справаводства на літоўскай мове (у сучасным разуменні) амаль не вялося.

Таму запазычанняў з народнай гаворкі, якія закранаюць больш практычныя аспекты жыцця, болей за канцылярызмы. Такім чынам новая лексіка трапляла і ў дыялектную, і ў літаратурную мову. Паводле розных мовазнаўцаў, гэта ад 1000 да 3000 слоў. З беларускай мовы ў літоўскую перайшлі, напрыклад, назвы раслін: čiobras (чабор), kaniušina (канюшына), прадметаў хатняй гаспадаркі: abrusas (абрус), cvikas (цвік), адзення: okuliaras (акуляры), pančeka (панчоха), šalikas (шалік), частак памяшкання: pakūčia (покуць), priepečkis (прыпечак), абстрактных паняццяў: krivda (крыўда), padeka (падзяка), paklepa (паклёп).

Ідыш

У 1791 годзе ў Расійскай імперыі была ўведзена мяжа яўрэйскай аселасці. Праз гэта вялікая колькасць яўрэяў пасялілася ў беларускіх гарадах і мястэчках. У XIX стагоддзі іх колькасць складала ад 51% да 90% гарадскога насельніцтва. Яўрэйская і беларуская культуры вельмі ўплывалі адна на адну. Гэта адбілася таксама і на мовах. У ідышыстыцы нават існуе тэрмін vajsrusiše redenišn — беларуская гаворка.

Праз вельмі блізкія кантакты часам даволі цяжка вызначыць, што прыйшло ў ідыш з беларускай, а што — наадварот. Але прынамсі шэраг словаў мы можам назваць беларусізмамі, напрыклад: juške (юшка), krop (кроп), žvave(r) (жвавы), zejde (дзед), apinujen zix (апынуцца), kamornik (каморнік), kljok (клёк, касцявы мозг), pročkes (упрочкі), večere (вячэра).

Беларускія яўрэі нават ужывалі выразы, якія ўяўлялі сабой сумесь беларускай і ідыш. Гэта «visn počom funt lixo» (ведаць, пачым фунт ліха), «kalt vi a ščavje» (халодны як шчаўе), «zajn mit emeen panibrat(iš)» (быць з кімсьці запанібрата).

Руская мова

Бадай, выраз «беларусізмы ў руская мове» ў першую чаргу выкліча асацыяцыі з трасянкай і размаітымі «шуфлядкамі» расейскамоўных беларусаў. Аднак былі выпадкі, калі беларуская ўплывала на маўленне жыхароў Расіі.

У XV–XVII стагоддзях сітуацыя была падобная да той, якая склалася ў дачыненні да польскай. Як і ў Польшчы, у Вялікім Княстве Маскоўскім старабеларускія прававыя дакументы браліся за ўзор пры фарміраванні юрыдычнай лексікі — настолькі яны былі добра напісаныя. Так у рускую мову прыйшлі словы бесправие (бяспраўе), родины (радзіны), будка (будка), варта (варта), витати (вітаць), гроши (грошы), дбати (дбаць), здрайца (здраднік), зневага (знявага), баламут (баламуцень). Не ўсе з іх захаваліся ў сучаснай рускай мове ў нязменным выглядзе, але важны сам факт запазычання.

Пачынаючы з XIX стагоддзя беларускія словы трапляюць ў жаргонную лексіку рускай мовы. Расійскі крымінальны жаргон змяшчае словы з моў размаітых народаў, што ў той ці іншы час насялялі Расію ці СССР. Такую разнастайнасць ён атрымаў, па-першае, праз шматнацыянальны склад вязняў у месцах пазбаўлення волі. Па-другое, дзіўнаватую незразумелую лексіку зручна выкарыстоўваць дзеля маскіроўкі і большай скрытнасці. Абедзве прычыны дапускаюць прысутнасць у расійскім жаргоне беларусізмаў. Аднак многія расійскія крыніцы, што вывучаюць паходжанне жаргону, згадваюць толькі ўкраінскую і польскую як крыніцы запазычванняў, неабгрунтавана абмінаючы беларускую.

З’яўляецца праблемай і тое, што часта немагчыма адрозніць, адкуль менавіта слова трапіла ў жаргон — з беларускай, украінскай ці польскай. Тым не менш, пра шэраг выразаў можна меркаваць, што яны — беларусізмы. Гэта, напрыклад, словы шанец (шанец, удача), цацки (ювелірныя ўпрыгожанні), карбач (пуга), рыхт (падрыхтоўка да буйнога крадзяжу), сбить с панталыку (збіць з панталыку, адхіліць ад правільнай думкі).

Але цяпер, каб карыстацца беларусізмамі, неабавязкова здзяйсняць злачынствы. Некалькі беларускіх словаў замацаваліся ў паўсядзённым расійскім слэнгу:

  • капец (няўдача, кепскі канец) — ужыванне гэтага слова ў рускай суадносіцца з першапачатковым беларускім значэннем: надмагільны насып, а таксама сінонім да згубы. У беларускай мове гэтае слова ўжываецца і ў множным ліку: капцы прыйшлі.

  • стебать (здзекавацца словамі) у беларускай мове першапачаткова гэты дзеяслоў азначаў «біць пугай, бізуном», а ў расейскім слэнгу ён набыў пераноснае значэнне.

  • халява (атрыманае лёгка ці бясплатна) — для беларусаў гэта ў першую чаргу верхняя частка бота, а часам азначэнне для дурнога чалавека. Існуюць розныя версіі, як з’явілася новае значэнне. Магчыма, гэта ад таго, што «халяўная скура» ў шаўцоў — таннейшы і горшы матэрыял, з якога не зробіш важнейшыя дэталі.

Як мы бачым, беларуская мова таксама грала істотную ролю ў гісторыі моў нашых суседзяў і займае свой «свой пачэсны пасаг між народамі».

Лінгвістыка
Беларусь
Усходняя Еўропа
ВКЛ
Гісторыя Францыска Скарыны
Гісторыя Францыска Скарыны
Уявіце: Мікола Гусоўскі скончвае штодзённую працу над «Песняй пра зубра» і ідзе зірнуць на галоўную навінку ў свеце мастацтва — «Сіксцінскую Мадонну» Рафаэля, а Францыск Скарына перакладае «Псалтыр» пад гук малатка Марціна Лютэра і адпраўляецца праводзіць караблі Фернана Магелана. У адным з сусветаў усё гэта магло адбыцца, бо ўсе гэтыя людзі жылі ў адзін час! 6 жніўня 1517 года Францыск Скарына друкуе кнігу «Псалтыр» ва ўласным перакладзе. Гэта адначасова і бунт, і прарыў, і поўнае замацаванне Рэнесансу на Беларусі. Беларусы аднымі з першых у свеце маюць пераклад галоўнай еўрапейскай кнігі — Бібліі. У гэты ж час у Еўропе пачынаецца Рэфармацыя, канкістадоры высаджваюцца ў Мексіцы, маскоўскія войскі бяруць у аблогу Полацк, а Фернан Магелан распачынае кругасветнае падарожжа. У нашым новым матэрыяле — таймлайн жыцця Францыска Скарыны і найважнейшыя падзеі, якія адбываюцца ў сусветнай гісторыі ў той жа час.
Читать статью