Пісьмо лацінскімі і кірылічнымі літарамі – два самыя пашыраныя варыянты пісьма, якімі карыстаемся мы і карысталіся нашы продкі. Аднак мала хто чуў, што існуе трэці варыянт пісьма па-беларуску. Назавём яго «беларуская арабская вязь», або арабіца. Як яна з'явілася? Хто ёй карыстаўся? Што пісалі такім спосабам? Пра ўсё гэта чытаем ніжэй.
ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
У XIV–XV стагоддзях у Літве і Беларусі пасяліліся татары. Прынята лічыць, што частка з іх апынулася ў Вялікім Княстве Літоўскім як ваеннапалонныя, іншыя ж прыбылі сюды добраахвотна. З цягам часу татары замест сваёй мовы сталі карыстацца беларускай і польскай. Адсюль і пачынаецца гісторыя беларускіх тэкстаў, напісаных арабскім пісьмом.
Асноўная маса літоўскіх татар (яны ж беларускія татары) ужо ў XVI–XVII стагоддзях не ведала не толькі арабскай мовы, але забылася і на родную татарскую мову. Беларуская мова стала для татар мовай камунікацыі і мовай некаторых відаў мусульманскай рэлігійнай літаратуры.
Лічыцца, што першыя беларускія тэксты татар з’явіліся не пазней за XVI стагоддзе. Унікальнасць беларускіх і польскіх тэкстаў, напісаных арабскім пісьмом, заключаецца ў тым, што яны вядомыя толькі ў форме рукапісных кніг, хоць апошнія з іх датуюцца 70–80-мі гадамі ХХ стагоддзя.
ГРАФІКА І АРФАГРАФІЯ
Што да арабскага пісьма, то яно з'яўляецца кансанантным: у ім ёсць літарныя знакі толькі для абазначэння зычных і паўгалосных гукаў, галосныя ж або зусім не пазначаюцца, або пазначаюцца адмысловымі надрадковымі і падрадковымі знакамі.
Арабскія заваёвы VII–VIII стст. н. э. (ці «арабскія адкрыцці», як іх называюць самі арабы) i пашырэнне мусульманства спрыялі распаўсюджванню арабскай мовы і ў яшчэ большай ступені арабскага пісьма на велізарнай тэрыторыі паміж Індыяй і Атлантычным акіянам.
Заходняя, Цэнтральная, Паўднёва-Усходняя Азія, значная частка Афрыкі, Іспанія і Балканскі паўвостраў – вось тэрыторыя, на якой карысталіся арабскім пісьмом. Яно было прыстасавана для перадачы не толькі арабскай мовы, але і моў іншых народаў.
Беларускія тэксты, у якіх выкарыстоўваецца арабская вязь, пішуцца і чытаюцца справа налева. Гэтаксама нумаруюцца і старонкі ў кнігах.
Якія ж віды рукапісаў мы можам вылучыць і пра што яны апавядаюць?
КІТАБЫ
Першы від рукапісаў – кітабы (ад араб. كتاب «кніга»). Тэксты ў кітабах досыць разнастайныя. Шмат месца ў іх займаюць хадзісы (ад араб. حديث «аповед, паданне»), якія ўяўляюць сабою паданні пра жыццё і дзейнасць прарока Мухамада і яго бліжэйшых паплечнікаў.
У кітабах сустракаюцца апісанні абрадаў, рытуалаў, а таксама асноўных абавязкаў мусульман. Тут жа можна знайсці маральна-павучальныя гісторыі, а часам і ўсходнія прыгодніцкія аповесці. Напрыклад, расповед пра маладога чалавека, які прадае бацьку і маці, купляе каня і старое футра і адпраўляецца ў каралеўскі замак, каб узяць удзел у дыспуце з каралеўскай дачкой, перамагае ў гэтым дыспуце і жэніцца з ёю.
ХАМАІЛЫ
Іншым відам рукапісных кніг беларускіх татар з'яўляюцца хамаілы. Слова «хамаіл» азначае тое, што заўсёды носіцца пры сабе (ад араб. حمل «насіць»). Фармат хамаілаў і колькасць старонак у іх значна меншыя, чым у кітабах. У іх збіраліся малітвы на арабскай і цюркскай мовах, асобныя суры Карана, тлумачэнні рэлігійных абрадаў і рытуалаў, а таксама нусхі (ад араб. نصح «навучанне»), то-бок парады па лячэнні хвароб з дапамогай малітваў, тлумачэнні сноў, календары шчаслівых і нешчаслівых дзён. Магія займае значнае месца ў хамаілах. У іх можна знайсці парады, як пазбегнуць непрыемнасцей і дасягнуць вызначаных мэт у самых розных жыццёвых акалічнасцях.
Нягледзячы на тое, што хамаілы праз абавязак штодзённай пяціразовай малітвы былі ў сталым ужытку і хутка зачытваліся, іх захавалася больш, чым рукапісаў іншых відаў. Гэта тлумачыцца тым, што раней у кожнай мусульманскай сям'і быў адзін ці некалькі хамаілаў.
Варта адзначыць, што сустракаюцца хамаілы, напісаныя кірылічнымі і лацінскімі літарамі. Такія кнігі вядомыя з другой паловы XIX стагоддзя, яны прызначаліся для татар-мусульман, якія не валодалі арабскім пісьмом.
Беларускіх ці польскіх тэкстаў у хамаілах параўнальна мала, бо значнае месца ў іх займаюць малітвы на арабскай і цюркскай мовах, у той час як у кітабах такія тэксты звычайна пераважаюць.
ТАФСІРЫ І ТАДЖВІДЫ
Для славістаў значнай каштоўнасцю з’яўляюцца тафсіры (ад араб. تفسير «тлумачэнне, каментар»). Яны ўяўляюць сабой Каран на арабскай мове з падрадковым перакладам на беларускую і польскую.
Поўны тэкст перакладу Карана на беларускую мову дагэтуль не выяўлены, аднак ёсць падставы меркаваць, што такі пераклад існаваў. Пра гэта сведчаць вялікія ўрыўкі з Карана ў некаторых кітабах, напісаныя па-беларуску.
Цесна злучаныя з Каранам і таджвіды (ад араб. تجويد «чытанне нараспеў Карана»). У іх змяшчаюцца правілы чытання арабскага тэксту Карана. Тэкст таджвіда звычайна напісаны на старатурэцкай мове з падрадковым перакладам на беларускую ці польскую. У таджвідах можна знайсці і апісанне артыкуляцыі арабскіх гукаў.
Да цяперашняга часу арабаграфічныя рукапісы татар Беларусі перадаюцца ад пакалення да пакалення. Многія ўладальнікі гэтых кніг ужо не разумеюць арабскай вязі.