Алесь Аляксандравіч Дайлідовіч увайшоў у беларускую літаратуру пад псеўданімам Алесь Дудар, а ў гісторыю крытыкі – пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі. Калі мы звернемся да фактаў, якія прынята ўносіць у энцыклапедыі, то можна згадаць, што Алесь Дудар – адзін з шасці арганізатараў легендарнага «Маладняка», адзін са стваральнікаў маладой беларускай літаратуры, першы беларускі крытык, які выдаў кнігу сваіх артыкулаў, першы беларускі перакладчык «Фаўста» Гётэ, «Атэла» Шэкспіра, «Яўгенія Анегіна» Пушкіна.
Але адкуль узяўся ў яго паэтычны талент, неверагодная культура верша? У яго адзін год адукацыі ў мінскай гімназіі, адзін – у тамбоўскай гімназіі, потым – вайна, эвакуацыя, польская акупацыя. Пасля ён вучыўся ў Якуба Коласа разам з Александровічам ды Глебкам, хадзіў да Коласа на курсы беларусазнаўства – і быў першым сярод яго вучняў. Талент Алеся Дудара высока ставіў Янка Купала.
Алесь Дудар прыйшоў у паэзію ў 17 год. Паўтара года ён быў акцёрам вандроўнага тэатра Уладзіслава Галубка. Гэта быў калектыў людзей, якія пешшу вандравалі па ўсёй Беларусі з яскравымі народнымі спектаклямі. Алесь Дудар прыходзіць у літаратуру менавіта праз гэты вандроўны тэатр. Амаль адразу яго запрашаюць кіраваць аддзелам паэзіі ў «Савецкую Беларусь», ён становіцца адным з родапачынальнікаў «Маладняка», засноўвае яго віцебскую філію, менскую філію, полацкую філію. Яго запрашалі на пасаду рэдактара ў «Маладняк», яго запрашалі адказным сакратаром у гэты часопіс. Ні на адной пасадзе Алесь Дудар не затрымліваецца. Адам Бабарэка пісаў пра яго, што гэта быў «такі тып бесклапотніка».
Крытыкі, якія сачылі за Алесем Дударом, адзначалі, што гэта паэт у першую чаргу неверагоднай шчырасці. Калі Дудар напісаў верш «Пасеклі край наш папалам...» – контррэвалюцыйны, яркі твор, – ён усім яго паказваў. Алеся Дудара нават палічылі правакатарам.
Як вельмі эмацыянальны чалавек Алесь Дудар аказваўся ўдзельнікам літаральна кожнага літаратурнага антыпартыйнага скандалу. «Ліст трох» падпісваюць Міхась Зарэцкі, Андрэй Александровіч і Алесь Дудар. Прычым Зарэцкага і Александровіча вельмі хутка «зламалі». Праз некалькі дзён яны апублікавалі абвяржэнне ў той жа «Савецкай Беларусі». Дудара ламалі на дзень больш. Тэатральная дыскусія – значыць, там Дудар. Нацдэмаўскія выступы ў прэсе – значыць, там Дудар. Не таму, што ён быў «вораг», а проста гэта быў чалавек, які не ўмеў быць асцярожным.
Адначасова Дудар быў вельмі мяккі. Ім было вельмі лёгка маніпуляваць, таму як крытык Тодар Глыбоцкі ён сёння мае сумнеўную славу. Ён удзельнічаў у кампаніі супраць нацдэму, хаця сам быў першы нацдэм сярод усіх магчымых, ён удзельнічаў у кампаніях супраць Уладзіміра Дубоўкі, супраць Адама Бабарэкі, таму што ён у той час знаходзіўся пад уплывам Цішкі Гартнага. Гэта быў менавіта такі тып чалавека – «вечнага падлетка», які давярае тым, каго лічыць вартым павагі. Напэўна, з такіх людзей потым вырастаюць сур’ёзныя хлопцы, якія ўжо разумеюць сваё месца ў свеце, разумеюць, што трэба рабіць. А Дудар быў расстраляны ў 32. Ён проста не паспеў стаць дарослым.
Адкуль узялася ў Алеся Дудара яго неверагодная лінгвістычная адоранасць? Ён перакладаў з французскай, з нямецкай, з англійскай, з польскай, з рускай моў. Доўгі час лічылася, што перакладаў ён з рускіх падрадкоўнікаў альбо наогул з рускіх перакладаў. Напрыклад, бярэ пераклад «Фаўста» Пастарнака і з яго перакладае на беларускую мову. Але на сённяшні дзень ужо ёсць дадзеныя экспертаў, што Дудар перакладаў з арыгіналаў. Ён сышоў з першага ж курса БДУ ў выніку скандалу, не меў універсітэцкай адукацыі. Яго неверагодная бібліятэка, на якую ішла траціна ганарару, налічвала больш за тысячу тамоў. Тое, што ён пакінуў: яго пераклад «Анегіна», яго вершы, яго проза – гэта якраз і ёсць ягоная вартасць.
Іншага такога паэта ў беларускай літаратуры мы не ведаем. 80 год у нас не было магчымасці да гэтага далучыцца. І зараз, калі гэтая магчымасць ёсць, ёй трэба карыстацца.