Сёння мы пагутарым пра назвы дзён тыдня ў мовах свету. Здаецца, што можна цікавага знайсці ў словах, якіх толькі сем у кожнай мове? Але паспрабуем.
Пачнем вось з чаго: чаму менавіта сем? Гісторыя сямідзённага тыдня вельмі доўгая, і паходзіць ён ці то ад Месапатаміі, ці то ад старажытных габрэяў. Сямідзённы тыдзень мы знаходзім у розных народаў, нават тых, якія не кантактавалі адзін з адным.
Месячны цыкл ад маладзіка да маладзіка складае дваццаць восем дзён, а дваццаць восем дзён можна проста падзяліць на чатыры перыяды па сем дзён. Таму шмат якія народы рабілі сямідзённы тыдзень. Гэта быў не адзіны варыянт: напрыклад, нам вядома, што ў рымлянаў былі васьмідзённыя гандлёвыя тыдні. Ці, напрыклад, у СССР у 30-я гады спрабавалі зрабіць пяцідзённы працоўны тыдзень — для таго, каб заводы і фабрыкі працавалі без перапынку.
Ёсць мовы, у якіх колькасць дзён тыдня адлюстроўваецца нават у самім слове. Напрыклад, у паўднёваславянскіх мовах слова «тыдзень» гучыць як «седмица». У балгарскай, у македонскай, нават у старажытнарускай было менавіта так. Зразумела, што гэта паходзіць ад слова «сем». У нашым слове «тыдзень», якое захоўваецца ў заходнеславянскіх і ўсходнеславянскіх (акрамя рускай) мовах, лёгка пабачыць корань «дзень». Што значыць «ты», мы можам зразумець, калі паглядзім, напрыклад, на польскую мову, дзе родны склон слова «тыдзень» будзе не «тыдня», а «тыгодня». У гэтым лёгка пазнаецца ўказальны займеннік «той» ці «гэты». Адзінае выключэнне — гэта руская мова, дзе слова «тыдзень» гучыць як «неделя». Ва ўсіх іншых славянскіх мовах «нядзеля» — гэта менавіта сёмы, непрацоўны дзень тыдня. Чаму ён так завецца? Здаецца, што гэта зразумела: гэта дзень, калі мы не працуем, «ничего не делаем», і ў рускай мове гэтае «нічога не робім» перайшло з аднаго дня на ўсе сем.
Калі мы вернемся да беларускага тыдня і паглядзім на нашыя назвы дзён, то пабачым, што іх можна падзяліць на тры групы. Першая група — гэта «нядзеля», дзень, які атрымаў сваю назву зыходзячы з таго, што ў гэты дзень робяць. Слова «субота» таксама належыць да гэтай групы.
Другая група — гэта словы «аўторак», «чацвер» і «пятніца», то бок назвы, у якіх ёсць нумар. Трэцяя група — гэта «панядзелак» і «серада», дні, якія маюць назвы, зыходзячы з парадку адносна іншых дзён у тыдні.
Паглядзім на назвы дзён тыдня ў розных мовах свету. Пачнём з нумарнога тыпу, то бок тых моў, дзе назвы дзён паходзяць ад нумароў. Такіх моў шмат. Гэта літоўская і партугальская, шматлікія цюркскія мовы — турэцкая ці казахская, — арабская і персідская, некаторыя мовы Азіі, кшталту кітайскай і в’етнамскай. У некаторых з гэтых моў усе дні маюць назвы, якія паходзяць ад нумароў, у некаторых большая частка. Напрыклад, у літоўскай мове ўсе сем дзён паходзяць ад нумароў:
Pirmadienis — панядзелак
Antradienis — аўторак
Trečiadienis — серада
Ketvirtadienis — чацвер
Penktadienis — пятніца
Šeštadienis — субота
Sekmadienis — нядзеля.
Так выглядае і партугальская мова, у якой мы можам пабачыць:
Segunda-feira — панядзелак
Terça-feira — аўторак
Quarta-feira — серада
Quinta-feira — чацвер
Sixta-feira — пятніца
Sabado — субота
Domingo — нядзеля.
«Feira» значыць «кірмаш». То-бок партугальцы — такія вясёлыя людзі, у якіх ёсць другі дзень кірмашу, трэці, чацвёрты і гэтак далей.
Другі тып — гэта парадкавы тып, і ў славянскіх мовах да гэтага тыпу належаць словы «серада» і «панядзелак». Серада, зразумела, гэта сярэдні дзень тыдня. Але ўзнікае пытанне: калі ў тыдні сем дзён, тады сярэдні дзень мусіць быць чацвёртым. Можна адказаць так: магчыма, мы пачыналі лічыць ад нядзелі, тады серада апынецца якраз чацвёртым днём. Але мы бачым, што серада ідзе пасля аўторка, які другі, то бок «второй», а пасля серады ідзе чацвер, які чацвёрты. Не атрымліваецца. Адказ на гэтае пытанне такі: калі мы паглядзім на слова «панядзелак», мы ўбачым у ім прыстаўку «па», якая мае значэнне «пасля». І гэта — дзень першы, які ідзе пасля нядзелі. Тады «аўторак» будзе «другі дзень пасля нядзелі», а не «другі дзень тыдня», і тады серада атрымліваецца чацвёртым днём, сярэднім днём тыдня. У ісландскай мове ёсць слова «miðvikudagur», якое мае корані «mið» — «сярэдзіна», «viku» — «тыдзень», і «dagur» — «дзень». Усё разам, адпаведна, гэта значыць «сярэдні дзень тыдня». Такое ж слова ёсць і ў тасканскім дыялекце італьянскай мовы.
Шмат якія мовы маюць азначэнне пачатку тыдня. Напрыклад, у венгерскай мове ёсць слова, якое значыць «галава тыдня», ці, напрыклад, у адыгейскай мове ёсць слова, якое літаральна значыць «нос сямі».
Трэці тып — гэта функцыянальныя назвы, калі мы называем дзень, зыходзячы з таго, што робяць у гэты дзень. У славянскім тыдні гэта «нядзеля», дзень, у які мы нічога не робім, і «субота», якая паходзіць ад «шабата», а «шабат» у старажытнагабрэйскай мове паходзіць ад дзеяслова, які мае значэнне «адпачываць». У іншых мовах мы можам знайсці іншыя функцыі дзён. Напрыклад, у скандынаўскіх мовах слова «субота» (па-шведску — «lördag», па-ісландску — «laugardagur») паходзіць ад кораня са значэннем «праць», то-бок гэта дзень для прання. У венгерскай мове мы можам знайсці канец тыдня, слова «vasárnap». Слова «vasár» нам можа быць знаёма, бо значыць «базар». То-бок гэта базарны дзень. Тое ж самае ёсць у некаторых дыялектах італьянскай мовы, дзе «дзень гандлю» або «дзень кірмашу» можа абазначаць аўторак ці сераду ў залежнасці ад таго, у які дзень у сярэднявеччы ў гэтым рэгіёне праходзіў кірмаш. Пятніца амаль ва ўсіх мусульманскіх мовах завецца запазычаннем з арабскай мовы, «الجمعة», што значыць «аб’ядноўвацца, збірацца разам», то-бок збірацца разам для сумеснай малітвы. Гэтае слова запазычана і ў цюркскіх мовах, і ў персідскай. Яшчэ адзін характэрны сюжэт — гэта пятніца як «прыгатаванне да шабату», то бок да канца тыдня. У армянскай мове пятніца завецца «ուրբաթ», што і значыць «прыгатаванне», ці, напрыклад, у грэчаскай мове пятніца завецца «пαρασκευή», што таксама значыць «прыгатаванне». У адыгейскай мове, на якой размаўляюць мусульмане Каўказа, ёсць серада і пятніца, «бэрэскэжъый» і «бэрэскэшху» адпаведна, прычым «жъый» — гэта памяншальны суфікс, «шху» — гэта павелічальны суфікс, а «бэрэскэ» — гэта запазычанне грэчаскага «пαρασκευή».
Бывае так, што назва дня паходзіць не ад функцыі, а ад характарыстыкі. Напрыклад, у латышскай мове нядзеля — «svētdiena», «святы дзень» ці «дзень свята». Ці, напрыклад, у санскрыце субота лічылася нешчаслівым днём, таму субота звалася «शनिवासर» — «кульгавы дзень».
Апошняя група — назвы рэлігійнага паходжання. Іх мы можам пабачыць, напрыклад, у рускай мове: слова «воскресенье» паходзіць ад хрысціянскай традыцыі. У заходнееўрапейскіх мовах назвы дзён паходзяць ад імёнаў паганскіх багоў ці назваў планет. Напрыклад, у англійскай мове нядзеля і панядзелак завуцца «Sunday» і «Monday», то-бок «дзень сонца» і «дзень месяца», а далей мы бачым назвы, вытворныя ад імёнаў розных багоў. Цікава, што паходзіць гэтая сістэма ад рымлянаў, але калі яе запазычылі германцы, яны замянілі багоў рымскага пантэону на сваіх, зыходзячы з таго, якую функцыю выконваў той ці іншы бог. Напрыклад, «Martedi» па-італьянску — гэта дзень Марса, аўторак. У англійскай гэта «Tuesday», дзень Цюра ці Ціра, які, як і Марс, быў богам вайны. Цікава, што ў некаторых дыялектах нямецкай мовы ў Аўстрыі сустракаецца назва аўторка, якая паходзіць ад Арэса, грэчаскага бога вайны. Серада ў італьянскай мове — «Mercoledi», дзень Меркурыя, які адказваў за гандаль. Але ў германскіх мовах серада, «Wednesday», — гэта дзень Одзіна, галоўнага бога. Атрымалася так таму, што чацвер, «Giovedi», у італьянскай мове — дзень Юпітэра, галоўнага бога, функцыя якога — адказваць за гром і маланкі. Але ў германцаў функцыю бога маланак і грому выконваў не Одзін, галоўны бог, а Тор, імя якога мы і бачым у назве «Thursday» — чацвер у англійскай мове. Цікава, што ў палабскай мове, мёртвай славянскай мове, мы бачым назву «Perundan», «дзень Перуна». У шматлікіх мовах Еўропы чацвер — гэта дзень грому і маланак. Цяпер зразумела, чаму некаторыя лінгвісты тлумачаць такім чынам паходжанне прымаўкі «пасля дожджыку ў чацвер».
Адзіны жаночы дзень — гэта дзень Венеры, пятніца ў італьянскай («Venerdì») і іншых раманскіх мовах («Vendredi», фр.). У англійскай мове гэта «Friday», дзень Фрыг, жаночай багіні ў германскім пантэоне. Таксама ў англійскай мове захаваўся дзень Сатурна, «Saturday». У раманскіх мовах нядзеля перастала быць днём сонца, зараз гэта дзень Госпада. То-бок пяць дзён мы жывём па паганскім календары, а сёмы дзень — хрысціянскі. Па-адыгейску нядзеля будзе «Тхьаумаф», дзе «тхьау» — гэта «бог», а «маф» — гэта «дзень». Чаму ў мусульман нядзеля — гэта дзень бога? Таму што да XVI ст. адыгейцы былі хрысціянамі, і гэта захоўваецца ў назве. У кабардзінскай і асецінскай мовах назва пятніцы паходзіць ад імені «Марыя»: «мэрем» і «майрамбон». Яшчэ адзін досыць часты сюжэт — гэта пост, таму што ў хрысціянстве ёсць серада і пятніца, дні посту. Напрыклад, у сучаснай ірландскай мове серада — гэта «дзень першага посту», пятніца — гэта проста «дзень посту», а чацвер — «дзень паміж постамі».
Такім чынам, мы бачым, што ў невялічкіх сяміслоўных спісах, якія мы можам параўнаць у розных мовах, мы можам знайсці, па-першае, досыць цікавыя сістэмы, па-другое, там захоўваюцца розныя сляды гісторыі, культуры і традыцый носьбітаў гэтых моў. У гэтых кароткіх спісах з сямі слоў захоўваецца гісторыя некалькіх тысяч год развіцця розных народаў.