Сілезская мова | Wir.by
Сілезія — рэгіён, наконт якога вядуцца самыя вострыя палітычныя спрэчкі ў Польшчы. Як цукеркі падзяляюць сілезцаў, што сніцца ў кашмарах варшаўскім чыноўнікам і чаму апошняе слова заўсёды за сілезскай мамай.
padporynava
Любоў Падпорынава

Сілезская мова

Apple Podcasts
Yandex Music
Spotify
Славянскія мовы
Гэта 3 частка цыкла
Славянскія мовы
1. Кашубская мова
2. Лемкаўская мова
3. Сілезская мова
4. Лужыцкія мовы

Спрэчкі аб наданні сілезскай статусу рэгіянальнай мовы адбываюцца ў выразнай палітычнай атмасферы. Якія погляды выказваюць лінгвісты? Па-першае, дыхатамія мова-дыялект у навуковым і гістарычным плане з’яўляецца састарэлай. Варта памятаць, што падзел на мову і дыялект з’явіўся ў ХІХ стагоддзі і быў фонам для даследавання нацыяўтваральных працэсаў і ў яшчэ большай ступені – для ілюстрацыі гіпотэз рассялення плямёнаў (выразна данацыянальных, перадэтнічных утварэнняў). Гэты шаблон падзелу на мову і дыялект абсалютна не накладаецца на спецыфіку развіцця Верхняй Сілезіі. Таксама немагчыма накласці гэта шаблон на сітуацыю, калі носьбіты моў прыходзяць у гарады, дзе выразна кантрастуюць у моўным плане. Пра такое ў ХІХ стагоддзі гаворкі ісці не магло, бо масавая міграцыя ў гарады – з’ява канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

Нямецкія лінгвісты прапануюць тэрмін «мова дыстанцыі» (Abstandsprache) – моўнае ўтварэнне, якое знаходзіцца на пэўнай адлегласці і ад літаратурнай мовы, і ад дыялекту. Літаратурнай мовай сілезская на сённяшні момант названай быць не можа, бо ніколі гэтую функцыю не выконвала, не мае адзінага стандарту і працяглай пісьмовай традыцыі (што абсалютна не значыць, што па-сілезску ніхто не піша і не размаўляе).

Яшчэ адзін крытэр – гэта адсутнасць стылістычнай апрацаванасці: існуе сур’ёзная праблема з выкарыстаннем сілезскай у навуцы, медыцыне, справаводстве. З другога боку, сілезская не з’яўляецца дыялектам. Па-першае, гэта была з’ява пераходу гаворак у гарады (а дыялекты пераважна сельская з’ява). Па-другое, каб назваць сілезскую дыялектам польскай мовы, трэба каб вакол сілезскай функцыянавалі гаворкі, паміж якімі з сілезскай былі б вельмі нязначныя пераходы, але гэтага не адбываецца, бо сілезская мова – з’ява гарадская і захвалася значна лепш. Вакол абшару функцыянавання сілезскай мовы амаль цалкам вымерлі вялікапольскія і малапольскія дыялекты.

Падцягваць сілезскую да ўзроўню мовы, ствараючы гвалтам адзіны стандарт, пагражае тым, што адбылося з рэтараманскай мовай у Швейцарыі: там вывелі нешта сярэдняе паміж пяццю дыялектамі, і гэтае нешта прыйшло ў рэтараманскія школы і абсалютна не прымаецца вучнямі і іх бацькамі, бо выразна кантрастуе з тым, як яны размаўляюць дома, са знаёмымі і сябрамі. З другога боку, прыніжаць сілезскую да ўзроўню дыялекту – значыць ігнараваць вельмі сур’ёзныя гістарычныя пытанні і выносіць сілезскай вырак, паводле якога яна больш ці менш хутка паўторыць лёс іншых польскіх гаворак.

Лінгвістыка
Славяне
Усходняя Еўропа