Астраномія і паэзія | Wir.by
Калі вам сёлета не выпала магчымасць паназіраць за метэорнымі патокамі, не журыцеся: можна зрабіць гэта і чужымі вачыма. У беларускай паэзіі зорак не меней, чым у жнівеньскім небе, — і мы маем на ўвазе не саміх паэтаў, а астранамічныя з'явы, апісаныя імі. Сабралі для вас самыя яскравыя цытаты, а падкаст «Праз космас» патлумачыў, што менавіта захапляла паэтаў у начным небе.
Астраномія і паэзія

Астраномія і паэзія

Гэты артыкул зроблены разам з падкастам «Праз космас».

«Падымі ўгару сваё вока, і ты будзеш ізноў, як дзіця, і адыдуць-адлынуць далёка ўсе трывогі зямнога жыцця…» Прыслухоўваемся да Максіма Багдановіча і пачынаем з астранамічных аб'ектаў, якія бачныя няўзброеным вокам.

Сонца доўга ў калоссі згарэць не магло.

Прыйдзе ноч — і на бярозы павесіццца.

Месяц прыйдзе, скамарох, у сяло

з чорнай, кудлатай мядзведзіцай.

 

Выплылі хмары — авечак табун

выгнаў на поле шырокае вецер

і заіграў шумам збуджаных струн

на зачараванай жалейцы.

 

Максім Танк

 

 

 

На ім Люцыпар, калі Бога не паслухаў,

Дык млечным шляхам рваўся ўжо ў нябёс парогі,

Ды Міхаіл спыніў яго і збіў з дарогі,

І воз той паміж зор зламаны кавыляе

Міхал-Архангел напраўляць не дазваляе.

 

Адам Міцкевіч

З паэмы «Пан Тадэвуш»

ВЯЛІКАЯ МЯДЗВЕДЗІЦА, КОЎШ, ВЯЛІКІ ВОЗ

Вялікая Мядзведзіца (у народзе — Вялікі Воз) —сузор’е ў паўночнай частцы зорнага неба, якое ведае кожны. Сем яркіх зорак з гэтага сузор’я, якія нагадваюць коўш з ручкай, можна ўбачыць адразу, без усялякіх падказак. У Паўночным паўшар’і Вялікую Мядзведзіцу можна назіраць круглы год. Гэта адно з самых буйных сузор’яў, якое займае трэцяе месца на зорным небе.

Вялікі Коўш, або Коўш — астэрызм у сузор’і Вялікая Мядзведзіца. Астэрызм — гэта група зорак, якую лёгка можна пазнаць і якая з’яўляецца часткай якога-небудзь сузор’я. Коўш — гэта толькі асноўная частка сузор’я Вялікая Мядзведзіца і яе хвост. А яшчэ ёсць лапы і галава. Цалкам жа Вялікую Мядзведзіцу складана ўбачыць простым вокам, асабліва ва ўмовах гарадскіх агнёў.

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкі з сабой прывяла...

Помніш, калі я спаткаўся з табою,

    Зорка Венера ўзышла.

 

З гэтай пары я пачаў углядацца

Ў неба начное і зорку шукаў.

Ціхім каханнем к табе разгарацца

    З гэтай пары я пачаў.

 

Максім Багдановіч

 

 

 

Водар закiнутага саду,

Ў небе зорка Мiлавiца,

Таямнiцы паркавых прысадаў,

Пэўна, неаднойчы на чужыне

Будуць мроiцца i снiцца.

 

Сяржук Сокалаў-Воюш

ВЕНЕРА, ЗАРАНКА, МІЛАВІЦА, ВЕЧАРНІЦА

Ці слушна называць Венеру зоркай?

Не, Венера — самая блізкая да нас планета, а яе паверхня вельмі добра адлюстроўвае сонечныя прамяні, таму яна выглядае белай ці жоўта-белай, праз што яе часта блытаюць з зоркай.

Венера, апроч Сонца і Месяца, з’яўляецца самым яркім аб’ектам на небе. Яна крыху меншая за Зямлю — дыяметр Венеры складае каля 95% дыяметра нашай планеты. Што цікава, Венера — самая гарачая планета ва ўсёй Сонечнай сістэме.

Звычайна Венера бачная незадоўга да ўзыходу або праз некаторы час пасля заходу Сонца, таму за ёй традыцыйна захаваліся адпаведныя назвы «ранішняя зорка» (Заранка) і «вячэрняя зорка» (Вечарніца).

А хто не верыць, ведайце: Багрым

пачаў з кажана, скончыў жаўрукамі.

Мы нават і ў нябёсах не згарым,

Птушыны Шлях намацаем нагамі!

 

Анатоль Сыс

 

 

 

У верасьня — свой, асаблівы пах:

Курыць сівец — плыве дымок гаркавы.

Зямлёю пахне бульба у капцах,

Антонаўкамі — зоры па начах

I туманы — ляжалаю атавай.

 

А гарбузы пралежалі бакі

I абвіліся павучынай пражай.

Здавалася — за хмарай хлапчукі

Разрэзалі гарбуз на два кускі

I ўночы Млечны Шлях

на семкі пражаць.

 

Рыгор Барадулін

МЛЕЧНЫ ШЛЯХ, ПТУШЫНЫ ШЛЯХ, ПТУШЫНАЯ ДАРОГА

Галактыка Млечны Шлях — гіганцкая зорная сістэма з вялікай колькасці пылу, газу і зорак, уключаючы наша Сонца. Галактыка ўключае ад 100 да 400 мільярдаў зорак. У ёй ёсць пяць спіральных рукавоў: Лебедзя, Арыёна, Персея, Стральца і Цэнтаўра. Наша Сонечная сістэма размешчана ў рукаве Арыёна, паміж рукавамі Персея і Стральца.

Цэнтральны рэгіён Млечнага Шляху называецца Галактычным цэнтрам. У ім знаходзіцца звышмасіўная чорная дзірка з масай больш за 4 мільёны сонечных мас.

Праз светлавое забруджванне сучасныя гарадскім жыхарам нячаста шанцуе на зоркі, затое Месяц можа назіраць кожная і кожны. А ці ведаеце вы назвы ўсіх фаз па-беларуску?

Сягоння ноччу я ў царстве казкі:

Звычайны свет растануў і знік,

У сінім небе з-пад палумаскі

Глядзіць прыгожа маладзік.

 

Максім Багдановіч

 

 

 

І ад рук няўмелых, нясмелых

Не схаваешся ты нідзе,

Поўня белая яблыкам спелым

На далоні твае ўпадзе.

 

Генадзь Бураўкін

 

 

 

Паміж дажджоў, снягоў,

за белым светам,

у самай гушчы зорак маладых,

век дажываў забыты ўсімі ветах

і для спачыну выбіраў клады.

 

Анатоль Сыс

МАЛАДЗІК, ВЕТАХ, ПОЎНЯ

Фазы Месяца — гэта розныя ступені асвятлення Месяца Сонцам, якія рэгулярна змяняюцца. Паколькі Месяц круціцца вакол нашай планеты, Сонца асвятляе то адзін, то іншы бок спадарожніка, і яго аблічча ўвесь час мяняецца.

Ёсць чатыры асноўныя фазы асвятлення Месяца:

1. Ветах — фаза, калі Месяц ня бачны;

2. Маладзік — фаза, калі асветлена «правая» палова Месяца;

3. Поўня — фаза, калі асветлены ўвесь Месяц;

4. Сход — фаза калі асветлена «левая» палова Месяца.

Працягласць поўнай змены фаз Месяца складае каля 29,5 зямных сутак.

Для сур'ёзных аматараў астраноміі знойдуцца радкі і пра аб'екты, менш вядомыя шырокай публіцы:

Тыя ж зорныя над галавой

Пяць Касцоў — Касіяпея…

Толькі што ж яны – і зімой

Дакасіць сенажаць не паспеюць?..

Тая ж рэчка і ў тых берагах,

Тыя ж пояць яе крыніцы,–

Толькі ў жаб зябкі жах у вачах,

І не ходзіць шчупак бліскавіцай…

 

Васіль Зуёнак

КАСЦЫ, КАСІЯПЕЯ

Касіяпея (у народзе — Касцы) — сузор’е ў паўночнай частцы зорнага неба. Самыя яркія зоркі сузор'я ўтвараюць фігуру, падобную на літару М або W. Касіяпея адносіцца да ліку тых сузор’яў, якія знаходзяцца паблізу паўночнага полюса свету, і ў нашых шыротах не апускаецца за гарызонт. Найлепшы час для назірання Касіяпеі — верасень-лістапад.

Яно нада мной

Узышло ў лістападзе,

Сузор'е трывогі,

Сузор'е Рысі.

Прыхмарана днела

У насмешным паглядзе

І ў кожнай тваёй

Прытаілася рысе.

 

Рыгор Барадулін

СУЗОР'Е РЫСІ

Сузор’е Рысі — сузор’е паўночнага паўшар’я неба, складаецца з 92 слабых зорак. Адносіцца да адных з найбольш буйных, яго плошча складае 545 квадратных градусаў. Сузор’е можна назіраць амаль круглы год.

Паэтава вока часта прыкмячае штосьці, незаўважнае іншым. Паглядзім, якія незвычайныя астранамічныя з'явы прыцягнулі ўвагу Максіма Багдановіча:

Просценькі вершык

 

Няяркая, маленькая вясёлка

Ўкруг месяца ледзь бачна зіхаціць;

Яе не кожны нават i прыкмеціць,

Хто ў гэты час на неба паглядзіць.

Няяркая, маленькая вясёлка! —

Праз гэта ты i даспадобы мне,

Бо я адну з табою долю маю —

Зіяць ледзь бачна ў сіняй вышыне.

ГАЛО

Гало (Гала) — аптычная ілюзія, калі вакол Месяца або Сонца ўзнікае свячэнне, часцей у форме акружнасці.

Яно можа з’яўляцца ў любую пару года, але асабліва часта ўзнікае зімой. Гала з’яўляецца, калі святло пераламляецца, адлюстроўваецца і рассейваецца крышталямі лёду ў пёрыстых аблоках на вышыні ад 6 да 12 км. Каб убачыць гало вакол Месяца, неабходна, каб на небе прысутнічаў сам Месяц у досыць вялікай фазе. Гэта здараецца не так ужо і рэдка. Па падліках метэаролагаў, у кожным пункце сушы гала назіраецца прыкладна раз на тыдзень.

***

Вечар на захадзе ў попеле тушыць

Кучу чырвоных кавалкаў вугля;

Ціха ўсё; вецер лістка не зварушыць,

Не скалыхнуцца ні траўкай паля;

Цёмныя цені даўжэй у лагчыне,

Птушкі прыстаўшай марудней палёт;

Сумна плыве маладзік бледна-сіні

Ў небе вячэрнім, зялёным, як лёд;

Іскрацца зорак сьняжынкі маркотна,

Збожжа пакрылася шызай расой...

Кіньма жа думкі аб долі гаротнай,

Хоць бы на момант спачынем душой!

Чаму неба бывае зялёнага колеру?

Калі Сонца заходзіць за гарызонт, яго святло праходзіць праз больш шчыльныя пласты атмасферы. Атмасфера дзейнічае як прызма, пераламляючы і падзяляючы святло на розныя колеры. У гэты ж час сонечныя прамяні праходзяць найбольш доўгі шлях, і спектр сонечнага праменя паступова губляе ўсе колеры, пакідаючы толькі зялёны. Часам зялёнае святло можа ўтварыцца ад змешвання розных колераў сонечнага спектру.

Бонусам — узорнае паяднанне фізікі і лірыкі ад Аркадзя Куляшова:

Парушыўшы законы прыцягнення,

Планетамі сярод другіх планет

Існуем мы з табой як выключэнне,

Мая любоў, — як свет і антысвет.

 

Ніколі мы адной не ходзім сцежкай,

Не дзелім хлеб і дзелім толькі соль,

Ты сустракаеш смутак мой усмешкай

I смуцішся, калі міне мой боль.

 

Адказваеш на мой сардэчны захад

Нязгодай, самай крыўднаю з нязгод.

Здаецца, павярніся я на захад,

Як тут жа ты павернешся на ўсход.

 

Аднак зямля б мая асірацела

I ўвесь сусвет ахутала б імгла,

Каб, выбухнуўшы раптам, адляцела

Ты ў невядомасць з хуткасцю святла.

СВЕТ І АНТЫСВЕТ, АНТЫМАТЭРЫЯ

Свет і антысвет адносяцца да паняццяў матэрыі і антыматэрыі.

Матэрыя — гэта тое, з чаго складаецца ўсё, што вакол нас: атамы, якія ўключаюць у сябе пратоны, нейтроны і электроны.

Антыматэрыя — гэта адлюстраванне матэрыі, якое складаецца з антычасціц. Антычасціцы ўтвараюць атамы, якія зроблены з антыпратонаў, антынейтронаў і пазітронаў, якія калісьці былі электронамі. Адзінае адрозненне такіх часціц ад «нармальных» заключаецца ў процілеглым электрычным і каляровым зарадзе.

Літаратура
Паэзія
Рыгор Барадулін
Генадзь Бураўкін
Адам Міцкевіч
Максім Багдановіч
Максім Танк
Гісторыя Францыска Скарыны
Гісторыя Францыска Скарыны
Уявіце: Мікола Гусоўскі скончвае штодзённую працу над «Песняй пра зубра» і ідзе зірнуць на галоўную навінку ў свеце мастацтва — «Сіксцінскую Мадонну» Рафаэля, а Францыск Скарына перакладае «Псалтыр» пад гук малатка Марціна Лютэра і адпраўляецца праводзіць караблі Фернана Магелана. У адным з сусветаў усё гэта магло адбыцца, бо ўсе гэтыя людзі жылі ў адзін час! 6 жніўня 1517 года Францыск Скарына друкуе кнігу «Псалтыр» ва ўласным перакладзе. Гэта адначасова і бунт, і прарыў, і поўнае замацаванне Рэнесансу на Беларусі. Беларусы аднымі з першых у свеце маюць пераклад галоўнай еўрапейскай кнігі — Бібліі. У гэты ж час у Еўропе пачынаецца Рэфармацыя, канкістадоры высаджваюцца ў Мексіцы, маскоўскія войскі бяруць у аблогу Полацк, а Фернан Магелан распачынае кругасветнае падарожжа. У нашым новым матэрыяле — таймлайн жыцця Францыска Скарыны і найважнейшыя падзеі, якія адбываюцца ў сусветнай гісторыі ў той жа час.
Read the article
Быць шафёрам любата, яшчэ лепш – пілотам. А літаратарам?
Быць шафёрам любата, яшчэ лепш – пілотам. А літаратарам?
Як стаць пісьменніцай ці пісьменнікам? Нават калі атрымаецца адвучыцца ў літаратурным інстытуце або скончыць курс па creative writing, куды пасля  дасылаць сваё рэзюмэ? Дзе літаратарам узяць добры, стабільны прыбытак, соцпакет і пуцёўку ў санаторый? Розныя гістарычныя ўмовы давалі розныя адказы на гэтае пытанне, і літаратурнае рамяство то падпарадкоўвалася законам рынку, то цалкам трапляла пад кантроль дзяржавы, а то і спрабавала ўседзець на абодвух крэслах, ці, хутчэй, недзе ў загадкавай прасторы паміж імі. Класічныя «нармальныя» заняткі для пісьменніка, якія і ў працоўную кніжку запісаць не сорамна, – рэдактарская праца, пераклады, настаўніцтва. Але нярэдка здаралася (і ўсё яшчэ здараецца) так, што жыццё робіць нечаканы паварот і апроч пяра або клавіятуры пісьменніцкім рукам даводзіцца брацца за іншыя прылады працы. Мы сабралі для вас некалькі літаратурных біяграфій, якія паказваюць, што ў рэшце рэшт магчыма ўсё.
Лізавета Вундэрвальд
Read the article