Экспрэсіянізм як адзін з авангардысцкіх стыляў аформіўся спачатку ў жывапісе і графіцы. Своеасаблівым эталонам экспрэсіі ў мастацтве стала творчасць Эдварда Мунка. У карціне «Крык» маленькі чалавек крычыць, сціснуўшы галаву рукамі. Усё наваколле ўспрымаецца як крык і боль Сусвету. I тым не менш побач пануе атмасфера ледзяной абыякавасці.
Конан У. М. Экспрэсіянізм // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. Т. 5. — Мн., 1987. |
Некаторыя навукоўцы лічаць, што ў мастацкай культуры Беларусі выяўленчыя сродкі і стылістыка экспрэсіянізму выкарыстоўваліся толькі з 1920 — пач. 1930-х гадоў. Але з такой высновай наўрад ці можна пагадзіцца, бо ў беларускім мастацтве ўжо ў сярэдзіне XIX стагоддзя экспрэсія стала адметнай рысай адраджэнцкага стылю. Узгадаем творы Паўлюка Багрыма, Кастуся Каліноўскага, каб пераканацца ў тым, што ў літаратуры і публіцыстыцы акцэнт рабіўся на эмацыянальным сцверджанні думкі.
Францішак Багушэвіч у вершы «Мая дудка» хоча зайграць так, каб «аж вушы драла, каб зямля скакала». Для яго экспрэсіі характэрны трагедыйны канон.
У творчасці Артура Бартэльса, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, парадыйных тэкстах пераважае смехавы канон, што з’яўляецца прыкладам духоўнага разняволення асобы.
Імя мастака Артура Бартэльса не асабліва вядома шырокаму колу беларусаў, таму хацелася б крыху распавесці пра яго асобу і талент.
Лагун Г., Артур Бартэльс і яго «Дзяніскавічы» [Тэкст] / Г. Лагун // Звязда. — 2018. — 29 снежня. |
Артур Бартэльс (1818–1885) — паэт, драматург, мастак, кампазітар, артыст. Нарадзіўся, хутчэй за ўсё, у вёсцы Дзяніскавічы (цяпер Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці) цi ў Вiльні. Яго жонкай стала шляхцянка з роду Ваньковічаў. Атрымаў адукацыю ў Пецярбургу і Парыжы. Пасля ўдзелу ў паўстанні 1863–1864 гадоў мусіў з’ехаць у эміграцыю, але потым змог вярнуцца на радзіму. Жыў у Лагойску і Вільні. Канец жыцця правёў у Кракаве.
У 2018 годзе пісьменнік Віктар Гардзей, зямляк мастака, пераклаў з польскай мовы на беларускую паэму «Дзяніскавічы» аб успамінах і перажываннях маленства. У творы сустракаецца шмат беларускіх і характэрных менавіта для дадзенага рэгіёну словаў. Захаваліся і ноты сатырычных песень Бартэльса.
Мастак стварыў тры графічныя раманы, на стагоддзе апярэдзіўшы гэты трэнд у еўрапейскай літаратуры. Аснова — малюнак, выкананы ў карыкатурнай іранічнай манеры, а тэкст іграе толькі дапаможную ролю. І тут мы зноўку вятаемся да экспрэсіянізму.
Яму добра ўдавалася прыкмячаць жанравыя сцэны. Асаблівай эмацыйнайсцю вылучаюцца серыі малюнкаў «Пан Апанас Скрупка — чалавек прагрэсiўны», «Пан Яўгеніюш», альбом «Літоўскія тыпы» (перадрукаваны ў колеры ў 2018 годзе).
Пільнасць Бартэльса не абмінае ні чыноўнікаў у карчме, ні нізкапаклонства местачковай шляхты, да якой ён сам і належаў.
Вастрыня моманту моцна адчуваецца ў малюнках Станіслава Богуша-Сестранцэвіча (1869–1927). Адновім у памяці некаторыя моманты яго лёсу і творчасці.
Нарадзіўся мастак у Вільні, у месцы, якое мы сёння ведаем як «Незалежную Рэспубліку Ужупіс», у атачэнні заезных двароў, корчмаў, лавак рамеснікаў.
Вучыцца мастацтву Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч паехаў у Пецярбург, Парыж, Мюнхен, пасля чаго вярнуўся ў родны горад.
Гваздзёў С., «Малады ліцвін з тэмпераментам вясковага грамадзяніна...» [Тэкст] / С. Гваздзёў // Новы час. — 2014. — 11 лістапада. |
Вядома, што пасля 1906 года ён супрацоўнічаў з першай беларускай легальнай перыядычнай газетай «Наша ніва». Таксама мастак быў сузаснавальнікам і рэжысёрам тэатра-кабарэ «Ach», дзеі якога трапна перадавалі нацыянальныя і асабістыя рысы віленчукоў. Цікававасць сацыяльнымі характарыстыкамі вобразаў выклікаюць яго акварэльныя працы «Віленскае грамадства», «Менскае грамадства», «Кветкі вялікага горада». Займаўся і фатаграфіяй.
Сябраваў з Фердынандам Рушчыцам. Калі той узначаліў мастацкі факультэт зноў адчынененага ў 1919 годзе Віленскага універсітэта, то запрасіў да кіравання майстэрняй натуры Богуша-Сестранцэвіча.
Творы мастака захоўваюцца ў зборах Вільні, Варшавы, Кракава, Мюнхена, Лодзі, ў Мазавецкім музеі ў Плоцку. На тэрыторыі сучаснай Беларусі яго выстаў пакуль не адбывалася.
Звернемся да праяў экспрэсіянізму ў творчасці Богуша-Сестранцэвіча. Частымі сюжэтамі яго карцін сталі захаваныя ў памяці з дзяцінства кірмашы з цыганамі — гандлярамі коньмі, якія імчацца па дарозе ў запрэжанай парай вараных пралётцы. Мастак праз складаныя ракурсы паказвае людзей і коней у імклівым руху, звяртае ўвагу на псіхалагічны стан персанажаў, кульмінацыю моманту, адчуванне першага ўражання.
Такім чынам, ёсць падставы меркаваць, што праявы экспрэсіянісцкага стылю ў беларускай культуры склаліся яшчэ ў ХIХ стагоддзі. Вяртанне паўзабытых імён таленавітых асоб неўзабаве мусіць прывесці да пераасэнсавання іх творчасці і адпаведных руплівых дзеянняў для захавання нашай творчай спадчыны.