Гэты артыкул зроблены разам з падкастам «Праз космас».
«Падымі ўгару сваё вока, і ты будзеш ізноў, як дзіця, і адыдуць-адлынуць далёка ўсе трывогі зямнога жыцця…» Прыслухоўваемся да Максіма Багдановіча і пачынаем з астранамічных аб'ектаў, якія бачныя няўзброеным вокам.
Сонца доўга ў калоссі згарэць не магло. Прыйдзе ноч — і на бярозы павесіццца. Месяц прыйдзе, скамарох, у сяло з чорнай, кудлатай мядзведзіцай.
Выплылі хмары — авечак табун выгнаў на поле шырокае вецер і заіграў шумам збуджаных струн на зачараванай жалейцы.
Максім Танк
На ім Люцыпар, калі Бога не паслухаў, Дык млечным шляхам рваўся ўжо ў нябёс парогі, Ды Міхаіл спыніў яго і збіў з дарогі, І воз той паміж зор зламаны кавыляе — Міхал-Архангел напраўляць не дазваляе.
Адам Міцкевіч З паэмы «Пан Тадэвуш» | ВЯЛІКАЯ МЯДЗВЕДЗІЦА, КОЎШ, ВЯЛІКІ ВОЗ Вялікая Мядзведзіца (у народзе — Вялікі Воз) —сузор’е ў паўночнай частцы зорнага неба, якое ведае кожны. Сем яркіх зорак з гэтага сузор’я, якія нагадваюць коўш з ручкай, можна ўбачыць адразу, без усялякіх падказак. У Паўночным паўшар’і Вялікую Мядзведзіцу можна назіраць круглы год. Гэта адно з самых буйных сузор’яў, якое займае трэцяе месца на зорным небе. Вялікі Коўш, або Коўш — астэрызм у сузор’і Вялікая Мядзведзіца. Астэрызм — гэта група зорак, якую лёгка можна пазнаць і якая з’яўляецца часткай якога-небудзь сузор’я. Коўш — гэта толькі асноўная частка сузор’я Вялікая Мядзведзіца і яе хвост. А яшчэ ёсць лапы і галава. Цалкам жа Вялікую Мядзведзіцу складана ўбачыць простым вокам, асабліва ва ўмовах гарадскіх агнёў. |
Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкі з сабой прывяла... Помніш, калі я спаткаўся з табою, Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца Ў неба начное і зорку шукаў. Ціхім каханнем к табе разгарацца З гэтай пары я пачаў.
Максім Багдановіч
Водар закiнутага саду, Ў небе зорка Мiлавiца, Таямнiцы паркавых прысадаў, Пэўна, неаднойчы на чужыне Будуць мроiцца i снiцца.
Сяржук Сокалаў-Воюш | ВЕНЕРА, ЗАРАНКА, МІЛАВІЦА, ВЕЧАРНІЦА Ці слушна называць Венеру зоркай? Не, Венера — самая блізкая да нас планета, а яе паверхня вельмі добра адлюстроўвае сонечныя прамяні, таму яна выглядае белай ці жоўта-белай, праз што яе часта блытаюць з зоркай. Венера, апроч Сонца і Месяца, з’яўляецца самым яркім аб’ектам на небе. Яна крыху меншая за Зямлю — дыяметр Венеры складае каля 95% дыяметра нашай планеты. Што цікава, Венера — самая гарачая планета ва ўсёй Сонечнай сістэме. Звычайна Венера бачная незадоўга да ўзыходу або праз некаторы час пасля заходу Сонца, таму за ёй традыцыйна захаваліся адпаведныя назвы «ранішняя зорка» (Заранка) і «вячэрняя зорка» (Вечарніца). |
А хто не верыць, ведайце: Багрым пачаў з кажана, скончыў жаўрукамі. Мы нават і ў нябёсах не згарым, Птушыны Шлях намацаем нагамі!
Анатоль Сыс
У верасьня — свой, асаблівы пах: Курыць сівец — плыве дымок гаркавы. Зямлёю пахне бульба у капцах, Антонаўкамі — зоры па начах I туманы — ляжалаю атавай.
А гарбузы пралежалі бакі I абвіліся павучынай пражай. Здавалася — за хмарай хлапчукі Разрэзалі гарбуз на два кускі I ўночы Млечны Шлях на семкі пражаць.
Рыгор Барадулін | МЛЕЧНЫ ШЛЯХ, ПТУШЫНЫ ШЛЯХ, ПТУШЫНАЯ ДАРОГА Галактыка Млечны Шлях — гіганцкая зорная сістэма з вялікай колькасці пылу, газу і зорак, уключаючы наша Сонца. Галактыка ўключае ад 100 да 400 мільярдаў зорак. У ёй ёсць пяць спіральных рукавоў: Лебедзя, Арыёна, Персея, Стральца і Цэнтаўра. Наша Сонечная сістэма размешчана ў рукаве Арыёна, паміж рукавамі Персея і Стральца. Цэнтральны рэгіён Млечнага Шляху называецца Галактычным цэнтрам. У ім знаходзіцца звышмасіўная чорная дзірка з масай больш за 4 мільёны сонечных мас. |
Праз светлавое забруджванне сучасныя гарадскім жыхарам нячаста шанцуе на зоркі, затое Месяц можа назіраць кожная і кожны. А ці ведаеце вы назвы ўсіх фаз па-беларуску?
Сягоння ноччу я ў царстве казкі: Звычайны свет растануў і знік, У сінім небе з-пад палумаскі Глядзіць прыгожа маладзік.
Максім Багдановіч
І ад рук няўмелых, нясмелых Не схаваешся ты нідзе, Поўня белая яблыкам спелым На далоні твае ўпадзе.
Генадзь Бураўкін
Паміж дажджоў, снягоў, за белым светам, у самай гушчы зорак маладых, век дажываў забыты ўсімі ветах і для спачыну выбіраў клады.
Анатоль Сыс | МАЛАДЗІК, ВЕТАХ, ПОЎНЯ Фазы Месяца — гэта розныя ступені асвятлення Месяца Сонцам, якія рэгулярна змяняюцца. Паколькі Месяц круціцца вакол нашай планеты, Сонца асвятляе то адзін, то іншы бок спадарожніка, і яго аблічча ўвесь час мяняецца. Ёсць чатыры асноўныя фазы асвятлення Месяца: 1. Ветах — фаза, калі Месяц ня бачны; 2. Маладзік — фаза, калі асветлена «правая» палова Месяца; 3. Поўня — фаза, калі асветлены ўвесь Месяц; 4. Сход — фаза калі асветлена «левая» палова Месяца. Працягласць поўнай змены фаз Месяца складае каля 29,5 зямных сутак. |
Для сур'ёзных аматараў астраноміі знойдуцца радкі і пра аб'екты, менш вядомыя шырокай публіцы:
Тыя ж зорныя над галавой Пяць Касцоў — Касіяпея… Толькі што ж яны – і зімой Дакасіць сенажаць не паспеюць?.. Тая ж рэчка і ў тых берагах, Тыя ж пояць яе крыніцы,– Толькі ў жаб зябкі жах у вачах, І не ходзіць шчупак бліскавіцай…
Васіль Зуёнак | КАСЦЫ, КАСІЯПЕЯ Касіяпея (у народзе — Касцы) — сузор’е ў паўночнай частцы зорнага неба. Самыя яркія зоркі сузор'я ўтвараюць фігуру, падобную на літару М або W. Касіяпея адносіцца да ліку тых сузор’яў, якія знаходзяцца паблізу паўночнага полюса свету, і ў нашых шыротах не апускаецца за гарызонт. Найлепшы час для назірання Касіяпеі — верасень-лістапад. |
Яно нада мной Узышло ў лістападзе, Сузор'е трывогі, Сузор'е Рысі. Прыхмарана днела У насмешным паглядзе І ў кожнай тваёй Прытаілася рысе.
Рыгор Барадулін | СУЗОР'Е РЫСІ Сузор’е Рысі — сузор’е паўночнага паўшар’я неба, складаецца з 92 слабых зорак. Адносіцца да адных з найбольш буйных, яго плошча складае 545 квадратных градусаў. Сузор’е можна назіраць амаль круглы год. |
Паэтава вока часта прыкмячае штосьці, незаўважнае іншым. Паглядзім, якія незвычайныя астранамічныя з'явы прыцягнулі ўвагу Максіма Багдановіча:
Просценькі вершык
Няяркая, маленькая вясёлка Ўкруг месяца ледзь бачна зіхаціць; Яе не кожны нават i прыкмеціць, Хто ў гэты час на неба паглядзіць. Няяркая, маленькая вясёлка! — Праз гэта ты i даспадобы мне, Бо я адну з табою долю маю — Зіяць ледзь бачна ў сіняй вышыне. | ГАЛО Гало (Гала) — аптычная ілюзія, калі вакол Месяца або Сонца ўзнікае свячэнне, часцей у форме акружнасці. Яно можа з’яўляцца ў любую пару года, але асабліва часта ўзнікае зімой. Гала з’яўляецца, калі святло пераламляецца, адлюстроўваецца і рассейваецца крышталямі лёду ў пёрыстых аблоках на вышыні ад 6 да 12 км. Каб убачыць гало вакол Месяца, неабходна, каб на небе прысутнічаў сам Месяц у досыць вялікай фазе. Гэта здараецца не так ужо і рэдка. Па падліках метэаролагаў, у кожным пункце сушы гала назіраецца прыкладна раз на тыдзень. |
*** Вечар на захадзе ў попеле тушыць Кучу чырвоных кавалкаў вугля; Ціха ўсё; вецер лістка не зварушыць, Не скалыхнуцца ні траўкай паля; Цёмныя цені даўжэй у лагчыне, Птушкі прыстаўшай марудней палёт; Сумна плыве маладзік бледна-сіні Ў небе вячэрнім, зялёным, як лёд; Іскрацца зорак сьняжынкі маркотна, Збожжа пакрылася шызай расой... Кіньма жа думкі аб долі гаротнай, Хоць бы на момант спачынем душой! | Чаму неба бывае зялёнага колеру? Калі Сонца заходзіць за гарызонт, яго святло праходзіць праз больш шчыльныя пласты атмасферы. Атмасфера дзейнічае як прызма, пераламляючы і падзяляючы святло на розныя колеры. У гэты ж час сонечныя прамяні праходзяць найбольш доўгі шлях, і спектр сонечнага праменя паступова губляе ўсе колеры, пакідаючы толькі зялёны. Часам зялёнае святло можа ўтварыцца ад змешвання розных колераў сонечнага спектру. |
Бонусам — узорнае паяднанне фізікі і лірыкі ад Аркадзя Куляшова:
Парушыўшы законы прыцягнення, Планетамі сярод другіх планет Існуем мы з табой як выключэнне, Мая любоў, — як свет і антысвет.
Ніколі мы адной не ходзім сцежкай, Не дзелім хлеб і дзелім толькі соль, Ты сустракаеш смутак мой усмешкай I смуцішся, калі міне мой боль.
Адказваеш на мой сардэчны захад Нязгодай, самай крыўднаю з нязгод. Здаецца, павярніся я на захад, Як тут жа ты павернешся на ўсход.
Аднак зямля б мая асірацела I ўвесь сусвет ахутала б імгла, Каб, выбухнуўшы раптам, адляцела Ты ў невядомасць з хуткасцю святла. | СВЕТ І АНТЫСВЕТ, АНТЫМАТЭРЫЯ Свет і антысвет адносяцца да паняццяў матэрыі і антыматэрыі. Матэрыя — гэта тое, з чаго складаецца ўсё, што вакол нас: атамы, якія ўключаюць у сябе пратоны, нейтроны і электроны. Антыматэрыя — гэта адлюстраванне матэрыі, якое складаецца з антычасціц. Антычасціцы ўтвараюць атамы, якія зроблены з антыпратонаў, антынейтронаў і пазітронаў, якія калісьці былі электронамі. Адзінае адрозненне такіх часціц ад «нармальных» заключаецца ў процілеглым электрычным і каляровым зарадзе. |