Сусветы Язэпа Драздовіча | Wir.by
Язэп Драздовіч – мастак, якога немагчыма пераблытаць ні з кім іншым. Аб тым, якія сэнсы можна разгледзець у дзівосных сусветах беларускага творцы, распавядае вядучая навуковая супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музея Вольга Архіпава.
art-museumarchipawa
Нацыянальны мастацкі музей,Вольга Архіпава

Сусветы Язэпа Драздовіча

ethnoby-logo-big-c.pngЗнята пры тэхнічнай падтрымцы партала Ethno.by Язэп Драздовіч, безумоўна, унікальная фігура для беларускага мастацтва, якая апярэдзіла свой час. Здзіўляе ўжо сама разнастайнасць тэм яго жывапісу: тут і незвычайнае бачанне гісторыі Беларусі, і архітэктурныя замалёўкі, і казачныя краявіды на дыванах-маляванках, і, канечне, яго знакамітыя відзяжы касмічнага жыцця. Апроч таго, Драздовіч самастойна займаўся даследаваннямі космасу, выдаўшы кнігу «Нябесныя бегі»; збіраў этнаграфічны матэрыял, схадзіўшы Беларусь уздоўж і ўпоперак; ствараў літаратурныя творы, – і шмат чаго яшчэ.

Аднак галоўным захапленнем Драздовіча стаў космас. Мастак не толькі маляваў тое, што было вядома тагачаснай навуцы, але і сам ствараў сусветы, якія апісваў у найдрабнейшых дэталях. Прычым Драздовіч сцвярджаў, што бачыў жыццё на Марсе, Сатурне і Месяцы, падарожнічаючы па іх... у сваіх снах. Затым ён замалёўваў убачанае і спрабаваў разгадаць, як уладкавана жыццё тамтэйшых людзей, якія ў іх звычаі, апісваў іншапланетныя гарады і прыроду, – і ў гэтых яго апісаннях абсалютна дзівосна спалучаліся навука і фантазія.

Мастак, які на сваім вяку перажыў адразу некалькі эпахальных зломаў, стаў сведкам абедзвюх сусветных войнаў і жыў у асяроддзі ўсеагульнай непісьменнасці, усё ж верыў у магчымасць новага, лепшага свету, дзе ў аснову ўсяго ляжа гуманізм. Адной з галоўных ідэй сусветаў Драздовіча стала ідэя пра мір і гармонію. Якраз адсюль выходзяць усе яго аповеды пра іншае жыццё, да якога трэба ставіцца талерантна, паважаць усе яго праявы і формы, якімі б яны ні былі, – на нашей планеце альбо на іншых.

Жывапіс
Беларусь
Наша Ніва
1920-я
XX стагоддзе
Язэп Драздовіч