Рэнесанс | Wir.by
У другой частцы цыкла пра старажытнабеларускую літаратуру даведаемся пра камерцыйную жылку Францыска Скарыны і пра пагрозу ісламізацыі як сапраўдны сэнс «Песні пра зубра»
niekraszevicz-karotkaja
Жанна Некрашэвіч-Кароткая

Рэнесанс

Гэта 2 частка цыкла
Старажытнабеларуская літаратура
1. Сярэднявечча
2. Рэнесанс
3. Барока
4. Асветніцтва

Хачу засцерагчы ад значнай памылкі: калі Рэнесанс — гэта Адраджэнне, значыць, перад гэтым была нейкая стагнацыя, цьмянае адсталае Сярэднявечча, а Рэнесанс — гэта рух наперад. Прывяду толькі адзін факт: усе мы ведаем імя Джардана Бруна, і большасць з вас ведае, як скончылася яго жыццё. Гэта адбылося ў 1600 годзе, калі Рэнесанс фактычна ўжо прамінуў. Праўда ў тым, што ў эпосе Сярэднявечча было шмат пазітыўнага, аптымістычнага, зусім не звязанага са страшнымі ўяўленнямі пра царкоўныя пераследы, а ўсё гэта насамрэч было ў часы Рэнесансу, у XV–XVI стагоддзях.

Пачынаецца ўсё ў Італіі, таму этапы Рэнесансу называюцца менавіта італьянскімі словамі: трэчэнта — XIV стагоддзе, кватрачэнта — XV, чынквечэнта — XVI. У нас Рэнесанс звязваецца з XVI стагоддзем.

На маю думку, нельга гаварыць пра ўсё XVI стагоддзе як чысты Рэнесанс, бо ў другой палове XVI стагоддзя ўжо назіраюцца барочныя тэндэнцыі. Менавіта ў Італіі ўзнікаюць пэўныя ўмовы, якія дазволілі сфарміравацца той праслойцы, якую мы называем «гуманісты». Грамадства на пэўным этапе зразумела, што трэба мець людзей, якія будуць атрымліваць грошы не за тое, што яны ўзворваюць зямлю, не за тое, што яны нешта будуюць з камянёў, а за тое, што яны разумныя. Канешне, уяўленне пра Рэнесанс найперш звязана з уяўленнем пра мецэнацтва. Калі ў Італіі набылі вядомасць і сілу такія арыстакратычныя фаміліі, як Сфорца і Медычы, тады з’явіўся і грунт для таго, каб у літаратуру прыйшлі гуманісты.

Сфорца – кіруючая дынастыя ў Італіі перыяду Рэнесансу, герцагі Міланскія. З гэтага роду паходзіць Бона Сфорца, каралева польская і вялікая княгіня літоўская.

Медычы – найбольш вядомая італьянская дынастыя, кіравала ў Фларэнцыі. Медычы запомніліся як першыя банкіры і вялікія патроны італьянскага Адраджэння.

Рэнесанс — гэта адраджэнне антычнасці, усе мы гэта ведаем. Палічым, колькі часу нават паміж трэчэнта — XIV стагоддзем — і антычнасцю. Заняпад Заходняй Рымскай імперыі — сярэдзіна V стагоддзя. У Італіі — XIV стагоддзе. Як можна было адрадзіць тое, чаму тысяча гадоў? Зноў узнікае пытанне пра фізічны стан гэтых рукапісаў Эсхіла, Сафокла, Арыстафана. Калі б пра гэтыя рукапісы ўспомнілі толькі ў XIV стагоддзі, яны б ўсе спарахнелі ў бібліятэках. Быў вельмі важны прамежкавы этап. Нельга забываць пра вельмі важную эпоху, звязаную з часамі панавання імператара Карла Вялікага ў IX стагоддзі. Калі б не было манахаў, якія, седзячы ў сваіх скрыпторыях, паперапісвалі рукапісы антычных часоў, яны б не дайшлі да XIV стагоддзя.

На нашых землях, у Вялікім Княстве Літоўскім, Рэнесанс адзначаецца найперш росквітам лацінамоўнага пісьменства. Нашыя два буйнейшыя паэты-лаціністы — гэта Ян Вісліцкі, які напісаў гераічную паэму «Пруская вайна», і Мікола Гусоўскі з «Песняй пра зубра».

У цэнтры паэмы «Пруская вайна» — Грунвальдская бітва, але няправільна будзе сказаць, што гэта паэма пра Грунвальдскую бітву. І «Песня пра зубра» — гэта паэма не пра зубра, таму што зубр у паэме з’яўляецца алегорыяй. Насамрэч гэта антытурэцкая паэма. З аднаго боку, Мікола Гусоўскі перасцерагае ўсю Еўропу ад такога сур’ёзнага ворага, як султан Сулейман Вялікі. З другога боку, ён хоча паказаць Еўропе, хто можа абараніць яе ў такой небяспечнай сітуацыі. На думку Гусоўскага гэта могуць зрабіць рыцары з ВКЛ, на чале якіх стаіць такі правадыр, як вялікі князь Вітаўт.

Мікола Гусоўскі, як і Ян Вісліцкі, пісаў выключна на лацінскай мове. Але ў часы Рэнесансу працягвалася і тая традыцыйная для ўсходнеславянскага свету парадыгма, якая зарадзілася яшчэ ў часы Сярэднявечча: царкоўнаславянскае пісьменства, пісьменства ў шырокім сэнсе на славянскіх мовах, таму што ў XVI стагоддзі была ўжо старабеларуская мова. Менавіта ў гэтым кантэксце мы ўспамінаем славутую Біблію Францыска Скарыны.

Пытанне пра мову Бібліі — абсалютна неадназначнае. Я б сказала, што мова Бібліі Скарыны — гэта царкоўнаславянская мова беларускай рэдакцыі. Разглядаючы гэтае выданне, важно памятаць, што Францыск Скарына хацеў быць абсалютна арыгінальным. Важна і тое, што ягоны бацька быў купцом, і камерцыйная жылка, канешне, была і ў Скарыны. Ён хацеў стварыць такі мастацкі артэфакт, які б добра прадаваўся. Адсюль усе гэтыя гравюры, віньеткі, устаўкі, ініцыялы. Гэтая Біблія прыгожая — гэтым яна адрозніваецца ад таго, што рабілася, напрыклад, у Маскоўскай Русі. І ўсё ж такі гэтая традыцыя таксама адбываецца ў рэчышчы Рэнесансу. У прадмове да ўсёй Бібліі Францыск Скарына згадвае славутыя artes liberales, сем свабодных мастацтваў, якія мы часта атаясамліваем з часамі Рэнесансу, што таксама няправільна. Уяўленне пра сем свабодных мастацтваў узнікла яшчэ ў V стагоддзі, але Рэнесанс гэтае ўяўленне актуалізуе.

«Сем вольных мастацтваў» – навучальныя прадметы ў сярэднявечнай школе і на падрыхтоўчых факультэтах універсітэтаў; у іх лік уваходзілі: граматыка, рыторыка, дыялектыка («трывіум») і арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка («квадрывіум»).

XVI стагоддзе няправільна было б звязваць выключна з Адраджэннем, таму што ёсць адна вельмі важная дата: 1517, год выхаду Псалтыра Францыска Скарыны. Але гэтая дата мае яшчэ адно значэнне — гэта год, калі нямецкі святар Марцін Лютэр выступіў са сваім славутым творам «95 тэзісаў супраць папскіх індульгенцый». Гэтая падзея не магла быць не заўважанай ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Можна меркаваць, што, зважаючы на гэтыя рэфармацыйныя працэсы, Скарына зрабіў сваю Біблію такой, якая яна ёсць. Рэфармацыя — яшчэ адна вельмі важная плынь у XVI стагоддзі. І менавіта ў рэчышчы дзвюх гэтых найважнейшых плыняў, Рэнесанса і Рэфармацыі, развівалася нашае прыгожае пісьменства.

Літаратура
Еўропа
ВКЛ
Рэнесанс
Мікола Гусоўскі
Францыск Скарына
Гісторыя Францыска Скарыны
Гісторыя Францыска Скарыны
Уявіце: Мікола Гусоўскі скончвае штодзённую працу над «Песняй пра зубра» і ідзе зірнуць на галоўную навінку ў свеце мастацтва — «Сіксцінскую Мадонну» Рафаэля, а Францыск Скарына перакладае «Псалтыр» пад гук малатка Марціна Лютэра і адпраўляецца праводзіць караблі Фернана Магелана. У адным з сусветаў усё гэта магло адбыцца, бо ўсе гэтыя людзі жылі ў адзін час! 6 жніўня 1517 года Францыск Скарына друкуе кнігу «Псалтыр» ва ўласным перакладзе. Гэта адначасова і бунт, і прарыў, і поўнае замацаванне Рэнесансу на Беларусі. Беларусы аднымі з першых у свеце маюць пераклад галоўнай еўрапейскай кнігі — Бібліі. У гэты ж час у Еўропе пачынаецца Рэфармацыя, канкістадоры высаджваюцца ў Мексіцы, маскоўскія войскі бяруць у аблогу Полацк, а Фернан Магелан распачынае кругасветнае падарожжа. У нашым новым матэрыяле — таймлайн жыцця Францыска Скарыны і найважнейшыя падзеі, якія адбываюцца ў сусветнай гісторыі ў той жа час.
Read the article