Эратычныя вершы беларускіх класікаў | Wir.by
Наша «цнатлівая» літаратура насамрэч ніколі не цуралася цялеснасці. Сабралі для вас вершы беларускіх класікаў з эратычнымі матывамі. Гарэзлівыя, шчырыя і ўтрапёныя — як сны ў купальскую ноч.
Эратычныя вершы беларускіх класікаў

Эратычныя вершы беларускіх класікаў

Максім Багдановіч

З цыкла «Эрас»

І

 

У космас схаваліся кветы

чырвоныя,

Кветы чырвоныя,

Неапылёныя.

 

Хцівасць жадання іх томіць

таёмная,

Томіць таёмная,

Сіла няскромная.

 

Але дарэмна ў іх сокі б'юць

шпаркія,

Сокі б'юць шпаркія,

Свежыя, яркія.

 

Звянуць яны, тыя кветы

чырвоныя,

Кветы чырвоныя

Неапылёнымі.

 

ІІ

 

Зірнуў, як між валос, між хмар калматых, цёмных

Чырвоны маладзік

І ўраз згадаў мне рад уздыхаў прыглушоных,

І мук любоўных крык,

І цела гібкага шалёнасць, ізвіванне,

І п'яны, душны пах...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Ў грудзях сціскаецца гарачае дыханне,

Кроў хваляй б'е ў нагах.

Генадзь Бураўкін

Я за тваім плячом не разглядзеў

У доўгую хвіліну развітання,

Што за акном —

змярканне ці світанне,

Ці поўневая ноч, ці хмарны дзень.

 

Было адно імгненне на дваіх.

Было адно спякотнае дыханне

I вусны —

як кругі выратавання,

Калі ў бяссіллі мы шукалі іх.

 

Быў шэпт твой непрытомны:

«Дарагі...»

I неслухмяных рук перапляценне —

Як крылы птушак,

што не даляцелі

Да выраю

і ўпалі на лугі.

 

I захлынуўся і спыніўся час,

I ты прынікла да мяне адчайна...

 

Я добра помню ўсё, што нас злучае.

I ўсё забыў, што разлучыла нас.

Рыгор Барадулін

Ад

«не трэба, не трэба»

Да

«святло патушы»,

Як да сёмага неба,

Як да шчырай душы,

Як ад бліску маланкі

Да абложных грымот...

З вераснёвай палянкі

Хмеліць вераснем мёд.

Ліўнем стомленым стыну

На захмарнай градзе...

Прага смаглай пустыні,

Спёка спелых грудзей.

Толькі змроку густога

Захмялелы мурог,

Толькі светлая стома,

Толькі месячка рог...

Ціха досвітак глянуў —

Стой, імгненне, замры!

Не спяшайся, бяглянка,

Мы адны на зямлі.

Можа, дзень пачакае,

Маладзік, пасвяці...

Ноч бывае такая

Толькі раз у жыцці...

Знелюбелы, нямілы

Дзень з-за мора ўстае.

Мне б вякоў не хапіла

Слухаць вочы твае...

Уладзімір Дубоўка

Узвіліся страі высока.

Ну, а далі? — Вохкія сцежкі.

Напілася каліна сокам.

Ну, а далі? — Сэрца цешыць.

 

Прыплюснула вейкі млосна.

Ну, а далі? — Жывём аднойчы.

Прастор у тумане росным.

Ну, а далі? — Купіны змочыць.

 

Пашчапаліся вусны ад смагі.

Ну, а далі? — Крыніца плюскочыць.

Паспляталіся пахі пад пахі.

Ну, а далі? — І вочы на вочы.

 

Разлілася знямога і слодыч.

Ну, а далі? — Жыццё маладое!

Пад нагамі багна і слота,

дык вясна у істоце затое.

 

Узвіліся страі высока.

Ну, а далі? — Вохкія сцежкі.

Налілася каліна сокам.

Ну, а далі? — Сэрца цешыць.

Аркадзь Моркаўка

Расчыняліся, рыпалі дзверы,

Сівы дзень косы рэдкія плёў.

Развітацца… далёкая Мэры,

Ці зазвонім зноў чаркамі слоў?

 

Дагарала, мігалася свечка,

Ткаў апошнюю казку раяль.

Не казала: маім будзеш вечна.

Не казаў: будзеш вечна мая.

 

Каб валос тваіх светлую пражу

Развязаць — увесь свет замяло б.

Можа, музыка й песня раскажа,

Што аднойчы гарэла, цвіло.

 

За вакном — скамянелыя дрэвы,

А на шкле зацвіталі сады.

І, здавалася, белая Ева

Серабром вышывала сляды.

 

А на шкле — недатканы матылік

І крыштальны уток павука…

Каб такія вялізныя крыллі,

І не грубая ў хлопца рука!

Максім Танк

«Ай!» — Люблю

Пры сустрэчы з сябрамі,

Вывучаю іх мову.

Пачынаю са слоў

Неабходных, жыццёвых.

Але ты дзе ўзяла

«Ай!» — кітайскае слова,

Не знаеш?

А заўсёды ў абдымках маіх

Паўтараеш.

Уладзімір Караткевіч

I сніў Адам...

                                                     Н.Н.

Ў той дзень зямля святло і празарэнне

Дала яму. Ён спаў між райскіх дрэў,

Не зведаўшы яшчэ грэхападзення, —

Як кветка, як алень, як зоркі спеў.

Травою пахнулі яго далоні,

Бег цень ад Дрэва Дабрыні і Зла.

А побач верылі дрымотна коні

У вечны свет без бойняў і сядла.

I сніў Адам:

Камета ўстала ў небе

Барвяным страшным зракам — і тады

Крывёю пачала сачыцца глеба

I згінулі эдэмскія сады.

I пакаціўся ён, бяздольны, голы,

Як пералёт, адсохлы на карню,

Насустрач болю і насустрач волі,

Насустрач злу і сернаму агню.

I сніў Адам:

Зямля ў глыбінным лоне

Няволю нараджае для жывых.

Дрымотныя, даверлівыя коні

Ў бяздоннай захлынаюцца крыві.

I сніў Адам:

Да светлых зор сусвету

Імчыць, як лямант, шматвяковы жах —

Кроў Іліяды, попел Плошчы кветак,

Рагнеды плач і Хірасімы прах,

I дыбіцца шалёны свет гарою

Над цалаванай брызам і вадой,

Карункавай ад сонца і прыбою,

Блакітнаю каралавай градой.

...Туды... сюды...

...Туды... сюды...

Над прыскам,

Над цішынёй, дрыжачай, бы струна,

Бязгучная гайдаецца калыска,

Як паміж небам і зямлёй труна.

...I плакаў ён,

Хаця ў праменнях сініх

Эдэмская купалася зямля,

Бо лепш у самым чэраве загінуць,

Чым падарыць нашчадкам гэткі шлях.

Нашто жыве і ў дыме гіне вулей?!

Нашто стагоддзі беспрасветных мук?!

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

I Ева падышла і працягнула

Далоні сонных і пяшчотных рук.

I ён з трывогай, з радасцю няпэўнай

I з мужнасцю суровай, як праклён,

Прынік да іх у страсці горкай, гнеўнай,

Бо ён любіў...

Бо добра помніў сон.

Янка Купала

Раздзел «На сенажаці» паэмы «Яна і я»

Выйшлі з ёй, дзе сенажатная краса

Зіхцела, як вясёлкі мнагацветны ўзор,

Вострая яшчэ дзе не забразгала каса,

Дзе ў кветках луг ірдзеў, як неба ўноч ад зор.

 

Выйшлі, як душы дзве злучаны навек

Выходзяць, кінуўшы магільную жарству,

Светы аглядаць, якія ўзводзіць чалавек...

Прыйшлі мы й дзівімся такому хараству!

 

Краскамі ўсміхаецца ўся сенажаць,

Гараць урочнікі, румянкі і званкі,

Жоўтыя званцы зялёны луг жаўцяць,

На кветку з кветкі шыбка скачуць матылькі.

 

Рэчка бурбаліць па каменнях між вольх,

Вадзіца бліскатна лялее ў бегацьбе,

Сціха штосьці шэпча, шалясціць трыснёг,

А сонца сочыць у вадзе само сябе.

 

Кветкі з ёю рвём, вянок сабе пляце —

Карону ясна-цвет з нявысненай красы;

Хораша, да твару йдзе ён сіраце,

А з-пад вянка плывуць па плечах валасы.

 

Шчасна так, абняўшыся, ў траве плывём,

Купаюцца у кветках ногі да калень,

Шчокі, грудзі нам гараць, гараць агнём,

Іскрацца вочы, цела просіцца пад цень.

 

Сонца штораз больш у жылах кроў агніць,

Калені штораз больш ласкоча нам трава,

Блогасна аб сэрцы сэрца ў жары сніць,

Жаданнем забыцця п’янее галава.

 

Ногі падкасіліся і мне, і ей,

Зліліся вусны з вуснамі самі сабой,

Полымем прыпалі грудзі да грудзей,

Змяшаліся мы з сонцам, з кветкамі, з травой.

Паэзія
Рыгор Барадулін
Генадзь Бураўкін
Уладзімір Дубоўка
Янка Купала
Уладзімір Караткевіч
Максім Багдановіч
Максім Танк
Гісторыя Францыска Скарыны
Гісторыя Францыска Скарыны
Уявіце: Мікола Гусоўскі скончвае штодзённую працу над «Песняй пра зубра» і ідзе зірнуць на галоўную навінку ў свеце мастацтва — «Сіксцінскую Мадонну» Рафаэля, а Францыск Скарына перакладае «Псалтыр» пад гук малатка Марціна Лютэра і адпраўляецца праводзіць караблі Фернана Магелана. У адным з сусветаў усё гэта магло адбыцца, бо ўсе гэтыя людзі жылі ў адзін час! 6 жніўня 1517 года Францыск Скарына друкуе кнігу «Псалтыр» ва ўласным перакладзе. Гэта адначасова і бунт, і прарыў, і поўнае замацаванне Рэнесансу на Беларусі. Беларусы аднымі з першых у свеце маюць пераклад галоўнай еўрапейскай кнігі — Бібліі. У гэты ж час у Еўропе пачынаецца Рэфармацыя, канкістадоры высаджваюцца ў Мексіцы, маскоўскія войскі бяруць у аблогу Полацк, а Фернан Магелан распачынае кругасветнае падарожжа. У нашым новым матэрыяле — таймлайн жыцця Францыска Скарыны і найважнейшыя падзеі, якія адбываюцца ў сусветнай гісторыі ў той жа час.
Read the article
Быць шафёрам любата, яшчэ лепш – пілотам. А літаратарам?
Быць шафёрам любата, яшчэ лепш – пілотам. А літаратарам?
Як стаць пісьменніцай ці пісьменнікам? Нават калі атрымаецца адвучыцца ў літаратурным інстытуце або скончыць курс па creative writing, куды пасля  дасылаць сваё рэзюмэ? Дзе літаратарам узяць добры, стабільны прыбытак, соцпакет і пуцёўку ў санаторый? Розныя гістарычныя ўмовы давалі розныя адказы на гэтае пытанне, і літаратурнае рамяство то падпарадкоўвалася законам рынку, то цалкам трапляла пад кантроль дзяржавы, а то і спрабавала ўседзець на абодвух крэслах, ці, хутчэй, недзе ў загадкавай прасторы паміж імі. Класічныя «нармальныя» заняткі для пісьменніка, якія і ў працоўную кніжку запісаць не сорамна, – рэдактарская праца, пераклады, настаўніцтва. Але нярэдка здаралася (і ўсё яшчэ здараецца) так, што жыццё робіць нечаканы паварот і апроч пяра або клавіятуры пісьменніцкім рукам даводзіцца брацца за іншыя прылады працы. Мы сабралі для вас некалькі літаратурных біяграфій, якія паказваюць, што ў рэшце рэшт магчыма ўсё.
Лізавета Вундэрвальд
Read the article