Міхась Стральцоў. 12 вершаў | Wir.by
14 лютага святкуем народзіны Міхася Стральцова. Тузін вершаў для закаханых і самотных, адважных і разгубленых — для кожнага з нас.
Міхась Стральцоў. 12 вершаў

Міхась Стральцоў. 12 вершаў

Глухата

Ноч. Сон не йдзе.

Чую, як гарыць цыгарэта,

Кінутая некім на вуліцы, —

Пад ліпу, на ссохлы прапалены дол.

Нянавісці да сябе

Праз сцяну не пачую.

***

Трамвай, як сараканожка, —

марудна імклівы і доўгі,

яшчэ да таго ж сляпы.

Асаджаны глуха і вусцішна

над стукатам нізкіх ног.

Трамвай, як сараканожка…

Не, не падабаецца мне гэтае параўнанне.

Параўнаю трамвай лепш з вожыкам,

што цвёрда і шпарка

бяжыць па падлозе — тук! тук! тук!

Халадзільнік

У халадзільніка ёсць душа.

У халадзільніка ёсць настрой,

які ў тэхнічным пашпарце

пазначаны так: 60 W і 100 W

Здаецца, інакш гэта завецца рэжымам, але я слаба

разбіраюся ў тэхніцы, і мне прасцей думаць, што

у халадзільніка ёсць настрой.

Калі я сяджу на кухні, — і думаю ці чытаю, —

халадзільнік ля боку вуркоча, лагодна і мірна, бы кот.

Павуркоча і сціхне – і я пра яго забываю.

Пройдзе колькі хвілін, і раптам пачуецца шоргат,

а пасля ўжо —

штуршок: адчуванне такое, быццам кот пад

руку табе тыцкае пысай. І зноўку мурчыць.

Вы можаце мне не паверыць,

але паглядзіце ў тэхнічны

пашпарт, — там вы знойдзеце лічбы: 60 W і 100 W.

І вы тады ўбачыце, што я не салгаў.

Скончылася лета

Дзень ціхі, дзень дрымотны, як вада.

Смуглява-залацісты. Цёплы промень

Забавіўся на твары. Так пчала

Апошні раз цалуе памяць кветак.

Скупой журботай дыхае зямля.

Лісток альховы, скурчаны лісток

Спіць у абдымку з мёртваю казюркай…

I сонны бляск, і пробліск павуціння.

Вы здагадаліся: то скончылася лета.

***

Так! Пад ценем вясла

утрапёнай вады вуркатанне,

пеннай бурбалкі ўсхліп, —

так! Пад ценем вясла —

цень на дне, цень, стракаты ад сонца,

ад кропак і косак маўчання,

трывання,

працяжнікаў, клічнікаў перасцярогі,

ад строгіх фігур дапушчэння,

здзяйснення,

здзіўлення,

ад вектараў сілы,

што ў наступ ідзе без адхлання,

перамагае і нішчыцца

паўзаю раўнавагі…

Так! Пад ценем вясла —

праз дзень неадчэпны вяслую.

Бераг далёка.

He менее ў сэрцы адвагі.

***

Вось тут, далёка ад сталіцы,

Паблізу ісцінаў старых,

Жыву, як выгнаны патрыцый,

Грыбы збіраю у бары.

Шукаю вернай панацэі

Ад розных там душэўных ран

Тут, у бярозавым ліцэі,

І на рысталішчах палян.

Дзе коннікі прымаюць старты,

Дзе збоч, як быццам бы арлы,

Падлеткі сочаць дол упарта

З сасны — тарпейскае скалы.

Паганец, я малюся богу

Румянай поўні і схадка

І, захінуты ў ночы тогу,

Сню лусту-скрыль маладзіка.

Балада вуліцы

Я — вуліца,

я — рака.

Праз водарасці рэклам

плыву ў затокі плошчаў,

у рукавы завулкаў —

праз астравы кварталаў

i мікрараёнаў

мацерыкі.

У маіх затоках

нерасцяцца машыны,

слізка мігцяць бакамі

тралейбусы,

аўтобусы,

трамваі,

туга напханыя

даволі абрыдлымі мне стварэннямі,

адно на адно падобнымі,

бы ў мікрараёне дамы.

Праўда, я да ўсяго прывыкла,

я стала цярплівая,

бо я — вуліца, я — рака.

Але калі-нікалі мне хочацца,

каб ноч хутчэй наставала,

каб хутчэй засыналі машыны —

гэтыя юрліва-халодныя рыбіны

з падманным маторным цяплом.

Мне хочацца,

каб гарэў толькі бакен,

каб гарэла адна тэлевышка,

там, у небе,

дзе зоры гараць.

Толькі і гэта дарэмна!

Ноччу

я часта чую,

як пад бетонным мостам

смуткуе мая сястра.

Яна шэпча:

«О гора мне, гора!

Я дзяцей сваіх загубіла,

вясёлкавыя ад нафты,

усплылі на паверхню яны.

Бляшанкамі ад кансерваў

дно маё ўсцяж укрыта,

на могільніках бляшанак

памяць аб дзецях спіць.

З моста на мяне з пагардай

плююць цыркачы, паэты,

грузныя ўпраўдомы,

бухгалтары-планавікі.

Бетонныя парапеты

мяне абдымкамі душаць,

каналізацыйныя трубы

пагібель маю пяюць».

Так яна шэпча.

І ноччу я гэта чую,

а днём у затокі плошчаў,

рукавы завулкаў —

сваю і сястрыну сумоту

нясу,

нясу…

Думаў яшчэ нядаўна

Туга мая гэтай ноччу

чамусьці не выплыла ў мора:

рыбінаю прыціхлай

ходзіць каля плацін.

Месяц чамусьці ноччу

сюды не зайшоў у горад, —

ляцяць на ліхтар сняжынкі,

сон ад павек ляціць.

І цішыня якая!

Пульс горада чутны ледзьве:

няйначай, часінай гэтай

вечнасць сам Хронас сніць.

На поўначы ноччу гэтай

белыя ходзяць мядзведзі,

над імі палярнае ззянне

барвовай тугой шамаціць.

А думаў яшчэ нядаўна,

а думаў яшчэ і ўчора:

на пяцігодку наперад

свой доўг прад тугою сплаціў.

Туга ж мая гэтай ноччу

чамусьці не выплыла ў мора,

рыбінаю прыціхлай

ходзіць каля плацін.

***

Аднойчы ноччу

да мяне на ложак падсеў чалавек.

Выглядаў ён упэўненым і спакойным

і апрануты быў у цёмны пінжак,

мабыць, зусім яшчэ новы,

бо ад яго вастравата запахла крамнінай.

Чалавек да мяне нахіліўся:

струменіў з вачэй нейкі жаль,

падобны на той, што бывае ў асеннім ветры,

калі ён пралятае над сіратлівым іржышчам.

«Слухай, —

сказаў чалавек, —

я нічога не разумею,

у цябе некалі была неблагая фантазія,

памятаеш, тады, калі ты прыдумаў мяне.

Ты даў мне паставу і рост,

якім пазайздросціў бы кожны,

высокі і чысты лоб,

смужлівы, як снежная гурба.

Даў голас —

нібыта клінок,

да часу схаваны ў ножны.

Плечы мае —

два крылы,

развінутыя ў плаўным палёце.

Ты даў мне душу і розум —

жывіце ў шчаслівай згодзе! —

ты мяне, як гадзіннік, завёў

на кругабег удачы.

Чаму ж ты цяпер, чаму

зусім пра мяне забыўся?

Ведаеш,

Калі ты раніцай курыш,

разгублены і задуменны,

мне балюча глядзець на цябе.

І днём між людзей ты ходзіш

нейкім далёкім рэхам

і цыгарэт выкурваеш болей,

чым прамаўляеш слоў.

Скажы мне цяпер, калі ласка,

чаму ні ў натоўпе, ні дома

не хочаш мяне пазнаваць?»

……………..

Я гляджу,

я маўчу,

я думаю,

што гэта мне сніцца сон.

***

А мо чакаў я гэтага званка,

Мо непазбежнасць нада мной лунала,

Калі твая шчаслівая рука

Шэсць гэтых лічбаў недзе набірала.

Ало, ало! Успомніцца пасля:

«Мой дарагі! Віншую з першым снегам!» —

I голас заміраў далёкім рэхам,

Званочкам, што дражніўся мне здаля.

Як скалануў мяне ён, як жа ён

Мяне ў абдымкі праз адлегласць кінуў!

Я ўваскрос, я рос, я жыў, я гінуў, —

Зноў уваскрос! Я пасылаў праклён

Мінуламу, што стала паміж мной

I між табой нядобраю няславай,

Паныласцю над недапітай кавай,

Віной віна і простаю віной...

Хай будуць блаславёны: гэты дзень,

I першы снег, і першыя завеі,

Сняжынка тая, што табе па веі,

Нібы дарунак неба, упадзе!

***

Пад шоргат кропель дажджавых

Ён з тэлефоннай будкі бачыў,

Як па галінах верхавых

Зялёны вецер пругка скача.

Ён наглядаў. Ён не спяшаў.

Нішто пагляд не абражала.

Як бы лячылася душа,

Яе як быццам суцяшала,

Што вецер згоды не пытаў —

Шалеў над горадам — і, ніцы,

Ужо на вулках шкуматаў

Плашчы, кашулі і спадніцы.

I ў гэтай будцы пад дажджом,

У нейкай роспачы вялікай,

Сябе за даўнім рубяжом

Убачыў ён — і не паклікаў.

He мог. А мо не захацеў.

He абазваўся нейкім знакам.

А той у дзіўнай віднаце

Ці то ўсміхаўся, ці то плакаў...

I ў гэтым горадзе чужым,

Які ягоным быў калісьці,

Ішлі інакшыя дажджы,

Іначай трапятала лісце.

***

Снег асядае. І заспаны лес,

Пахмурны з раніцы, здаецца, пазяхае.

Туман да самых макавак далез.

Унізе — мох, ламачча — неахайна!

Унізе сыра — склеп або падвал.

Цень-цень! І ўсё: маркоціцца сініца.

Зіма — падман. Ды і вясна — падман.

Вось-вось павінна нешта праясніцца.

Літаратура
Паэзія
Беларусь
1960-я
Міхась Стральцоў
Беларускія блізняты: як не блытаць Купалу і Коласа
Беларускія блізняты: як не блытаць Купалу і Коласа
Два класікі беларускай літаратуры, народныя паэты, альбо два вусатыя дзядзькі з аднолькавымі ініцыяламі? Абодва нарадзіліся ў маляўнічых кутках нашай радзімы, абодва пісалі вершы і паэмы, якія ў школе вучаць на памяць. Паспрабуем усё ж разабрацца, чым яны адрозніваюцца як пісьменнікі –спасцігнуць тое, чаго не пабачыш на партрэтах, пра што не прачытаеш у біяграфіях.
Марына Яромка
Read the article