У 1923 годзе 40-гадовы Якуб Колас на месяц едзе ў Слуцк, каб на настаўніцкіх курсах чытаць лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы. Яго жонка, Марыя Дзмітрыеўна, разам з двума малымі сынамі засталася ў Мінску. Ён піша ёй кранальныя і забаўныя лісты пра сваю працу, пра жытло, пра надакучлівых мух, называючы Марусечкай, дарагенечкім Маруськом, Марусёначкам:
Я пераехаў у Новы Двор, маёнтак вярстах у чатырох ад горада. Маёнтак вельмі добры. Каля саменькага дому цячэ рэчка, дзе можна купацца, што я раблю, нягледзячы ні на якую пагоду. Пачаў купацца з Яна Купалы і купаюся штодзень. Чую, што купанне ўзмацняе мае нервы. Толькі вось да гэтага часу не магу ніяк выспацца. У Слуцку мухі не давалі — раз, і часта прыходзілася позна лажыцца. Быў раз у тэатры. Гралі саматугам. Але адмовіцца нельга было. Тэатр пачаўся а 12 гадзіне ўночы. Скончыўся каля 4-х. Гэта ўжо такі Слуцкі звычай. (12 ліпеня 1923 г.)
Маецца на ўвазе Аляксандр Антонавіч Сянкевіч |
Учора і сёння — гарачыня. Трэба, каб дождж пайшоў. Гэту гарачыню стараюся скарыстаць у інтарэсах свайго здароўя. Ходзім з Алесем купацца, после купання зноў купаемся, але ўжо на сонейку ў зацішку. Сённяшні дзень давёў мне, што сонца не страціла 3% свае цеплынёвае сілы, бо спіна і рукі і бакі мае пачырванелі, як у рака. Пакупаўшыся на сонцы, зноў купаліся ў вадзе. У часе купання на сонцы пілі свежае малако. Я палюбіў яго і п'ю. Па купанні ў вадзе выпіў шклянкі дзве кіслага малака і два сырых яйцы. Заваліліся спаць. Спаў гадзіны дзве, а цяпер сеў пісаць табе. Перад тым як легчы спаць, я ўзброіўся палаценцам і пабіў усе мухі, і толькі тады лёг, калі пераканаўся, што нідзе ніводнае няма. (16 ліпеня 1923 г.)
Летам 1924 года паэт знаходзіцца на лячэнні ў Кіславодску. Праўда, да курортаў і дактароў Колас ставіцца скептычна. З аднаго з лістоў да жонкі можна даведацца, колькі важыў паэт (мала!):
Разультатаў ад паездкі ніякіх у сэнсе падмацавання здароўя... Ну, што ж? Нічога не зробіш. Я толькі прыйшоў да пераканання, што курорт для мяне рэч не патрэбная і пустая. [...]
3 пуды 28 фунтаў — гэта каля 62 кг Маецца на ўвазе Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч |
Я ніяк не прыбываю, як засеў на 3 п[удах] 28 [фунтах], дык ніяк не магу падняцца вышэй. Пісаў мне Некрашэвіч. Ён пажартаваў з мае лёгкасці. Кажа, у гэтым ёсць і добры бок: можна залезці на Казбек, уставіць пяро і паляцець у Мінск. (10 ліпеня 1924 г.)
Нягледзячы на нелюбоў да курортаў, у 1926 годзе Колас ізноў выпраўляецца на Каўказ, на гэты раз у кампаніі Янкі Купалы. З гэтых лістоў можна даведацца пра крымінальную абстаноўку на савецкай чыгунцы, летні адпачынак літаратараў ды меркаванне Коласа пра маладога калегу Алеся Дудара.
У дарозе нічога асаблівага не здарылася. Заходзілі тры разы жулікі, укралі з нашага купэ туфлі, у аднае дзяўчыны з Бабруйска. Я нават бачыў, як ён злазіў з полкі, але думаў, што гэта які-небудзь пасажыр. Праўда, яго зараз жа, на першай астаноўцы, злавілі і адабралі туфлі. Другога на другую ноч проста не пусцілі ў вагон і заарыштавалі, бо ў яго аказаліся фальшывыя дакументы. Усю дарогу заснуць не прыйшлося. Трохі змучыўся ў дарозе. (23 жніўня 1926 г.)
Да ліста старэйшаму сыну Данілу, якому тады ішоў дванаццаты год, Колас далучыў малюнак. Тут жа ён апісаў дзікаватую звычку піцця праз трубачку:
На гэтым рысуначку паказан памятнік селяніну, што знайшоў крыніцу тут у Есентуках. З гэтае крыніцы і я п'ю ваду, бо так прыпісаў мне доктар. Хаджу штодзень у парк з кубачкам, набіраю вады, грэю яе там жа і п'ю. Вада досыць смачная. Раніцаю, каля сёмай гадзіны, у парк прыходзіць куча народу піць ваду. А крыніц у ім многа. Каля гэтых крыніц стаяць прыслужніцы і наліваюць ваду з крана — гэтак тут ужо ўстроена. І п'юць ваду не проста з кубка, а праз шкляную трубку-цыбучок. Аж смех бярэ, як паглядзіш на людзей. Сядзяць або разважна ідуць з кубкамі ў руках і цыбучкамі ў зубах і смокчуць. Купала таксама купіў сабе цыбук і цягне праз яго сваю ваду № 17. Я покі што п'ю без цыбука, бо гэта ж адзін чорт. А гэтыя воды памагаюць, як і ўсякая вада наогул. Мне нават здаецца, што крыніца ў доме адпачынку, куды мы летам хадзілі купацца, памагла б яшчэ лепш. Я ўжо прымацаваўся да санаторыя № 7. Ходзім туды з Купалам сталавацца і лячыцца... (26 жніўня 1926 г.)
Летам добра адпачываецца і цяжка працуецца, нават калі вы — класік беларускай літаратуры. У лістах Коласа можна назіраць і іншыя вечныя каштоўнасці: у кожным адпачынку ёсць нехта, хто ўстае раней за ўсіх і папракае астатніх доўгім сном:
Мы з Купалам гуляем, нічога не робім, і рабіць тут няма калі. (27 жніўня 1926 г.)
У мене цяпер не так многа часу, як у Кіславодску. Работы няма, а час праходзіць. Вольныя ж мінуты часта запаўняюцца шахматамі. Але Янка [Купала] часцей абыграе мяне. Раніцаю, после шасці, іду ў парк піць ваду. Напіўшыся вады, прыходжу ў свой санаторый зрабіць укол. Сёння ўжо чацвёрты. У палавіне дзевятай снедаем, а там якая небудзь «працэдура», ванна гразявая ці саляна-шчолачная. […] Янка і Янчыха яшчэ спяць (30 жніўня 1926 г.)
22-гадовы Алесь Дудар, які таксама адпачываў у каўказскім санаторыі, верагодна, цікавіўся нечым іншым, чым гразевыя ванны, мінеральная вада або нават шахматы. За гэта — асуджэнне народнага паэта:
Да нас часамі заходзяць нашы землякі. Учора быў Дудар і Зарэцкі. Прыглядаюся да [Дудара] і знаходжу яго ўсё больш і больш малацэнным хлопцам. Прыехаў сюды ў мяккім вагоне на казённыя грошы, назад збіраўся ляцець на аэраплане, ды, мусібыць, праляціць у трубу, бо ўжо атакуе Мінск, каб прыслалі грошы. Не лечыцца, а так сабе разгульвае, то ў Кіславодск, то ў Есентукі. Яму прыпісалі ваду № 20. Гэта самая звычайная вада, такая вось, як у калодзежы пана Юзафа. І ніякай хваробы ў яго няма. Дур адзін. Ну, піў многа, і вочы яго маргаюць, як у старога. (2 верасня 1926 г.)
Дудар учора пераехаў у Кіславодск. Швэндаецца хлопец, як прусак пад шпалерамі ў пана Юзафа. (5 верасня 1926 г.)
У наступнай частцы — лісты і дзённікі з больш трывожных часоў. Важна мець на ўвазе, што наступныя дэкады, 1930—1940-я гады, спецыфічным чынам адбіваюцца на запісах Коласа. Па-першае, гэта цэнзура і самацэнзура, па-другое, шмат якія дакументы былі знішчаны або прапалі, па-трэцяе, выданне, па якім падаюцца гэтыя тэксты, было падрыхтавана ў 1960-я гады. Гэта час адлігі, і тут ужо можна сустрэць імёны многіх рэпрэсаваных пісьменнікаў. Аднак даты іх жыцця або не падаюцца наогул, або з няправільнымі, пазнейшымі гадамі смерці.
Як бы там ні было, нават у вайну бывае лета. Аб тым, як Колас праводзіў яго ў эвакуацыі і па вяртанні дадому — у другой частцы.
Лісты падаюцца паводле Збору твораў 1964 г., том 12.