Францішак Багушэвіч (1840–1900) паходзіў з дробнай шляхты. Малады Францішак абвяргаў клішэ пра гуманітарыяў і тэхнароў, бо ён аднолькава цікавіўся і этнаграфіяй, і фізікай. Ён актыўна прымаў удзел у паўстанні 1863–1864 гадоў, таму далей – эміграцыя, новая адукацыя, цяпер ужо юрыдычная, праца следчым і шматлікія пераезды. Праз 20 гадоў пасля паўстання ён нарэшце змог вярнуцца дадому, і тут яго літаратурная і прафесійная дзейнасць зліліся ў адно: Багушэвіч працаваў адвакатам, пераважна для сялян, часта без належнай аплаты. Але пад канец жыцця яму нарэшце пашанцавала: ён атрымаў добрую спадчыну ды змог адбудаваць радавую сядзібу ў Кушлянах. Цяпер гэта дом-музей, схаваны сярод палёў і лясоў, які мы вельмі раім адведаць – ёсць чуткі, што там усталяваная лакальная машына часу.
Казімір–Рафал Каралевіч Кастравіцкі (1868–1918), больш вядомы пад псеўданімам Карусь Каганец, належаў да слаўнага шляхецкага роду, з якога таксама паходзіў французскі паэт Гіём Апалінэр. За ўдзел ў паўстанні Каліноўскага сям’ю пазбавілі маёмасці ды саслалі ў Табольск, дзе Казімір і нарадзіўся. У хуткім часе Кастравіцкім дазволілі вярнуцца ў Беларусь, і тут малому шляхціцу давялося працаваць пастушком. У найлепшых традыцыях сваёй сям’і падрослы Кастравіцкі далучыўся да рэвалюцыйнага руху і таму зусім нядоўга пратрымліваўся ў сваіх працадаўцаў у мастацкай майстэрні або на будове чыгункі. У святле гэтай біяграфіі крыху іранічна гучыць назва галоўнага твора Каганца – камедыі «Модны шляхцюк», якая стала сапраўдным хітом і заклала пачатак беларускага нацыянальнага тэатра.
Ядвігін Ш. (1869–1922), ён жа Антон Лявіцкі, пачаў свой цярністы прафесійны шлях з нелегальнай школкі, якую арганізавала дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Каміла. Пасля ён паступіў на медыцынскі факультэт у Маскве, але і тут усё было не так проста: за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях Лявіцкі адсядзеў у знакамітай Бутырскай турме, на гэтым вучоба скончылася. Так замест доктара Ядвігін Ш. становіцца аптэкарам (дарэчы, не адзіным у беларускай літаратуры – пазней лекі адпускаў таксама Ізі Харык). Пакінуўшы аптэку, ён становіцца загадчыкам крамы, тая прагарае, і тады будучы класік робіць цалкам сучасны крок: даўншыфтарам ён вяртаецца ў свой маёнтак ды займаецца там садам і літаратурай. У той маёнтак да яго нярэдка забягаў малады сусед Ян Луцэвіч, каб узяць кніжак ды пагаманіць пра літаратуру, а пасля туды наведваўся і Максім Багдановіч.
Алаіза Пашкевіч (1876–1916) больш вядомая пад партыйнай мянушкай Цётка. Яна не толькі пісала палымяныя рэвалюцыйныя вершы, але і была палітыкам – адной з заснавальніц Беларускай сацыялістычнай грамады, а таксама змагалася за правы жанчын. Пасля паражэння рэвалюцыі 1905 года актывізм Алаізы пацягнуў за сабой эміграцыю ў Львоў (тады яшчэ Аўстра-Венгрыя), дзе яна працавала масажысткай. Пасля яна выйшла замуж (кажуць, фіктыўна) і з новым прозвішчам змагла вярнуцца ў Мінск. Псеўданім Цётка можа ўвесці ў зман, бо Алаіза не пражыла і 40 гадоў. За гэты час дзяўчынка з небагатай шляхецкай сям’і, гімназістка, якая губляла прытомнасць ад голаду, паспела пабываць настаўніцай, фельчаркай, актрысай, рэдактаркай – і гэта далёка не ўсё. Жыццё Алаізы Пашкевіч дакладна вартае не толькі некалькіх старонак у падручніку беларускай літаратуры, але і добрага фільма ці серыяла на Netflix.
Мойшэ Кульбак (1896–1937) – сусветная зорка ідышскага мадэрнізму, частка неверагоднага міжваеннага чатырохмоўя, якая цягам апошніх некалькіх гадоў паступова вяртаецца і да беларускага чытача. Кульбак быў не толькі літаратарам, але і выкладчыкам, кумірам сваіх выхаванцаў. Цікавы паварот у ягонай кар’еры прынесла, ізноў жа, эміграцыя: у 1920 годзе Кульбак выправіўся ў Берлін, у якім віраваў мадэрнізм з усімі сваімі тэатрамі, кіно, кабарэ і багемнымі кафэ, дзе багацце суседнічала з беднасцю і пасляваеннымі калецтвамі. Кульбак спрабуе вучыцца ва ўніверсітэце, але з гэтым не склалася, і праводзіць свае тры берлінскія гады ў галечы, падпрацоўваючы суфлёрам і пішучы зусім не пра еўрапейскую сталіцу экспрэсіянізму, а пра Беларусь: у Берліне паўстала паэма «Райсн» (רייסן, ідышская назва Беларусі). А свае берлінскія ўражанні ён апіша, вярнуўшыся ў Мінск, ды ажно праз 10 гадоў, у паэме «Дзісенскі Чайлд-Гарольд» (דיסנער טשײלד האַראָלד).
Алесь Гурло (1892–1938) паходзіў з сялянскай сям’і. Не дзіва, што яму давялося папрацаваць і пастухом, і на заводзе, і на лесапільні, і... матросам! Не самая тыповая прафесія для беларуса. Матросам Алесь Гурло паўдзельнічаў у баях Першай сусветнай, у штурме Зімняга палаца і іншых гістарычных падзеях, а пасля бурапеннае жыццё прыбіла яго да мінскіх берагоў. Тут ён стаў пісаць вершы, прозу і драмы ды складаць слоўнікі капыльскай гаворкі. Аднак мора так і не пакінула Алеся Гурло, яно засталося ў яго вершах і такім чынам пашырыла краявіды беларускай літаратуры далёка за межы лясоў, палёў да балот: Хваляй буйнай мора плешча: / Разьбяжыцца стройны вал, / Блісьне срэбрам — і, нарэшце, / Пацалуе твары скал…