Імперыя | Wir.by
Праз шэсць месяцаў пасля зняволення ў віленскай турме маладога паэта высылаюць у Пецярбург, а адтуль — у глыб Расійскай імперыі. Улады спадзяюцца, што далёка ад заходняй мяжы Міцкевіч не будзе для іх небяспечны.
Імперыя
dubinchynabadzei
Лізавета ДубінчынаМарыя Бадзей

Імперыя

Міцкевіч: геаграфія паэта
Гэта 2 частка цыкла
Міцкевіч: геаграфія паэта
1. Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына!
2. Імперыя
3. Эміграцыя

5.pngКропка 5. Пецярбург

У 1824 годзе дваццацішасцігадовы Міцкевіч вымушаны пакінуць Вільню. Сюды ён больш ніколі не вернецца. У Пецярбургу за тры месяцы пан Адам наладжвае кантакты з рускай інтэлігенцыяй, знаёміцца з будучымі дзекабрыстамі Конрадам Рылеевым і Аляксандрам Бястужавым.

6.pngКропка 6. Адэса

Высылка Міцкевіча не такая ўжо і трагічная — прынамсі, Сібіры ў ёй няма. У лютым 1825 года Міністэрства адукацыі адпраўляе яго ў Адэсу працаваць выкладчыкам у ліцэі. Паўгода ў гэтым горадзе Міцкевіч, паводле сведчанняў сучаснікаў, праводзіць цалкам нядрэнна: жыве ў цэнтры, на вуліцы Дзерыбасаўскай, заляцаецца да жанчын, бывае ў арыстакратычных салонах. З гэтым перыядам звязаны цыкл фрывольных «Адэскіх санетаў».

7.pngКропка 7. Крым

Яшчэ адзін цыкл санетаў — «Крымскія санеты» — лічыцца адной з вяршынь паэтычнай творчасці Міцкевіча. На яго стварэнне паэта натхнілі любоўныя прыгоды. У ліпені і жніўні 1825 года ў таварыстве рускага генерала Віта і яго каханкі Караліны Сабaньскай Адам Міцкевіч падарожнічае па Крыме. Караліна Сабаньская — непараўнальная прыгажуня, праўнучка каралевы Францыі і руская шпіёнка. Паэт зачараваны ёй, і ні сум па Радзіме, ні адчуванне сябе выгнаннікам не перашкаджаюць яму закруціць раман з Каралінай. У «калекцыю» Сабаньскай у свой час трапілі і крытык Шарль Сэн-Бёў, і пісьменнік Жуль Лакруа, і паэт Аляксандр Пушкін.

8.pngКропка 8. Масква

У хуткім часе ўлады Расійскай імперыі дазваляюць Міцкевічу выбраць новае месца працы. Пан Адам едзе ў Маскву, дзе робіцца звычайным клеркам. Тут яго напаткае навіна пра тое, што Конрад Рылееў і Аляксандр Бястужаў за ўдзел у паўстанні 14 (26) снежня 1825 года супраць самадзяржаўя і прыгонніцтва асуджаныя на смерць (смяротнае пакаранне Бястужаву пасля заменена на Сібір).

У 1826 годзе яшчэ адзін вядомы паэт вяртаецца з высылкі і прыязджае ў Маскву. Аляксандр Пушкін і Адам Міцкевіч, розныя па тэмпераменце і характары, з павагай ставяцца адзін да аднаго. У паэме Міцкевіча «Дзяды» можна знайсці фрагмент, у якім лёгка пазнаць фігуры абодвух паэтаў:

Лiў дождж, а двое пад адным плашчом

Стаялi, тулячы плячо плячом.

Адзiн — той самы пiлiгрым, з ахвяр

Царовых, тут нязнаны анiкому,

Другi — народа рускага пясняр,

На поўначы ўсёй верш яго вядомы.

Жылi не блiзка, дый адчулi самi

Па стрэчы, што былi даўно сябрамi,

I душы iх вышэй, чым перашкоды

Людзей — што пiкi Альпаў над цяснiнай,

Хаця навечна iх расцялi воды,

Яны амаль не чуюць рэчкi плынi,

Iмкнуць адзiн да аднаго вяршыняй.

(Пераклад Сержа Мінскевіча)

Пасля выхаду ў свет паэмы Міцкевіча «Конрад Валенрод» Васілій Жукоўскі скажа Пушкіну: «Ведаеш, браце, але ж ён заткне цябе за пояс», на што Пушкін адкажа: «Ты не так кажаш, ён ужо заткнуў мяне».

Аднак пасля нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830 года на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай стасункі паэтаў пагоршацца. Як напіша Міцкевіч, «паэзія і талент нас аб’ядналі, палітыка — раз’яднала».

9.pngКропка 9. Пецярбург пасля паўстання дзекабрыстаў

У 1828 годзе у Пецярбургу Адам Міцкевіч выдае «Конрада Валенрода». Галоўны герой паэмы мае мала агульнага з рэальнай гістарычнай асобай, хаця Міцкевіч і выкарыстаў вобраз Вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Конрада фон Валенрода: манахі-храністы апісвалі яго як ерэтыка і ворага ордэна (верагодна, магістр быў недастаткова шчодры да Касцёла). Конрад Валенрод Міцкевіча — літовец, воляй лёсу ўзгадаваны ў стане ворага, становіцца Вялікім магістрам ордэна толькі затым, каб наўмысна прывесці яго да катастрофы. У паэме гаворка ідзе пра немагчымасць выбраць паміж хрысціянскімі каштоўнасцямі і абавязкам перад Бацькаўшчынай, ставіцца пытанне, ці можна апраўдаць здраду. Аднак пасыл паэта няправільна разумеюць, на што ён скардзіцца ў лістах. Паэма нараджае цэлы рух, што займеў назву «валенрадызм». Яго прыхільнікі імкнуцца да высокіх пасад, каб пасля развальваць сістэму знутры.

Пасля выхаду паэмы ўлады пачынаюць яшчэ больш недалюбліваць Міцкевіча.

У 1829 годзе па падробных дакументах, якія сведчаць, што «хвораму» паказана лячэнне ў Еўропе, Адам Міцкевіч атрымлівае дазвол на выезд за мяжу. Паэт пакідае Пецярбург літаральна ў апошнія хвіліны, дзякуючы дапамозе сяброў, якія на кароткі час затрымліваюць ў канцылярыі загад аб знішчэнні пашпарта Міцкевіча.

Зразумела, што ў царскую Расію Адам Міцкевіч вяртацца не збіраецца.

Частка 3: Эміграцыя

Гісторыя
Літаратура
Расійская імперыя
Рамантызм
ХІХ стагоддзе
Адам Міцкевіч
Аляксандр Пушкін