Лета з Якубам Коласам, частка 2 | Wir.by
Другая частка «Лета з Коласам» ахоплівае запісы, зробленыя ў саркавыя і пяцідзясятыя гады. Вайна, страта блізкіх, хваробы, адзінота, але і беларускі джаз, жарсць да баравікоў ды жыццесцвярджальная коласаўская дыялектыка — усё гэта тут.
У гэтай частцы да лістоў далучаюцца дзённікі. Урыўкі з іх для зручнасці вылучаны курсівам.
Лета з Якубам Коласам, частка 2
wunderwald
Лізавета Вундэрвальд

Лета з Якубам Коласам, частка 2

З 1930-х гадоў па зразумелых прычынах практычна не захавалася ні лістоў, ні дзённікаў, дый такія не маглі быць надрукаваныя ў зборы твораў 1964 года. Таму мы трапляем адразу ў саракавыя, і летам 1941 года войскі нацысцкай Германіі нападаюць на Савецкі Саюз. Якуб Колас з сям'ёй эвакуіруецца ў Клязьму да сваякоў жонкі Марыі Дзмітрыеўны, а адтуль у Ташкент. З першых лістоў з эвакуацыі вынікае, што пазбегнуць акупацыі не абавязкова значыць перанесціся ў дабрабыт. Акрамя таго, відаць, што адносіны Коласа і Купалы ў гэты момант перажывалі не найлепшыя часы.

Ліст адрасаваны Антону Антонавічу Усу — мастацтвазнаўцу і літаратуразнаўцу.

[…] Но это уже последняя ночь в Клязьме: завтра уезжаем отсюда — я, жена и два сына. Ехать придется долго, так как путь далекий. Пермь нас не устраивает, потому что в ней суровая зима, а мы сейчас не имеем теплой одежды, поэтому надо двигаться туда, где зимы не так холодны. Кроме того, направляемся мы в Ташкент в организованном порядке: туда переводится наша Академия наук, вернее ее отделение […] Сейчас я неимущий, все осталось на месте прежнего пребывания. Даже мои сбережения пропали — оставил книжку, на которой значилось свыше 20 тысяч. Их бы и хватило на время предстоящих трудностей. Со своим издательством связи не имею, да и не занимается сейчас оно своим прежним делом. Придется жить, как набежит. […] Я помню время, когда ты жил в Тербутах летом на даче. Ходили мы в лес, собирали грибы. Как сильно тоскую я по своим родным местам!.. […] Купала в Москве. В поcледнее время он жил здесь, у меня. Сегодня уехал в Москву. У него сохранилась машина и сберегательная книжка с Государственной премией. Моя машина погибла 24/VI в Минске. (А. А. Усу, 6 чэрвеня 1941 г.)

Гэты ліст адрасаваны Алене Міхайлаўне Броўка — жонцы Петруся Броўкі, якая стала першай дырэктаркай Літаратурнага музея яго імя.

Купала мне еще ничего не ответил. Он теперь туз — получил деньги и не дует в ус. Я живу очень неважно. Тесная комнатушка на окраине. Никаких средств не имею. Моя сберегательная книжка и все облигации займов остались в Минске. Кое-что прирабатываю в местной прессе. Марья Дмитриевна лежит в больнице: заболела воспалением легких. Я хожу на рынок, стряпаю, стираю, мою пол. Много пыли. Здоровьем похвалиться не могу. Чувствую усталость, головокружение. Со стороны Союза писателей никакой помощи не получил... Но как-нибудь надо жить. Одна тягота лежит на нас — уничтожить кровавый гитлеровский кошмар. (А. М. Броўка, 15 верасня 1941 г., Ташкент)

Эдзі Рознер і яго джазавы аркестр — легенда, вядомая ва ўсім свеце. Тут вы можаце паглядзець выпуск перадачы «Легенды эстрады» пра Эдзі Рознера.

[…] Тут жа ёсць беларускі джаз пад мастацкім кіраўніцтвам Эдзі Рознера. Пры ўсім маім скептыцызме ў адносінах да джаза, я з прыемнасцю слухаў яго выступленне. Джаз робіць вельмі прыемнае ўражанне. №№ падаюцца з вялікім густам, умела, з захаваннем пачуцця меры. Карыстаецца джаз вялікім поспехам. Шкода толькі, што ў рэпертуары джаза мала беларускіх нумароў, што ўсведамляе і кіраўніцтва джаза. (Ц. С. Гарбунову, 17 чэрвеня 1942 г.)

У першыя месяцы вайны без вестак прапаў сярэдні сын Коласа Юры. Не губляючы надзею, бацька адчайна хапаўся за любыя весткі пра сына, але ягоны лёс так і застаўся невядомым. Гора ад страты сына, зацяжныя хваробы жонкі, матэрыяльныя цяжкасці, адзінота, туга па радзіме, складанае становішча на фронце гэтыя тэмы дамінуюць у лістах ваеннага часу. Рэдкая магчымасць усміхнуцца той факт, што Купалу і Коласа блытаюць не толькі сённяшнія школьнікі, але і сучаснікі.

Каторы раз ужо да мяне прыходзіць ваша газета па адрасу: Т[ашкент], Пушкінскі праезд, д. № 13. Добра, што былыя гаспадары жывуць недалёка і прыносяць мне. Угары гэтага пісьма я даю табе, Петрусёк, свой цяперашні адрас. На гэты адрас і высылайце мне і пісьмы і газеты. Гэта адно. Другое: з якога часу вы зрабілі з мяне Янку Купалу? Браткі мае! Я не Янка Купала, а Якуб Колас. Так і пішыце на адрасе. Янка, наколькі мне вядома і напэўна вам таксама, жыве ў Казані, у 17 кіламетрах ад яе, на млыне ў Печышчах. Мы не перапісваемся — не піша ён мне, і я перастаў пісаць яму з лета 1941 г. […] Даўно ўжо не маю пісем ад нашых хлопцаў з Масквы. Яны, відаць, таксама падаліся на захад. Эх, захад! Сяджу і пазіраю ў акно. Ташкенцкае неба яснае. Ніводнай хмаркі не згледзіш на ім. А ў акно пазіраю толькі падвечар. Удзень мы зачыняем вокны, каб у пакой не заходзіла з двара гарачае паветра. Праўда, гэты год далёка незвычны для Ташкента — перападаюць дожджыкі, але ўсё радзей і скупей. Часамі паяўляюцца хмаркі. Я з такім захапленнем гляджу на іх. Мне самому хочацца стаць хмараю і плыць на захад. (П. Ф. Глебку, 28 чэрвеня 1942 г.)

Яшчэ адна трагічная страта для Коласа смерць Янкі Купалы ў Маскве ў чэрвені 1942 года.

Невясёлыя часы перажываем мы. Быў Янка Купала, а цяпер яго няма. Проста не верыцца, што ўжо не сяду з ім радам за сталом, што кончыўся «спор славян между собою». Як бы там ні было, а мы прайшлі вялікую дарогу ў жыцці. Калі аглянешся назад ды падумаеш, ды прыпомніш усе тыя моманты, калі нам прыходзілася сустракацца, гутарыць і выпіваць, то выйшла б цэлая кніга ўспамінаў... Весць аб яго смерці вострым нажом прайшлася па маім сэрцы. Я пісаў у ТАСС аб гэтым журботным здарэнні і не бачыў ні літараў, ні паперы за слязамі. Мне і зараз цяжка, вельмі цяжка, мой дарагі Міхаська. (М. Ц. Лынькову, 11 ліпеня 1942 г.)

Сёння прынёс мне адзін мінскі хлопец фатаграфію Янкі Купалы. Вельмі добрая фатаграфія. Знімаўся Янка ў Палацы піянераў у лютым 1941 г. Як жывы, стаіць Янка перад вачамі. Я прысланіў ф[атаграфію] да шклянкі, дастаў бутэльку віна і з Данілам выпілі яго. Увесь час я не зводзіў вачэй з майго лепшага сябра… А Беларусь, наша родная краіна... так далёка яна ад мяне, а сёння шмат далей, чым у той час, калі я сустракаўся з вамі ў Маскве. Вы, ваенныя людзі, скажыце мне добрае, радаснае слова. Я стаміўся. Я хачу пісаць, але я адчуваю, што пісаніна павінна саступіць месца другой рабоце. Эх, Петрусёк, як баліць мая душа! (П. У. Броўку, 13 ліпеня 1942 г.)

Туга па радзіме для Коласа неадрыўна звязаная з тугой па яе лясах, і найперш па схаваных у іх баравіках. Да канца вайны яшчэ далёка, і можна ўявіць сабе, што вяртанне дадому для немаладога ўжо Коласа толькі няпэўная надзея.

Мой мілы, мой родны, мой дарагі Міхась! Вось ужо другі год, як не збіраю я баравікоў. Усякі скажа, што я кажу глупства, што баравікі ў такі час... гаварыць аб іх — проста не паважаць тае справы, якая займае ўсіх на свеце. Усё гэта, можа, і мае слушнасць, але ж, мне здаецца, і я маю слушнасць. Мне, Міхасёк, таксама цяжка, як і табе, як і ўсім нам. А калі я кажу пра баравікі, то я хачу сказаць аб маёй вялікай тузе па роднай зямлі. Была яна блізка ад нас, ды сталася так, што яна адышла ад нас далей. Але я цвёрда спадзяюся, што яна ў нядоўгім часе стане зусім блізка. Усё на свеце рухаецца, не стаіць на адным месцы. Падзеі ідуць не па простай лініі. Лінія мяняецца, робіцца завілаватай, крывою. Сёння Гітлер святкуе свае поспехі, заўтра гэтыя поспехі пойдуць да канца. Есць на свеце здаровы, чысты струмень. Яго не замуцяць ні дажджы, ніякая гразь. Гэты струмень — праўда жыцця, рэалізм, той здаровы пачатак, які няўхільна ідзе наперад, і ніхто і нішто не скіруе яго з дарогі. (М. Ц. Лынькову, 19 жніўня 1942 г.)

8 чэрвеня 1943: Ой, гвалт! Прапаў дзень! Дзе ж я быў сёння?

1 ліпеня 1943: Прыйшоў і ліпень, самы непрыемны ў Ташкенце месяц. Гарачыня большае. Выходзіў у горад. Занёс у Саюз узнос за чэрвень. Заходзіў у кабінет літкансультацыі. Адзін сабачка застаўся на стале. Сядзіць, задраўшы галоўку... Вечарам хадзілі з Марусяй прагуляцца. Праз Пушкінскі праезд пайшлі на вуліцу Свярдлова. Заходзілі ў заапарк. Народу ўжо не было. Галодныя жывёлы, худыя. Падыходзяць да людзей, просяць есці. Вечарам доўга не лажыўся спаць.

5 ліпеня 1943: […] Я не ведаю, як буду ўспамінаць Узбекістан, Ташкент. Адно ведаю: пакутаваў, перажываў, зазнаваў бяссонныя ночы. Як часта, амаль кожную гадзіну, успамінаў Беларусь. Як многа людзей, якія не бачылі прыгоства нашай краіны. Вайна з'явілася для іх настаўнікам. Вайна верне на Беларусь многа людзей, якія скажуць мне: добра ты рабіў, што так многа гаварыў аб сваёй краіне. Тое, што ставілася табе ў віну, сёння становіцца тваёю заслугаю... Ну ж і разгаварыўся! А не сказаў нічога. Ну што ж? Маўчу. А што здарыцца, запішу потым.

Я моцна асунуўся, падаўся, заняпаў, сядзеў на дыеце. Адчуваю сябе дужа стомленым. Мусіць, не доўга працягну. А хацелася б занесці свае драбы на беларускія гоні. У 1941 годзе ў марцы я ўзважыўся на курорце ў Цхалтуба. Важыў тады 72 кіло. Нядаўна ўзважыўся тут. Заважыў не надта многа: 56 кіло. Значыць, роўна пуд каласяціны вытраслася за вайну. (М. Ц. Лынькову, 20 ліпеня 1943 г.)

15 жніўня 1943: З вялікаю ахвотаю выкрасліў бы гэты дзень з свайго жыцця... Ці варта весці запісы кожнага дня? Пачынаю сумнявацца; усяго адкрыта не запішаш. Гэта можна зрабіць толькі там, дзе няма нікога. Прыехаў з Масквы чалавек, беларус. Добра зрабіў, што прыехаў! Прыезд яго хоць трохі разагнаў спёртае паветра побыту. Учора за вячэраю сказаў штось такое, што пакрыўдзіла да глыбіні Марусю. Я, палажыўшы руку на сэрца, не памятаю, што такое я сказаў. Адно толькі для мяне ясна, у чым буду стаяць да смерці: ніколі не было ў мяне загадзя прадуманай мыслі прычыніць ёй зло. Няхай судзіць мяне маё ўласнае сумленне і чэсныя людзі. Не мог увесь дзень узяцца за ручку, каб напісаць хоць што-колечы...

16 жніўня 1943: Сядзеў дома. З падзей дня не помню нічога.

У лістападзе 1943 года Колас з сям'ёй пакідае Ташкент і прыязджае ў Клязьму, а праз год з лішкам, у снежні 1944 года, вяртаецца ў Мінск. Гэта зусім не летняя падзея, але мы публікуем урывак з гэтага ліста як надзвычай цікавае сведчанне, першае ўражанне ад разбуранага вайной горада.

Мінск разбураны, але твар горада застаўся. Мінск ёсць Мінск, хоць ён страшны ў сваіх руінах. І дзіўная рэч: у мяне няма цяжкага пачуцця мёртвага горада. І страшна прызнавацца — я нават задаволен, што зараз, пры аднаўленні сталіцы, мы зробім яе болей разумнай, болей планавай і выправім тыя агрэхі, якія з'явіліся ў выніку бяспланавага, непрадуманага будаўніцтва. На руінах нашага дома я не быў яшчэ. Пагода тут такая гнілая, такая туманная і кіслая, што адбівае ахвоту хадзіць, разглядацца. (М. Д. Міцкевіч, Мінск, 6 снежня 1944 г.)
10-1-kopiya-1200x800.jpgЯкуб Колас у 1945 годзе

У маі 1945 года ў Маскве пасля доўгай хваробы памерла Марыя Дзмітрыеўна. Яна пражыла ўсяго 54 гады, з якіх 33 правяла з Коласам.

Прашу прабачыць, што зацягнуў з адказам на Ваша пісьмо. Вы мне даруеце гэту маю неакуратнасць, калі прымеце пад увагу стан мае душы. Па ёй прайшла бязлітасная бура. Я цяпер адзін: 21 мая г. г. памерла Марыя Дзмітрыеўна, мой самы блізкі ў жыцці чалавек, мой самы шчыры друг. Я перажыў страту сына, але смерць жонкі мяне моцна падрэзала. Я не апамятаваўся і, апроч таго, вельмі няважна пачуваюся. (С. І. Ліхадзіеўскаму, 28 ліпеня 1945 г.)

Вярнуўшыся ў Беларусь, Колас аддае шмат часу не толькі літаратурнай, але і дэпутацкай працы, часта бывае ў раз'ездах. Сярод іншага ён рупіцца пра аднаўленне школы ў роднай Мікалаеўшчыне. У дзённікавым запісе пра гэта неспадзявана сустракаем дзядзьку Антося прататыпа героя паэмы «Новая зямля», з якім звязана адна з найлепшых яе частак, «Дзядзька ў Вільні».

1 чэрвеня 1947: Выехаў з Міхасём у Мікалаеўшчыну. Не дужа вабіць дарога, пабітая, няроўная. […] Аглядалі школу. Школа будзе дасканалая, але над ёю трэба многа яшчэ папрацаваць. Запісаў цэлы рад даручэнняў па абсталяванню школы. Запрасілі Антося. Пачаставалі яго. Павесялеў мой дзядзька Антось. Адзін ён застаўся з ліку сваіх сямі братоў. Худы, драблы стары з пасінелым носам...

2 чэрвеня 1947: З раніцы ездзілі ў Смольню. Слаўная мясціна. Тая ж хата, у якой адбылася мая сустрэча з Янкам Купалам. На гумне агромнае буславае гняздо з бусламі. Мае дрэвы павырасталі. Проста не верыцца, што я саджаў іх 36 гадоў таму назад і так паразрасталіся яны за гэты час...

Колас, апроч усяго іншага, падтрымліваў літаратараў-пачаткоўцаў, адказваў на іх лісты, даваў разгорнутыя каментары і парады. Ніжэй — прыклады яго адказаў, і добразычлівыя, і суровыя.

Рагнеда Вінцэнтаўна Аляхновіч (у дзявоцтве Грышкевіч) 16-гадовай школьніцай пачала пасылаць свае творы на суд Якубу Коласу. За гэтым паследавала перапіска, у якой Колас найперш раіў маладой паэтцы «вучыцца, вучыцца і вучыцца». Не без перашкод скончыўшы адукацыю, яна стала настаўніцай беларускай літаратуры, аўтаркай метадычыных дапаможнікаў ды грамадскай актывісткай.

Мілая, слаўная Рагнеда! Толькі што прачытаў Вашу паэму, асноваю якой паслужыла для Вас народнае паданне... […] Сшытак з «Таямніцай руін» я перасылаю Вам. Калі Вы на яго глянеце, то пабачыце, як многа ў ім чырвоных рыс. Падчоркнута ўсё, што трэба паправіць. Рысак гэтых вельмі многа, і спыняцца на кожнай з іх проста трудна — гэта адняло б занадта многа часу. […] Мая Вам дарада: Вы адыдзіцеся ад паэмы на некалькі гадоў, проста схавайце яе, а потым, калі Ваш бясспрэчны паэтычны талент даспее, Вы прачытайце яе. Вам тады стануць яснымі ўсе Вашы недахопы, і Вы здолееце зрабіць з свае паэмы сапраўдны паэтычны перл. […] Пішыце мне. У Вас ёсць усе даныя, каб стаць найвыдатнейшай паэтэсай. (Р. Ф. [Р. В.] Грышкевіч, 18 ліпеня 1947 г.)
Вашы вершы, адрасаваныя ў журнал «Беларусь», трапілі да мяне. Вершы не могуць быць надрукаванымі — яны не маюць ніякай грамадскай цэннасці, і з боку паэзіі яны слабыя. Чаму ў Вас няма вершаў на іншыя тэмы? Мне здаецца, калі Вы пажэніцеся з Вашай каханай, а праз месяц пасварыцеся, дык у Вас адпадзе жаданне прысвячаць вершы каханню. Што ж тады астанецца ад Вас, як ад паэта? Лепей папрацаваць дзень у калгасе, чым траціць час на складанне такіх вершаў. Даруйце за рэзкасць тону, але праўда ёсць праўда. (Пачынаючаму паэту, 22 ліпеня 1947 г.)

Вярнуўшыся ў Беларусь, Колас нарэшце можа аддацца сваёй жарсці — грыбам. Праўда, надвор'е не заўсёды спрыяе хобі паэта. Лісты з 1950-х гадоў добра паказваюць, як блізка ён успрымаў прыроду, ды так, што яго настрой быў наўпрост падпарадкаваны яе стану. Часам Колас, як ён сам пісаў, ад непагадзі нават ператвараўся ў «злого дурака».

Уж третий день я нахожусь в отпуске. Лето не радует меня: сухое, жаркое. Мне больно смотреть, как сохнут травы, увядают растения и безвременно созревают хлеба. С мольбой во взоре смотрю на небо, не встают ли благодатные тучи, готовые утолить жажду земли. И другой у меня есть умысел: после дождей пошли бы расти боровики. Без боροвиков меня и Болочанка не прельщает. Ходить много не могу. Самые благодатные места находятся в Устье, но надо пройти километра 2,5-3, чтобы очутиться в нем, а сейчас дорога пыльная, ехать жарко. 18 июля наступает полнолуние. Может оно принесет перемену в погоде, сделает ее не такой свирепой от излишней теплоты.Пока что время провожу дома. Лежу в гамаке, смотрю, как мухоловки ухаживают за своими ребятами. На оконной раме нашей столовой устроили они гнездо. Сначала работа у них плохо клеилась: нанесенный материал по условиям места не держался и сползал. Я прибил небольшую планку, чтобы облегчить их птичий труд. За этой планкой они быстро возвели домик. В нем появились четыре пичужки. Вчера одна вылетела из гнезда и села на палку, которой я колышусь в гамаке. Сколько было тревоги у бедной матери! Сегодня вылетели еще две пичужки. Они сели где-то в траве неподалеку от гнезда. Родителям много горя и забот. Но они соберут своих детишек. Через дня три все они мухоловьей фамилией будут ловить мотыльков. (М. П. Прозаравай, 17 ліпеня 1951 г.)
[…] я до 15 сентября нахожусь в отпуске. Избрал такие месяцы отпуска в надежде на грибы. Но вот уже второй месяц ни капли дождя нет. Все сохнет, горит. Даже засыхают деревья в моем саду, не говоря уж о прочих садовых культурах. Я не могу спокойно смотреть, как умирают растения, как горит трава, как пропадают в полях посевы. Потому я и хожу угнетенный, злой, проклинаю ветры, суховею, ругаю небеса — вообще обращаюсь в злого дурака. (Т. М. Ганчаровай, 3 жніўня 1951 г.)
Я забрался в тундру — так я называю тот лес, что окружает наш писательский дом отдыха, в котором я уже пробыл около месяца. […] там застой воздуха — до того густой, захламленный лес, много комаров, очень много гадюк. Человек, выбиравший это место, не отличался художественным вкусом и даже простым человеческим умом. (М. М. Прозаравай, 21 ліпеня 1952 г.)

У ліпені 1956 года Коласу застаецца жыць крыху больш за месяц, яго мучыць пастаянны боль, і гэты ліст да Міхася Лынькова ён падпісвае так: «інвалід Якуб Колас». Пачуццё гумару, нейкая народная вітальнасць, не пакідае яго і ў гэтых абставінах. Добры прыклад для ўсіх нас ды выдатнае разуменне дыялектыкі, якое варта ўзяць на ўзбраенне.

Прыходжу к сумнаму заключэнню, што свае рукі буду далечваць у зямлі. Другімі словамі — яны невылечныя. Ехаць у Цхалтуба далёка. Аднаму пускацца ў такую вандроўку неразумна. З другога боку, калі ў Цхалтуба настане адпаведнае надвор'е, пройдзе шмат часу, да якога я ўжо не дажыву. Зямля адмаўляецца насіць мяне на сваіх плячах, і не доўгі той час, калі яна скажа мне: «Злазь з плячэй, ідзі ў маё нутро!» А мае ногі і рукі пацвердзяць: паслухай, скажуць, зямлі. А я на гэта скажу ім: «Пацалуйце туды, дзе не стрыжана і не голена, а на сярэдзіне расколена, бо хачу жыць». Вось яна, якая дыялектыка! (М. Ц. Лынькову, 4 ліпеня 1956 г.)

Лісты і дзённікавыя запісы падаюцца паводле Збору твораў 1964 г., том 12.

Гісторыя
Літаратура
Беларусь
Мінск
XX стагоддзе
Янка Купала
Якуб Колас
Гісторыя Францыска Скарыны
Гісторыя Францыска Скарыны
Уявіце: Мікола Гусоўскі скончвае штодзённую працу над «Песняй пра зубра» і ідзе зірнуць на галоўную навінку ў свеце мастацтва — «Сіксцінскую Мадонну» Рафаэля, а Францыск Скарына перакладае «Псалтыр» пад гук малатка Марціна Лютэра і адпраўляецца праводзіць караблі Фернана Магелана. У адным з сусветаў усё гэта магло адбыцца, бо ўсе гэтыя людзі жылі ў адзін час! 6 жніўня 1517 года Францыск Скарына друкуе кнігу «Псалтыр» ва ўласным перакладзе. Гэта адначасова і бунт, і прарыў, і поўнае замацаванне Рэнесансу на Беларусі. Беларусы аднымі з першых у свеце маюць пераклад галоўнай еўрапейскай кнігі — Бібліі. У гэты ж час у Еўропе пачынаецца Рэфармацыя, канкістадоры высаджваюцца ў Мексіцы, маскоўскія войскі бяруць у аблогу Полацк, а Фернан Магелан распачынае кругасветнае падарожжа. У нашым новым матэрыяле — таймлайн жыцця Францыска Скарыны і найважнейшыя падзеі, якія адбываюцца ў сусветнай гісторыі ў той жа час.
Читать статью