15 верасня 1937 года Юлію Таўбіну споўнілася 26 гадоў. 15 верасня 1937 года быў падпісаны смяротны прысуд. Жыць яму заставалася паўтара месяцы.
Калі мы называем амаль любое імя з пакалення пісьменнікаў 1920-х, за ім цягнецца флёр трагічнасці. Варта згадаць імя Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Мойшэ Кульбака, Тодара Кляшторнага — і ўзнікае ўява: ноч, двор турмы, блікі ліхтароў, стрэлы.
Гэта непазбежна. Але тым прасцей развеяць морак ночы, калі будзем вывучаць біяграфіі творцаў. І тады пабачым схіленага над чарговым рукапісам у рэдакцыі Хадыку, цені дрэваў ля педагагічнага інстытута, заліты сонцам Амсціслаў.
Юлі Таўбін выкарыстоўваў дзве формы, калі падпісваў вершы: Мсціслаў і Амсціслаў. У гэтым артыкуле мы будзем выкарыстоўваць апошнюю. |
Я прыехала ў Амсціслаў, каб знайсці сляды Юлія Таўбіна і яго дома. У красавіку 2017 года сюды з канцэртам памяці паэта прыязджаў гурт «Балцкі Субстрат» і здымачная група дакументальнага фільма пра рэпрэсаваных паэтаў. Пасля канцэрта кіраўнік мясцовага духавога аркестра і краязнавец Мікалай Талпыга запрасіў музыкаў і кінематаграфістаў на экскурсію па цэнтры горада. Сапраўднай разынкай экскурсіі стаў «дом Таўбіна» — невялічкі мураваны будынак на вуліцы Пірагоўскай, 23. Фотаздымак камяніцы быў апублікаваны ў сацсетках, а потым і ў некаторых папяровых выданнях.
Гісторык Антаніна Талпыга расказала, што размаўляла з габрэямі, якім у вайну было 12−14 гадоў, і паводле іх успамінаў, аптэка Таўбіных была ў Гандлёвых радах на цяперашняй галоўнай плошчы горада. А злучаліся аптэка і дом пераходам. Таму і выглядае, што камяніца на Пірагоўскай была менавіта тым домам, дзе жылі Таўбіны.
З кнігі «Город Мстиславль: (Могилевской губернии)» даведваемся, што ў 1912 годзе ў горадзе былі адна аптэка і тры аптэкарскія крамы. У якой з іх мог працаваць пасля пераезду сюды Абрам Таўбін, паэтаў бацька?
У артыкуле «Лекарственное обеспечение населения и лечебных учреждений в Мстиславском крае в период Российской империи» знаходзім, што «почти 19 лет (1899—1918) хозяином аптеки в Мстиславле являлся провизор Стефан Сухоцкий и управлял ею до 1916 г. Аптека располагалась на ул. Соборной». У 1916 г. Сухоцкі перадаў кіраванне аптэкай правізару С. Р. Мароўскаму, а той пасля нацыяналізацыі аптэкі перадаў усю маёмасць новаму кіраўніку — правізару Таўбіну [8].
Як я высветліла ў мясцовым музеі, Саборная вуліца таксама называлася Параднай, а ў сярэдзіне 1920 — пачатку 1930-х гг. была перайменавана ў Савецкую [7]. Значыць, усё ж такі не Пірагоўская?.. Пацвярджэнне знаходзім ва ўспамінах Мікалая Войценкава — колішняга мсціслаўскага маладнякоўца, якому лёс наканаваў перажыць усіх сваіх сяброў: «На першым паверсе дома была аптэка, на другім кватэра Таўбіных. Дом гэты знаходзіўся на вуліцы Савецкай каля былой Пятніцкай царквы. У час Айчыннай вайны ён быў разбураны» [2].
Аднак у тым самым нарысе М. Войценкаў згадвае і яшчэ два адрасы Таўбіных. Па адным з іх (вул. Першамайская, 3) сям'я жыла, відаць, нядоўга, — у сярдэдзіне 1920-х, — у той час, калі Юлі заканчваў школу-сямігодку і паступаў у Амсціслаўскі педтэхнікум. А вось на другім (дакладней, ужо на трэцім) спынімся падрабязней.
Заўважым, што маці Юлія Таўбіна мемуарыст згадвае некалькі разоў, а вось пра бацьку — ні слова. Як высветлілася, Абрам-Ёсель Залманавіч Таўбін памёр у пачатку 1928 года. |
«Аркадзь Куляшоў у час вучобы на 1-ым курсе жыў тады на кватэры С. А. Таўбінай — маці Юлія. Гэта кватэра, якая знаходзілася на рагу вуліц Калініна і Камунарнай (у тыя гады на Чырвонай, 16) была накшталт літаратурнага клуба. У кватэры Таўбінай, дзе жылі З. Астапенка і А. Куляшоў, аўтар гэтых радкоў, збіраліся пасля вучэбных заняткаў Я. Гоманаў, З. Півавараў, Я. Сінякоў, С. Калугін і іншыя. Тут абмяркоўваліся новыя творы пачынаючых аўтараў, літаратурныя навіны, планы рукапіснага часопіса «Юнацкі кліч» [2].
Цікава, што той новы адрас Таўбіных знайшоў адлюстраванне ў мастацкай літаратуры, і нават не ў адным творы. Аркадзь Куляшоў у паэме «Далёка да акіяна» (1969—1971) згадвае сваіх сяброў маладосці (Таўбіна лёгка пазнаць у вобразе Юлія Гомана, які нібы ўвабраў у сябе апісанні іншых мемуарыстаў) ды студэнцкія інтэрнаты («Нашы інтэрнаты / Стаў адзін — Парыжам, / А другі — Версалем»). Дарога ад інтэрнатаў вяла на Чырвоную, да Таўбіных:
Гарадком, спавітым сном,
Мне дарогу значыць
Тратуар дашчаны ў дом
З нумарам шаснаццаць.
Пэўна, стрэне там мяне
Строга Гоман Юлі.
А вось і радкі з верша «Даверлівы, зусім не скептык...» (1929) самога Юлія Таўбіна:
Мне ўсё тут люба...
Ўсё знаёма —
Будынка даўняга фасад...
Ў забытым садзе — патаёма
Так хітра сплеценых прысад...
Завулкаў ціш і вуліц шумы,
Недатыкальнай сіні гладзь,
І гэты дом, і сіні нумар
На ім:
16/45.
Тады, у 2017 годзе, гэты нумар звязвалі з камяніцай па вуліцы Пірагоўскай. Але, калі пазл нарэшце склаўся, я змагла вырушыць да сапраўднага адраса.
На вуліцы Калініна (колішняй Чырвонай), на рагу з Камунарнай, ёсць чатыры дамы: № 29, № 31, № 32 і № 37 (памятаем, што не толькі назвы вуліц, але і нумарацыя дамоў змянялася). Здаецца, што найбольш пасуе дом пад нумарам 32: стары, драўляны, аднапавярховы, з калонамі на ганку, «будынка даўняга фасад». Так хочацца верыць, што гэта менавіта ён... Але ці сапраўды гэта так?
Нумарацыя вуліц звычайна ідзе ад цэнтра. Калі ўлічваць, што пры змененай нумарацыі цотны і няцотны бакі вуліц усё ж засталіся на сваіх месцах, то дом, які быў бы цотны па Калініна і пры гэтым няцотны па Камунарнай, мусіў бы стаяць на месцы дома № 31. Такім чынам, робім выснову: дом на Чырвонай, 16/45, знакаміты дом Таўбіна, апеты ў вершах, не захаваўся. Цяпер на яго месцы агарод.
Але калі падумаць, дом № 32 — той стары, драўляны — хоць, можа, і ўскосна, але таксама звязаны з паэтавым жыццём: яго Юлі Таўбін бачыў штодня з акна, калі сядзеў за сваім сталом, чытаў улюбёныя кнігі, пісаў вершы, гуляў у шахматы. Можна ўявіць, як зімовым вечарам 1929 года паэт, сузіраючы ў акно заснежаны краявід, напісаў:
На вуліцах — мароз і маладзік
І рэдкі стук рамізніцкіх фурманак...
Абсыпаны снягамі паштавік
Ўзыходзіць ціха на суседні ганак.
Я да акна ў задумнасці прынік —
Акно маё узорамі заслана...
На вуліцах — мароз і маладзік
І рэдкі стук рамізніцкіх фурманак.
Калі я ўжо вярталася з Амсціслава, трапіла на такі дакумент з інтэрнэту: |
№ 139 Акт Мстиславской районной комиссии ЧГК об уничтожении немецкими оккупантами населения в районе 1 ноября 1943 г. На западной окраине гор. Мстиславля в овраге между Замковой и Троицкой горами. 15 октября 1941 года немецкие изверги зверски замучили и расстреляли только в один этот день 620 человек ни в чем не повинных мирных жителей-евреев — женщин, стариков и детей, только по той причине, что они по национальности евреи. [...] Среди расстрелянных евреев зубной врач Левина, акушерка Тавбина С. А., бухгалтер Лифиц М. Н., преподаватель музыки Дворин и др. [1]. |
Літаратура
1. Без срока давности: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Беларусь. Могилевская область: [сборник архивных документов и материалов / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь и др. - Минск : НАРБ : Москва, Фонд "Историческая память", 2021. - С. 221.
2. Войценкаў, М. Мсціслаўскія "маладнякоўцы" // Святло Кастрычніка (г. Мсціслаў). 1986. 11, 14, 18 кастр.
3. Доморацкая, Т. С., Мазанович, А. В. История развития аптечной сети Мстиславля / Т. С. Доморацкая, А. В. Мазанович // 12- международная научно-практическая конференция по истории медицины и фармации : сборник материалов. — Гродно : ГрГМУ, 2012. — С. 75—78.
4. Краснянский, В. Г. Город Мстиславль: (Могилевской губернии): с 50 автотипиями / В. Г. Краснянский// Вильна, 1912. — С. 30.
5. Куляшоў, А. Выбраныя творы / А. Куляшоў. - Мінск: Беларуская навука, 2020. — С. 334—335.
6. Сацукевіч, І. І. Тапанімічная спадчына Мсціслава/ І. І. Сацукевіч// Мсціслаў і Мсціслаўскі край: зборнік навуковых артыкулаў/ Мінск: Беларуская навука, 2019 — С. 324.
7. Сосонкина, В. Ф., Тарабарова, Е. А. Лекарственное обеспечение населения и лечебных учреждений в Мстиславском крае в период Российской Империи / В. Ф. Сосонкина, Е. А. Тарабарова // Мсціслаў і Мсціслаўскі край: гісторыя, падзеі, людзі : зб. навук. арт. / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск: Бел. навука, 2021. — С. 221—222.
8. Список от 15.09.1937 [Белорусская ССР] РГАСПИ, ф.17, оп.171, дело 411, лист 69.
9. Таўбін, Ю. Выбранае / Ю. Таўбін. - Мінск : Выдавец Зміцер Колас, 2017. — С. 17, 22, 23.