Восень 1937 года. XX-годдзе Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Радыёкамітэт пры СНК БССР з 1 па 25 кастрычніка праводзіць Рэспубліканскі радыёфестываль народнай творчасці.
Пра маштабы мерапрыемства можна меркаваць па колькасці ўдзельнікаў, хаця лічбы ў прэсе разыходзяцца. Так, напрыканцы верасня, перад самым пачаткам імпрэзы, газета «Рабочы» паведамляла, што «всего в радиофестивале примут участие до 1000 человек». Газета «Звязда» у першыя дні фестывалю паведамляла пра ўдзел «усяго каля 900 чалавек», а напрыканцы — ужо пра «больш 3000 чал. з 40 гарадоў, раёнаў і вайсковых часцей рэспублікі». І нарэшце, пасля фэстываля ЛіМ пост-фактум таксма падцвярджае удзел «каля 3000 чалавек з 30 раёнаў рэспублікі» (гэта траціна раёнаў тагачаснай БССР). Калі гэтыя лічбы праўдзівыя, то за 25 дзён фестывалю перад журы і радыёслухачамі штодня выступалі ў сярэднім па 120 чалавек (у тым ліку ў складзе ансамбляў і харавых калектываў).
Канцэрты трансляваліся «па ўсёй БССР з Палаца піонераў і акцябрат» (цяпер гэта Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, вул. Кірава, 16). Будынак радыёстанцыі імя СНК БССР стаяў праз квартал, на той жа вул. Універсітэцкай (цяпер Кірава), там, дзе цяпер галоўны уваход на стадыён «Дынама» з Камсамольскай вуліцы, быў зруйнаваны падчас вайны.
«Праз Менскую радыёстанцыю імя СНК БССР выступілі самыя разнастайныя калектывы і выканаўцы-адзіночкі мастацкай самадзейнасці. Тут калгасныя хоры, хоры фабрык і заводаў, клубаў, школ, струнныя і духавыя аркестры, ансамблі цымбалістаў, гарманістаў, жалеечнікі, дудары, сказіцелі, чытальнікі, спевакі, скрыпачы, мандаліністы, цэлыя музыкальныя сем’і, чыровонаармейскія ансамблі і т.д. Кожны калектыў, кожны асобны выканаўца сваім удзелам у радыёфестывалі рапартаваў аб сваім культурным росце за 20 год, росце, які стаў магчымым толькі ў нашай краіне перамогшага соцыялізма.» — пісала газета ЛіМ.
Сярод разнастайных хораў і ансамбляў, песень «Сталін — родны бацька наш», волжскіх і саратаўскіх прыпевак, беларускіх, рускіх, яўрэйскіх народных песень, «рапартаваў аб сваім культурным росце» і дудар Стэсь: «Вялікае ўхваленне ў журы атрымалі выступіўшыя ў радыёфестывалі 70-гадовы калгаснік калгаса „Армія Леніна“ (Полацкі раён) т. Стэсь (ён выканаў на дудцы (sic!) некалькі беларускіх народных песень) і 62-гадовы калгаснік калгаса „Перамога“, Уздзенскага раёна, Кастусь Чаглей. На травяной самадзельнай дудцы ён выканаў беларускую польку і песню „Ў полі вецер вее“.»
Як бачым, аўтар цытаванага вышэй артыкула ў ЛіМ (нехта Р. А.) хоць і адрознівае «жалеечнікаў» ад «дудароў», але называе інструмент т. Стэся не «дудой», а «дудкай», як і «травяную дудку» іншага выканаўцы Чаглея (тут відавочна ідзецца пра «чаротку» ці саламяны «пішчык»). Тэрміны «дуда» і «дудка» часта ўжываюцца ў літаратуры і фальклоры як сінонімы, прыгадайма хаця б класічнае «А без дудкі, без дуды ходзяць ножкі не туды...» Не выклікае сумневаў, што ў выпадку Стэся гаворка ідзе менавіта пра дуду (з мехам і гукам), што падцвярджае ўся пазнейшая інфармацыя пра гэтага музыку, а найперш фотаздымак, зроблены неўзабаве пасля радыёфестывалю.
Хутчэй за ўсё, выступы трансляваліся толькі ў прамым эфіры, бо запіс на радыё тады ўжываўся рэдка. Дасяжныя на той момант механічныя тэхналогіі запісу (на васкавыя валікі ці нарэзка матрыцы для грампласцінак) былі затратныя і дазвалялі запісваць толькі невялікія фрагменты гуку — да 2-3 хвілін. Запіс на магнітную стужку пачне шырака ўжывацца толькі ў 1950-я гады. Аднак, вядома, што яшчэ ў 1936 годзе на беларускім радыё былі ўсталяваныя апараты гуказапісу тыпу «Шорынафон» — гэта створаная ў СССР у 1931 сістэма электрамеханічнага запісу іглой на стандартную 35-мм цэлюлозную кінастужку, касеты якой на 300 метраў хапала для запісу 8 гадзін гуку. Гэтая тэхніка дазволіла беларускаму радыё, напрыклад, трансляваць у рубрыцы «Радыётэатр» радыёспектаклі і музычныя перадачы. Такім чынам, мы не можам цалкам выключаць магчымасці аўдыёзапісу выступаў на радыёфестывалі (напрыклад, для далейшых паўтораў). Калі такія запісы і рабіліся, шанцы, што яны захаваліся, выглядаюць вельмі нізкімі.
Як бы там ні было, у кастрычніку 1937 года беларускую дуду Стэся па радыё магла чуць уся Беларусь. А магчыма і не толькі Беларусь, бо на 30 кастрычніка прэса анансавала «канцэрт прэміраваных калектываў і паасобных выканаўцаў», які «будзе трансліравацца праз станцыю імя Комінтэрна па ўсяму СССР.»
Дакладныя даты выступаў Стэся на фестывалі нам прасачыць пакуль не ўдалося. Але вядома, што за ўдзел Стэсь быў прэміраваны: разам з жаночым ансамблем работніц Бабруйскага цагельнага завода, рабочым хорам завода імя Варашылава (Мінск), хорамі клуба дзяржгандлю (Віцебск) і чыгуначнага клуба імя Леніна (Гомель), ансамблямі цымбалістаў з Гомеля і Віцебска, хора баявой чырвонаармейскай частушкі, джаза фабрыкі «Кастрычнік» і шматлікімі іншымі калектывамі і асобнымі выканаўцамі, якіх журы фестывалю «высунула да прэміі», згадваецца і «Стэсь (Полацк)».
Гэта дазваляе дапусціць, шта разам з іншымі «лепшымі удзельнікамі фестывалю» Стэсь мог быць «выкліканы ў Менск для ўдзелу 30 кастрычніка ў канцэрце для Масквы» і граць для міліёнаў слухачоў на ўвесь СССР.
Дзеля паўнаты карціны тагачаснага «дударскага» жыцця Менску варта згадаць яшчэ адну падзею.
Усяго ў некалькіх кварталах ад Радыёстанцыі імя СНК і «Палаца піонераў і акцябрат», у сутарэннях унутранай турмы НКУС («амерыканкі») у кастрычніку 1937 года чакалі расстрэлу больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты — дзеячоў культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадзкіх дзеячоў БССР.
Сярод іх — паэт і перакладчык Алесь Дайлідовіч (псеўданім Алесь Дудар), асуджаны як «член антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі». А таксама празаік і паэт Майсей Кульбак, аўтар, між іншага, паэмы на ідыш «Дуда. Песня-жальба аб старой Беларусі». Першая частка паэмы з падзагалоўкам «Доля» пачынаецца са словаў «Гэй, зайграю я бедную долю маю на дудзе...» і завяршаецца словамі «А якая доўгая рыба засталася без рэчкі? — Я, дудар беларускі.»
Выступы ўдзельнікаў радыёфестывалю 1-25 кастрычніка 1937 года маглі стаць апошняй музыкай, якую, магчыма, чулі ў кабінетах НКУС падчас допытаў рэпрэсаваныя.
Ці чулі «дудары» Дайлідовіч і Кульбак дуду Стэся?
«Радыёфестываль выклікаў шмат водгукаў ад радыёслухачоў не толькі Беларусі, але з Масквы і Украіны», а таксама «паказаў, што да 20-гадавіны Вялікай Кастрычніцкай соцыялістычнай рэволюці ў БССР, як і ва ўсіх рэспубліках, ва ўсіх вёсках і гарадах нашай неабсяжнай радзімы народ складае і спявае новыя песні, у якіх славіць свае перамогі, сваё шчаслівае жыццё, любімага правадыра і друга Вялікага Сталіна».
Арыгінальны пост Яўгена Барышнікава (eugen@ethno.by)