Націсніце на фотаздымак, каб ён ажыў.
Алесь Дудар
«А дзень чырвоны зацвіце,
І мы гукнем яму: „Дабрыдзень“.
І са шчытом ці на шчыце
Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем».
Міхась Зарэцкі
«Ціха, лагодна патрусілася з неба. Потым завіхрылася маладым, жвавым карагодам. У дзівосных, адчайных скоках замітусілася, быццам хацела падражніцца, пашкуматаць трохі счарнеўшую старую зямлю.
І ўрэшце ўзляглася — цяжка, пухка, пластом ваты; захінула, сціснула ў мякка-ўпартых абнімках.
Бель... Першая бель — прывітанне доўгачаканай гасцюхі-зімы...
Весела, радасна спатыкаць першы снег!
Чаму?
Можа, таму, што смерць прыроды ярка адзначае, быццам падкрэслівае жыццё чалавека? Мо затым і настрой тады ахапляе чалавека такі, што — жыць, разгарнуцца, упіцца жыццём хочацца? Мо затым гэта смяротнае адзенне, гэты саван прыроды — бель — абуджае душу чалавека, цягне яго некуды ў зачарованы прасцяг, туды, далёка па гэтым бяскрайнім белым дыване, на спатканне чамусь невядомаму, светламу?
Можа, і затым? Але ладна...»
Тодар Кляшторны
«Але ў марозах сэрца не астыне,
Калі вясною вее з-за гаёў...
Мы ўсе нясём,
Нясём сваёй краіне
У падарунак сілу і любоў».
Майсей Кульбак
«Я — прага быць, я — станаўлення спеў,
Я — запавет
Таго, у кім старым віном кіпеў
Наш п’яны свет!»
Юлі Таўбін
«Вечар... У горадзе вечар... Снягі пасінелі...
І дрыжыць тэлефонная сець...
Толькі крокі па цёмных, шырокіх панелях
І ўначы не пакінуць гручэць».
Зяма Півавараў
«...У бараках ноч, як данбаскі вугаль,
чорная,
і цішыня нацята
застыглай
топкай.
Няма чаго
хлапцам гібнець
у дарозе торнай —
Праз пару дзён
на а-гуль-ную
забастоўку!..»
Анатоль Вольны
«Ў мармуровым снягу
вецер
песні
пісаў...
Вецер спеў
завіваў
у ліловы
вянок, —
я цябе пакахаў,
я цябе пакахаў...»
Міхась Чарот
«Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!»
Уладзіслаў Галубок
«..Ніколі ніхто ў Хойніках не бачыў такога натоўпу людзей. Сяляне, нягледзячы на мароз, ішлі з далёкіх вёсак з паперкамі ад сельсаветаў: „Беларускі тэатр. Бабіцкі сельсавет накіроўвае восем сялян, якіх прапусціць дармова, яны з’яўляюцца беднякамі“. Такіх паперак к вечару набіралася вельмі многа, і ў тэатр прыходзіла да 450 чалавек. Будынак клуба трашчаў.»
З мемуараў, Хойнікі, 1926 г.
Юрка Лявонны
«Толькі марна, марна яны востраць
Па кутах іржавыя нажы;
Прамяністым шляхам
Пройдзем проста
Ў залатую, сонечную шыр!»
Ізі Харык
«Прайду праз жыццё маладым!
Ты чуеш, зямля, маладым,
Пакуль маё сэрца не стане!»
Валер Маракоў
«Я багаты
І песняй сваёй, і юнацтвам,
Ў маёй хаце блакітны варушыцца свет.
Буду сёння над смерцю варожай смяяцца,
Бо інакшая песня да мэты заве.
Я аб гэтым і доўга і ўпарта так марыў,
Я заснуўшае шчасце сваё абудзіў.
І ўжо шэпча мне нехта з усмешкай на твары:
— Не спыняцца нам тут,
А ісці ды ісці».