«Жывыя партрэты» паэтаў 20-х | Wir.by
(Не)расстраляныя паэты 20-ых «ажылі» дзякуючы тэхналогіі Deep Nostalgia. Паглядзіце, як выглядалі Міхась Зарэцкі, Юлі Таўбін, Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Маісей Кульбак, Зяма Півавараў, Анатоль Вольны, Уладзіслаў Галубок, Міхась Чарот, Юрка Лявонны, Ізі Харык, Валер Маракоў.
«Жывыя партрэты» паэтаў 20-х

«Жывыя партрэты» паэтаў 20-х

Націсніце на фотаздымак, каб ён ажыў.

Алесь Дудар

«А дзень чырвоны зацвіце,

І мы гукнем яму: „Дабрыдзень“.

І са шчытом ці на шчыце

Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем».

Міхась Зарэцкі

«Ціха, лагодна патрусілася з неба. Потым завіхрылася маладым, жвавым карагодам. У дзівосных, адчайных скоках замітусілася, быццам хацела падражніцца, пашкуматаць трохі счарнеўшую старую зямлю.

І ўрэшце ўзляглася — цяжка, пухка, пластом ваты; захінула, сціснула ў мякка-ўпартых абнімках.

Бель... Першая бель — прывітанне доўгачаканай гасцюхі-зімы...

Весела, радасна спатыкаць першы снег!

Чаму?

Можа, таму, што смерць прыроды ярка адзначае, быццам падкрэслівае жыццё чалавека? Мо затым і настрой тады ахапляе чалавека такі, што — жыць, разгарнуцца, упіцца жыццём хочацца? Мо затым гэта смяротнае адзенне, гэты саван прыроды — бель — абуджае душу чалавека, цягне яго некуды ў зачарованы прасцяг, туды, далёка па гэтым бяскрайнім белым дыване, на спатканне чамусь невядомаму, светламу?

Можа, і затым? Але ладна...»

Тодар Кляшторны

«Але ў марозах сэрца не астыне,

Калі вясною вее з-за гаёў...

Мы ўсе нясём,

Нясём сваёй краіне

У падарунак сілу і любоў».

Майсей Кульбак

«Я — прага быць, я — станаўлення спеў,

Я — запавет

Таго, у кім старым віном кіпеў

Наш п’яны свет!»

Юлі Таўбін

«Вечар... У горадзе вечар... Снягі пасінелі...

І дрыжыць тэлефонная сець...

Толькі крокі па цёмных, шырокіх панелях

І ўначы не пакінуць гручэць».

Зяма Півавараў

«...У бараках ноч, як данбаскі вугаль,

чорная,

і цішыня нацята

застыглай

топкай.

Няма чаго

хлапцам гібнець

у дарозе торнай —

Праз пару дзён

на а-гуль-ную

забастоўку!..»

Анатоль Вольны

«Ў мармуровым снягу

вецер

песні

пісаў...

Вецер спеў

завіваў

у ліловы

вянок, —

я цябе пакахаў,

я цябе пакахаў...»

Міхась Чарот

«Я не чакаў

І не гадаў,

Бо жыў з адкрытаю душою,

Што стрэне лютая бяда,

Падружыць з допытам,

З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі,

Мае бары, —

Кажу вам — я не вінаваты!»

Уладзіслаў Галубок

«..Ніколі ніхто ў Хойніках не бачыў такога натоўпу людзей. Сяляне, нягледзячы на мароз, ішлі з далёкіх вёсак з паперкамі ад сельсаветаў: „Беларускі тэатр. Бабіцкі сельсавет накіроўвае восем сялян, якіх прапусціць дармова, яны з’яўляюцца беднякамі“. Такіх паперак к вечару набіралася вельмі многа, і ў тэатр прыходзіла да 450 чалавек. Будынак клуба трашчаў.»

З мемуараў, Хойнікі, 1926 г.

Юрка Лявонны

«Толькі марна, марна яны востраць

Па кутах іржавыя нажы;

Прамяністым шляхам

Пройдзем проста

Ў залатую, сонечную шыр!»

Ізі Харык

«Прайду праз жыццё маладым!

Ты чуеш, зямля, маладым,

Пакуль маё сэрца не стане!»

Валер Маракоў

«Я багаты

І песняй сваёй, і юнацтвам,

Ў маёй хаце блакітны варушыцца свет.

Буду сёння над смерцю варожай смяяцца,

Бо інакшая песня да мэты заве.

Я аб гэтым і доўга і ўпарта так марыў,

Я заснуўшае шчасце сваё абудзіў.

І ўжо шэпча мне нехта з усмешкай на твары:

— Не спыняцца нам тут,

А ісці ды ісці».

Больш пра гэтых пісьменнікаў можна даведацца на старонцы праекта (Не)расстраляныя.

Літаратура
Беларусь
XX стагоддзе
Юрка Лявонны
Алесь Дудар
Тодар Кляшторны
Міхась Чарот
Валеры Маракоў
Гісторыя Францыска Скарыны
Гісторыя Францыска Скарыны
Уявіце: Мікола Гусоўскі скончвае штодзённую працу над «Песняй пра зубра» і ідзе зірнуць на галоўную навінку ў свеце мастацтва — «Сіксцінскую Мадонну» Рафаэля, а Францыск Скарына перакладае «Псалтыр» пад гук малатка Марціна Лютэра і адпраўляецца праводзіць караблі Фернана Магелана. У адным з сусветаў усё гэта магло адбыцца, бо ўсе гэтыя людзі жылі ў адзін час! 6 жніўня 1517 года Францыск Скарына друкуе кнігу «Псалтыр» ва ўласным перакладзе. Гэта адначасова і бунт, і прарыў, і поўнае замацаванне Рэнесансу на Беларусі. Беларусы аднымі з першых у свеце маюць пераклад галоўнай еўрапейскай кнігі — Бібліі. У гэты ж час у Еўропе пачынаецца Рэфармацыя, канкістадоры высаджваюцца ў Мексіцы, маскоўскія войскі бяруць у аблогу Полацк, а Фернан Магелан распачынае кругасветнае падарожжа. У нашым новым матэрыяле — таймлайн жыцця Францыска Скарыны і найважнейшыя падзеі, якія адбываюцца ў сусветнай гісторыі ў той жа час.
Лізавета ДубінчынаМарыя Бадзей
Чытаць артыкул