Wir.by | Лемкаўская мова
Што за мову можна называць «лемкаўскай», «русінскай» і «рускай», якія дадатковыя сэнсы можна ўбачыць у фільме «Халодная вайна» Паўла Паўлікоўскага і пры чым тут Эндзі Уорхал.
Лемкаўская мова

Для гэтай мовы існуе каля 50 назваў: «руська бесіда», «руснацькый язик», панонская мікрамова, карпата-русінская мова, лемкаўская мова – толькі некаторыя з іх. Гавораць на гэтай мове ў Венгрыі, Славакіі, Сербіі, Харватыі, Польшчы і Украіне, а таксама ў ЗША і Канадзе.

Русінская мова належыць да ўсходнеславянскіх і карыстаецца кірыліцай.

У Сербіі і Харватыі (дзе русіны апынуліся ў 1740-х гадах у выніку аўстрыйскай палітыкі каланізацыі) сітуацыя найбольш спрыяльная: там русінская мова была кадыфікаваная яшчэ ў 1923 годзе і з’яўляецца адной з чатырох рэгіянальных моў, гэта значыць прысутнічае на шыльдах, у адукацыі і прэсе.

Назва «лемкаўская мова» з’яўляецца афіцыйнай у Польшчы. Лемка – гэта мянушка ад русінскага слова «лем», што значыць «толькі». Іншыя русіны, якія пражываюць за межамі Лемкавіны, замест «лем» ужываюць словы «тілько», «хиба» і «лиш».

Падобная гісторыя з назвамі суседзяў лемкаў бойкамі (ад «бой» – неадукаваны чалавек) і гуцуламі (ад румынскага «рабаўнік»). Цяпер усе гэтыя назвы прагаворваюцца з гордасцю і з’яўляюцца спосабам падкрэсліць сваю адметнасць.

Згодна з польскім «Законам аб нацыянальных і этнічных меншасцях» 2005 года лемкі маюць статус этнічнай меншасці. Адным з крытэраў гэтага з’яўляецца дэклараванне сябе як не належных да таго народу, з якога яны нібыта генетычна выводзяцца і які мае сваю дзяржаву.

Лемкі сябе ўкраінцамі катэгарычна не лічаць, і таму украінцы ў Польшчы маюць статус нацыянальнай меншасці, а лемкі – этнічнай.

Як лемкі апынуліся ў польскай Сілезіі? У самім Каралеўстве Польскім гэтыя землі (Бяскіды, Бяшчады, Карпаты, сённяшняя частка Закарпацкай вобласці ва Украіне) былі прыкладна з 14 стагоддзя. Да гэтага часу яны былі амаль не заселеныя. У канцы 18 стагоддзя гэтыя землі апынуліся ў складзе Аўстра-Венгрыі, а з 1918 года сталі часткай Польшчы. У 1945 годзе частка насельніцтва гэтых земляў была гвалтам пераселеная на ўкраінскія стэпы, а ў 1947 – у глыб Польшчы (аперацыя «Вісла») з мэтай пазбаўлення Украінскай паўстанцкай арміі падтрымкі. Дазваляўся пераезд не больш за 3-5 сем’яў перасяленцаў у адну вёску, каб паскорыць асіміляцыю. Памяць пра гэтую акцыю (а не мова, рэлігія ці нават паходжанне) – галоўны кансалідуючы чыннік для прадстаўнікоў лемкаўскай этнічнай меншасці ў Польшчы. Яшчэ адна прычына, чаму лемкі не лічаць сябе ўкраінцамі: грэка-каталікі пры перасяленні ва Украіну часта гвалтам пераводзіліся ў праваслаўе. У самой Польшчы пасля аперацыі «Вісла» многія грэка-каталіцкія святыні былі знішчаныя каталікамі. Гэта тлумачыць, чаму на сённяшні дзень лемкі сябе пазіцыянуюць асобна і ад украінцаў, і ад палякаў.

RSS-лента
Рассказать о нас всем
Помочь нам
Если вы нашли ошибку, у вас есть замечания по сайту или вы хотите помочь нам, напишите, пожалуйста на help@wir.by
© Wir.by, 2020. При копировании и цитировании наших материалов, пожалуйста, не забывайте ссылаться на первоисточник, из которого вы получили информацию.