Лужыцкія мовы | Wir.by
Верхняя і Ніжняя Лужыца — гэта рэгіён на ўсходзе Германіі і захадзе Польшчы. Што такое сарабістыка і пры чым да Лужыцы сербы, як складаюцца нямецка-лужыцкія адносіны, якімі інтэрнэт-рэсурсамі можна карыстацца па-лужыцку, а таксама трошкі пра лужыцкі антыфолк-панк-шансон.
padporynava
Любоў Падпорынава

Лужыцкія мовы

Apple Podcasts
Yandex Music
Spotify
Славянскія мовы
Гэта 4 частка цыкла
Славянскія мовы
1. Кашубская мова
2. Лемкаўская мова
3. Сілезская мова
4. Лужыцкія мовы

Лужычане, яны ж лужыцкія сербы, венды альбо сорбы – народ, які жыве на ўсходзе Германіі і на захадзе Польшчы – напрыклад, у такіх гарадах, як Chóśebuz (Котбус), Budyšin (Баўтцэн) ды Drježdźany (Дрэздэн). Сама ж назва рэгіёна, згодна з адной з версій, паходзіць ад слова «луг», якое азначае багністую мясцовасць – рэшткі гэтага значэння можна знайсці ў беларускім слове «лужына».

Лужыца падзяляецца на дзве вялікія часткі: Верхнюю на поўдні ды Ніжнюю на поўначы, кожная з якіх мае ўласную культуру і мову. Так, Верхнюю Лужыцу насяляюць пераважна каталікі, а Ніжнюю – пратэстанты. Цікава, што мовы ў суседніх рэгіёнах істотна адрозніваюцца на ўсіх узроўнях – да такой ступені, што часам блізкароднасныя народы не могуць паразумецца адно з адным.

Лужычане карыстаюцца лацінкай: у іх алфавіце 34 літары, некаторыя з якіх аздоблены дыякрытычнымі знакамі: č, ć, dź, ě, ń, ó, ř, š, ž. Націск у гэтых мовах падае пераважна на першы склад.

Сярод граматычных цікавостак можна адзначыць наяўнасць парнага ліку, даволі рэдкага ў граматыках: адным словам можна сказаць «два бацькі» – nanaj, «два чалавекі» – mužej.

Калі гаварыць пра адрозненні паміж верхнялужыцкай і ніжнялужыцкай мовамі, варта адзначыць катэгорыю мужчынскай асобы і клічны склон, якія захаваліся ў верхнялужыцкай мове. Затое ў ніжнялужыцкай ёсць супін – адмысловая дзеяслоўная форма, якая дадаецца да дзеяслова руху і абазначае мэту дзеяння. Гаворачы пра лексіку, нельга не абмінуць вялікі пласт запазычанняў з нямецкай мовы, якія часта атрымліваюць славянскія словаўтваральныя формы.

Складанай можна назваць сітуацыю з побытавым ужываннем абедзвюх моў: нягледзячы на тое, што яны вывучаюцца ва ўніверсітэтах (у Лейпцыгу існуе інстытут сарабістыкі) і даволі актыўна выкарыстоўваюцца ў штодзённым жыцці, такія галіны, як школьная адукацыя ці справаводства застаюцца праблемнымі.

Адукацыю па-лужыцку можна атрымліваць выключна ў Верхняй Лужыцы, прычым не на ўсіх ступенях навучання і толькі па асобных прадметах, а вышэйшай адукацыі на мове меншасці ўвогуле не існуе.

Дакументы, якія заканадаўча рэгулююць правы лужычан у Германіі, часта маюць недакладныя фармулёўкі, што таксама не спрыяе ўмацаванню мовы і культуры. Ёсць газеты і журналы на абедзвюх мовах, але іх тыражы замалыя; у эфіры радыё выходзяць праграмы па-лужыцку, але транслююцца яны ў самы непапулярны час; па тэлебачанні перадачы на мовах абодвух народаў можна пабачыць раз на месяц. Затое лужыцкія мовы могуць пахваліцца ўласнай версіяй Microsoft Word, шэрагам старонак на Вікіпедыі ды іншымі праявамі інтэрнэт-жыцця. Спадчыну лужычан захоўваюць і перадаюць шматлікія фальклорныя гурткі, а таксама сучасныя музыкі, сярод якіх можна адзначыць антыфолк-панк-шансон гурт Berlinska Dróha.

Нягледзячы на ўсю складанасць становішча лужыцкіх моў, застаецца надзея, што некалі ўсё ж атрымаецца спалучыць у адно шматлікія рухі, гурткі ды інстытуцыі, дробныя і буйныя, дзяржаўныя і прыватныя, і «малыя» лужыцкія мовы змогуць выйсці з цяжкага становішча і цалкам аднавіцца.

Лінгвістыка
Славяне
XX стагоддзе