Як прыгатаваць мову ВКЛ | Wir.by
Вакол беларускай мовы з зайздроснай рэгулярнасцю разгараюцца баталіі, і тычацца яны не толькі яе сучаснага стану. Мовазнаўцы і гісторыкі і па сёння не могуць пагадзіцца наконт таго, на якую мову Скарына пераклаў Біблію, што можна лічыць уласна беларускай мовай і з якіх часоў варта адсочваць яе развіццё. Паспрабуем прыгледзецца да мовы Вялікага Княства Літоўскага, бо ўсім вядома: лепей адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць.
Як прыгатаваць мову ВКЛ

Як прыгатаваць мову ВКЛ

8.pngДык як жа прыгатаваць мову ВКЛ?

Старабеларуская, канцылярска-славянская, старазаходняруская, стараўкраінская, літоўска-руская, літоўска-славянская, руска-польская, старозападнорусское наречие, простая мова, język polsko-białoruski, Ruthène... Дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага цяпер мае каля 40 імёнаў. Дыскусіі аб тым, якое з іх пасуе найлепш, цягнуцца ўжо два стагоддзі і не збіраюцца спыняцца.

Мова, якая мае столькі назваў, — страва для сапраўдных гурманаў. Кацёл гісторыі варыць усё, што ў яго трапляе, а вынік адчуваецца на языку.

Самі ж жыхары Вялікага Княства Літоўскага называлі сваю мову «руская». Прыклад з артыкула Статута 1588 года: «а писар земский маетъ по руску словы и литеры писати», што значыць «беларускія словы кірыліцкім пісьмом». Мову ж усходняга суседа яны называлі «маскоўская»: «галасы утварывшы мовою московскою»; «подал ку акътыкованю до книгъ кгродскихъ Пинскихъ грамоту руским москевским писмомъ… писаную». Што ж датычыць самога ўсходняга суседа, то там гэтую мову не разумелі і называлі «літоўскай» ад слова «Літва».

Відавочна, што ў сучасным разуменні яна не з’яўлялася ані тым, ані тым — ні рускай, ні літоўскай.

Народныя гаворкі.pngКаб прыгатаваць старабеларускую мову, найперш трэба насыпаць у кацёл народныя гаворкі. Інгрэдыент гэты досыць складаны. Беларусь, насуперак стэрэатыпам, не самая малая краіна (па плошчы яе можна параўнаць, напрыклад, з пяццю Швейцарыямі, сямю Бельгіямі ці дзесяццю Славеніямі), так што разнастайнасці народных гаворак было (і ёсць) дзе разгарнуцца.

Спачатку старабеларуская мова фарміравалася на аснове гаворак полацка-смаленскага рэгіёна. Потым у падмурак сталі класціся сярэднебеларускія гаворкі, пасля — гаворкі віленскага рэгіёна. Рух з усходу на захад абумоўлены тым, што на працягу XVI стагоддзя вяліся разбуральныя войны з Маскоўскім княствам, пляцоўкай якіх былі беларускія землі.

Дарэчы, з гэтымі невясёлымі падзеямі звязаны выхад у Вялікім Княстве Літоўскім першай газеты, надрукаванай па-старабеларуску. 15 лютага 1563 года паў абложаны Полацк. Назва газеты тыпова барокавая — такая ледзьве ўклалася б у твіт: «Навіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю русску, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьнем релацый Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого».

Царкоўнаславянская мова.pngЗмесціва, якое атрымалася з гэтага шэрагу гаворак, трэба добра вымешаць з царкоўнаславянскай мовай — штучнай мовай на аснове стараславянскай (старабалгарскай). Яе, у сваю чаргу, прыгатавалі Кірыл і Мяфодзій у IX стагоддзі. Царкоўнаславянская — гэта мова праваслаўнай літургіі, аналаг лаціны ў праваслаўных кніжнікаў.

Дарэчы, 33% лексікі ў Бібліі Францыска Скарыны — беларускія. Акадэмік Аркадзь Іосіфавіч Жураўскі называе мову Скарыны царкоўнаславянскай мовай беларускай рэдакцыі.

White_color_Page.jpgУ дадатак прыперчваем асновай асноў Рэнесансу — лацінскай мовай: аливэс (альяс), армата (гармата), касцёл, келюх (келіх), кляштар, хундамент (падмурак), мурын, буката (кавалак), клебания (каталіцкі прыход, парафія), парфум, медитация (роздум), апсурдъ (абсурд), афектъ (моцнае жаданне, жарсць), венусъ (каханне), респектовати (паважаць).

Запраўляем сумесь, якая ў нас атрымалася, польскай мовай ды ставім на агеньчык гісторыі. Ад заходніх суседзяў у нас такія словы, як жадный (ніякі, ніхто), место (горад), мешкати (жыць, знаходзіцца), панство (дзяржава), сведетство (сведчанне, паведамленне), быдло (свойская жывёла), валька (бой, бітва), владза (улада, сіла), владца (уладар), державца (ўладальнік, адміністратар), поборца (чалавек, які збірае падаткі), выдерца (асоба, якая забірае што-небудзь беззаконна, гвалтам), бадати (распытваць, дапытваць), жакгель (ветразь), крайчый (прыдворны, які на ўрачыстых абедах разразаў ежу, што падавалася вялікаму князю), барзо (вельмі), дейца (выканаўца, вытворца дзеяння), свепетъ (гняздо лясных пчол).

White_color_Page copy.jpgДадаём некалькі лыжак цюркізмаў. З цюркскіх моў у кацялок трапілі такія словы, як бiклага, коберецъ (ён жа коверецъ, ён жа коворъ дыван ці дыванок), кiлім (саматканы дыван), чоботы (боты), амбар (свіран), папуці (туфлі), кешень (кішэня).

Солім нямецкай: буда (шалаш), крижъ (крыж), коштовати (каштаваць), кгвалтъ (гвалт), барберъ (цырульнік), маршалокъ (павятовы кіраўнік дваранства), гзымс (карнiз), баволна (бавоўна), дяка (падзяка, удзячнасць), мештеръ (магістр), манъ (чалавек, прадстаўнік улады), ридель (вершнік, рыцар), скалва (шалі), вата (вялікая сетка для лоўлі рыбы).

Дадаем крыху ідышу. Беларускія габрэі прынеслі такія словы, як кагал (шумнае зборышча), талмуд, бахур (малады габрэй), шабас (ён жа шабатъ), хала (здобны пірог).

У кацялку мовы перамешваюцца, смак аднаго складніка падкрэсліваецца альбо заціраецца іншымі. Некаторыя словы з нямецкай перайшлі ў старабеларускую праз пасрэдніцтва ідыша і польскай. З лаціны пярчынкі траплялі альбо наўпрост, альбо, зноў жа, праз польскую. Усё змяшалася, зварылася, і аддзяліць адно ад аднаго складана.

Ідыш.pngІ вось у нас атрымалася ўежная страва для школ і канцылярый. Рэкамендуецца для ўжывання аўтарам, пісарам і перакладчыкам Вялікага Княства Літоўскага. Падаецца ў трох статутах ВКЛ, філасофскіх трактатах, дакументах, публіцыстыцы, мемуарах, рэлігійнай палеміцы, апокрыфах, летапісах, Метрыцы ВКЛ, перакладной літаратуры, у перакладах Евангелля і творах прыгожага пісьменства.

Але ў пэўны момант смачная страва знікла з пісьмовых сталоў. У 1696 годзе Генеральная канфедэрацыя саслоўяў забараніла выкарыстанне старабеларускай мовы ва ўсіх новых афіцыйных дакументах. Уся дакументацыя цяпер павінна была весціся толькі па-польску.

Апошняй друкаванай кнігай на старабеларускай мове стаў «Збор выпадкаў кароткі». Ён выйшаў у Супраслі ў 1722 годзе.

Больш на сталах старабеларуская мова не з’яўлялася.

Гісторыя
Лінгвістыка
Беларусь
Усходняя Еўропа
ВКЛ
Францыск Скарына