Wir.by | Эміграцыя
Сустракаем пана Адама ў Берліне, дзе ён апынаецца пасля таго, як пазбягае арышту ў Пецярбургу.
Эміграцыя
Эміграцыя

Кропка 10. Берлін10.png

У Берлін Адам Міцкевіч прыязджае 6 чэрвеня 1829 года. Горад яму не падабаецца, і ў лісце да Марыі Шыманоўскай ён піша: «У Берліне, прынамсі, я нічога не знайшоў, што б мне замяніла нашы абеды, музыку і шпацыры; паглядзім, што будзе далей; дэгэтуль нічога, апрача нуды, перашкодаў і глупства. У Берліне аж два дні шукаю кватэру: незвычайная, дзіўная рэч!»

У Берліне Адам Міцкевіч карыстаецца папулярнасцю сярод студэнтаў. Таксама паэт слухае лекцыі Гегеля.

Кропка 11. Веймар11.png

У Веймары сустракаецца з Гётэ, які дорыць яму гусінае пяро і напісаны для яго верш.

Кропка 12. Італія12.png

Усе дарогі прыводзяць пана Адама ў горад на сямі ўзгорках. У Рыме ён жыве паўгода. Міцкевіч захапляецца культурай паўднёвай Еўропы, шмат падарожнічае па Італіі: Неапаль, Сіцылія, Пампеі, Мілан. У 1830 годзе, калі вяртаецца ў Рым, даведваецца пра выбух паўстання на Радзіме.

Кропка 13. Дарога дадому13.png

Адам Міцкевіч досыць скептычна ставіцца да паўстання, бо не бачыць, як яно можа дасягнуць мэты — аднаўлення незалежнасці Рэчы Паспалітай. Тым не менш з Рыма ён едзе ў Польшчу і амаль даязджае, але... ад паўстання ўжо застаўся толькі попел. Міцкевіча шмат крытыкавалі праз яго няўдзел у паўстанні, абвінавачвалі ў эгаізме і баязлівасці. Яскравы прыклад — верш Маўрыцыя Гаслаўскага «Адаму Міцкевічу, што забаўляецца ў Рыме падчас нацыянальнай вайны». Пачуццё віны грызе і самога паэта. Падобна да таго, што пасля паўстання аўтар «Дзядоў» задумваецца пра самагубства.

Кропка 14. Дрэздэн14.png

У Дрэздэне Міцкевіч зноў бярэцца за «Дзяды». Другая i чацвёртая часткі паэмы даўно выдадзеныя — самы час напісаць трэцюю. (Да слова, першая частка «Дзядоў» так і застанецца няскончанай.) Паводле легенды, за адну ноч Адам Міцкевіч стварае «Вялікую імправізацыю» — знакаміты палымяны маналог галоўнага героя ў турэмнай камеры: Густаў-Конрад спрачаецца з Богам, а таксама падкрэслівае асаблівую ролю паэта і параўноўвае яго з Творцам Сусвету. Відавочна, што ў святле толькі што прайгранага паўстання і амаль дзесяцігадовага растання з Радзімай успаміны Міцкевіча пра зняволенне ў віленскай турме набываюць асаблівую вастрыню.

Кропка 15. Парыж15.png

У Парыжы Адам Міцкевіч робіцца маральным аўтарытэтам для выхадцаў з Рэчы Паспалітай. Піша «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства», выдае трэцюю частку «Дзядоў». У ліпені 1834 жэніцца з Цалінай Шыманоўскай, маладзейшай за яго на 15 год, з якой будзе мець шасцёра дзяцей.

У 1834 годзе ў Парыжы публікуецца «Пан Тадэвуш» — паэма, якая на многія гады зробіцца «віртуальнай Айчынай» для эмігрантаў з былой Рэчы Паспалітай.

Кропка 16. Лазана16.png

На пэўны час Адам Міцкевіч разам з сям’ёй едзе ў Швейцарыю. У Лазане яму прапанаваная пасада прафесара лацінскай літаратуры. Тут паўстаюць яго апошнія вершы.

Кропка 17. Ізноў Парыж17.png

Калі ў 1840 годзе ў Сарбоне адкрываецца кафедра славістыкі, Міцкевіча запрашаюць чытаць лекцыі па славянскіх літаратурах. На першую лекцыю да яго прыходзяць князь Адам Ежы Чартарыйскі, адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 траўня Юльян Нямцэвіч, а таксама пісьменніца-феміністка Жорж Санд у таварыстве свайго каханка Фрыдэрыка Шапэна.

У гэты час Адам Міцкевіч трапляе пад уплыў містыка Анджэя Тавяньскага. Ідэі Тавяньскага пан Адам пачынае прапагандаваць на сваіх лекцыях, адкрыта захапляецца Напалеонам I, за што ў траўні 1844 года французскі ўрад на некалькі месяцаў адпраўляе яго ў адпачынак. А пасля канчаткова звальняе з Сарбоны.

Кропка 18. Канстантынопаль18.png

У 1853 выбухае Крымская вайна. Міцкевіч едзе ў Канстантынопаль і арганізоўвае польскі легіён, каб ваяваць супраць Расійскай імперыі і змагацца за аднаўленне Рэчы Паспалітай. У Канстантынопалі ён жыве ў антысанітарыйных умовах. У горадзе пачынаецца эпідэмія халеры.

Адам Міцкевіч памірае 26 лістапада 1855 года.

Паводле адной з версій, ён быў атручаны. Паводле іншай, Міцкевіч падстроіў свой скон. Але агульнапрынятая версія смерці ад халеры выглядае праўдападобней за ўсё.

Кропка 0. Кракаў0.png

У 1890 годзе рэшткі Адама Міцкевіча перавозяцца ў Кракаў. Труна займае месца ў падзямеллях вавельскай катэдры. Паэт пахаваны побач з каралямі.

RSS-стужка
Распавесці пра нас усім
Дапамагчы нам
Калі вы знайшлі памылку, у вас ёсць заўвагі па сайце або вы жадаеце дапамагчы нам, калі ласка, напішыце на help@wir.by
© Wir.by, 2020. Падчас капіравання і цытавання нашых матэрыялаў, калі ласка, не забывайцеся пазначаць першакрыніцу, адкуль вы атрымалі інфармацыю.