Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына! | Wir.by
Геаграфія паэта, як і біяграфія, пачынаецца з Гродзенскай вобласці.
Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына!
dubinchynabadzei
Лізавета ДубінчынаМарыя Бадзей

Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына!

Міцкевіч: геаграфія паэта
Гэта 1 частка цыкла
Міцкевіч: геаграфія паэта
1. Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына!
2. Імперыя
3. Эміграцыя

book.jpgКропка 1. Наваградчына

Дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч, наша «наш» і польскае «ўсё», дагэтуль невядома. Паводле адной версіі — на хутары Завоссе, паводле іншай — у карчме «Выгода» за два кіламетры ад Завосся. Гэта адбылося ў 1798 годзе. Яго прыход на свет пераканаў сваякоў, што хлопчыка чакае адметны лёс: Адам Міцкевіч нарадзіўся 24 снежня, у Вігілію.

Калі немаўляці пераразалі пупавіну, павітуха па звычаі падсунула пад яе кнігу — каб дзіцё ў будучыні зрабілася «важным чалавекам». Праўда, па іроніі лёсу, гэта была не Біблія, якая мелася ў кожнай хаце, і не томік вершаў, а «Свод законов Российской империи».

Вігілія — традыцыйная вячэра ў каталікоў 24 снежня, напярэдадні свята Божага Нараджэння.

Малы Адам доўга не хадзіў — зрэшты, навошта, калі маці цягала яго па хаце на падоле сваёй доўгай сукенкі. У школе будучы паэт ненавідзеў каліграфію. Цяпер гэта даецца ў знакі: у даследчыкаў творчасці Міцкевіча дагэтуль узнікаюць праблемы з тым, каб расчытаць яго рукапісы.

mans.jpgКропка 2. Вільня

У 1815 годзе Адам Міцкевіч паступае на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Але хутка разумее, што дакладныя навукі яго не цікавяць, і праз год пераводзіцца на гісторыка-філалагічны факультэт. Ва ўніверсітэце Міцкевіч знаёміцца з Тамашам Занам. Напачатку хлопцы канкурыруюць за стыпендыю, якую ў рэшце рэшт атрымлівае Адам, але пасля робяцца сябрамі. У 1817 годзе шэсць студэнтаў Віленскага ўніверсітэта: Ануфрый Петрашкевіч, Эразм Палюшынскі, Бруна Сухецкі, Юзэф Яжоўскі, Тамаш Зан і Адам Міцкевіч — засноўваюць Таварыства філаматаў. У 1820 годзе філаматы ствараюць таварыства філарэтаў, і Тамаш Зан робіцца яго старшынёй. Дэвіз новай арганізацыі: «Айчына. Навука. Цнота». Філарэты незаангажаваныя ў палітыцы і займаюцца пераважна вершамі і фальклорам. Большасць з іх ужо працуюць настаўнікамі.

ink.jpgКропка 3. Коўна

Думаеце, размеркаванне — гэта прыдумка XX стагоддзя, якая на нашай прасторы перапаўзла ў XXI? Адама Міцкевіча таксама размяркоўваюць: за 160 кіламетраў ад Вільні — у Коўна. Тут ён чатыры гады працуе настаўнікам. «Малады спецыяліст» устае штодзень а чацвёртай раніцы, адказна рыхтуецца да заняткаў і скардзіцца на вучняў у лістах да сяброў: «... бо ў старэйшых класах ёсць галовы абсалютна жмудскія, зрэшты, самі выкладчыкі скардзяцца, што ніколі такіх убогіх у талентах школ у іх не было».

«... bo w klasach wyższych są głowy zupełnie żmudzkie, zresztą sami profesorowie skarżą się, iż nigdy szkół tak ubogich w talentach nie mieli».

На сходы таварыства Адам Міцкевіч ездзіць у Вільню. У XIX стагоддзі дарога ў 160 кіламетраў займае два-тры дні.

prison.jpgКропка 4. Ізноў Вільня. Турма

Усё пачынаецца з таго, што папячыцелем Віленскага ўніверсітэта становіцца Мікалай Мікалаевіч Навасільцаў. Дзяржаўны муж, «сумесь Бахуса з сатырам», які за п’янства, азартныя гульні i залёты да жанчын трапіў у няласку і быў сасланы з Пецярбурга ў Вільню. Цяпер спадару Навасільцаву трэба як мага хутчэй выслужыцца і паказаць сваю адданасць Айчыне і трону.

Зручная нагода не прымушае доўга сябе чакаць. 3 мая 1823 года, у гадавіну прыняцця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 года, у адной з аўдыторый Віленскага ўніверсітэта нехта напісаў на дошцы: «Жыве Канстытуцыя 3 мая!». Гэта робіцца нагодай для выяўлення нелегальных арганізацый, якія нібыта самім сваім існаваннем падрываюць моц Расійскай імперыі.

Па загадзе Навасільцава быў раздзьмуты вялікі працэс, у выніку якога арыштавалі нават чатырнаццацігадовых падлеткаў, а дзесяць чалавек з ліку заснавальнікаў таварыства філарэтаў былі асуджаныя на высылку.

Асуджаны за палітычныя перакананні, Адам Міцкевіч сядзціь у Віленскай турме паўгода. Пасля прымаецца рашэнне адправіць яго ў які-небудзь іншы горад Расійскай імперыі. Але з адной умовай: не на Радзіме.

Частка 2: Імперыя

Гісторыя
Літаратура
Беларусь
Вільня
Рамантызм
ХІХ стагоддзе
Адам Міцкевіч