Падарожжы, медыцына і літаратура: загадкавая гісторыя Саламеі Пільштыновай | Wir.by
Цяпер бы пра яе сказалі: разбіралася ў медыцыне лепш за мужчын і вяла трэвэл-блог яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам.
Падарожжы, медыцына і літаратура: загадкавая гісторыя Саламеі Пільштыновай

Падарожжы, медыцына і літаратура: загадкавая гісторыя Саламеі Пільштыновай

Пра Саламею Пільштынову (яна ж Русецкая, Гальпірава, Макоўская) мы праз амаль трыста гадоў пасля яе смерці ведаем толькі тое, што яна сама дазволіла нам ведаць. Ніхто так і не можа здагадацца, адкуль і калі яна з’явілася і куды знікла.

Саламея Пільштынова нарадзілася каля 1718 года (дакладная дата невядомая) у Наваградку, атрымала даволі сціплую адукацыю і з дзяцінства цікавілася стральбой. Маладой дзяўчынай выйшла замуж за лекара Якуба Гальпіра, разам з якім у хуткім часе пераехала ў Стамбул. Саламея, авантурная і няўрымслівая ад прыроды, пачала дапамагаць мужу ў працы, і хутка сама навучылася лекаваць спачатку хваробы вачэй, а пазней і ўнутраных органаў, што прынесла ёй вялікую папулярнасць і не аднойчы выратоўвала жыццё.

image.pngУзнікае пытанне: як у абсалютна патрыярхальнай мусульманскай краіне ў XVIII стагоддзі іншаземка атрымала афіцыйны дазвол займацца лекарскай практыкай нароўні з мужчынамі? Адказ просты: па мусульманскіх звычаях мужчына, нават лекар, не мог наведваць гарэмы, а прававерныя мусульманкі не мелі права лекаваць мужчын. Саламея ж як прадстаўніца іншай рэлігіі магла свабодна працаваць з любымі пацыентамі.

Нягледзячы на адносную верацярпімасць у краіне, іншаземцам працаваць у вялікіх гарадах часам было небяспечна. Аднойчы да Саламеі прыйшлі два янычары,

Янычары — салдаты асабістай гвардыі султана

пераапранутыя ў жаночае адзенне і захінутыя чадрой, і папрасілі лекарку пайсці з імі да хворай маці ў суседні раён горада, нават збіраліся аплаціць дарогу. Саламея адмовілася, бо на двары ўжо чакаў вазок, каб везці яе да іншага пацыента. У гэты момант падышла жанчына, што жыла побач, жонка лекара-яўрэя Эбеулу, і пачала распавядаць пра свой досвед у лячэнні хвароб, якога Саламеі нібыта не ставала, і згадзілася дапамагчы янычарам. Паводле турэцкай традыцыі, апрануўшы самыя дарагія ўпрыгожанні, жанчына паехала разам з салдатамі. Пазней яе знайшлі забітай і без каштоўнасцей.

woman_1200x800.png

Саламеі часта даводзілася граць ролю своеасаблівай міс Марпл і самастойна шукаць выйсце з заблытаных жыццёвых сітуацый, абапіраючыся выключна на ўласны розум, уважлівасць да дэталяў і непераможнае жаданне данесці да людзей праўду (так, як яна яе разумела). Так, аднойчы, калі яе муж лячыў аднаго вельмі важнага і заможнага чалавека, той неўзабаве памёр. Сям’я памерлага збіралася ісці да султана з патрабаваннем пакараць лекара смерцю. Саламея з дапамогай грашовай кампенсацыі ўгаварыла сваякоў не спяшацца з рашэннем. Выйграўшы час, Саламея высветліла, што пры прыгатаванні лекаў прысутнічаў канкурэнт яе мужа — доктар Фансека. Не жадаючы трапіць у рукі турэцкага суда, аднаго з самых жорсткіх і прынцыповых у свеце, доктар згадзіўся выплочваць кампенсацыю замест Гальпіра і з’ехаў з краіны.

medicines_600х400.jpg

Авантуры, небяспечныя і часам неверагодныя, суправаджалі Саламею і за межамі Асманскай імперыі. Акрамя роднай Рэчы Паспалітай, яна наведвала еўрапейскія краіны і Расію. Пасля заўчаснай смерці Якуба Гальпіра Саламея некаторы час працавала пры двары Міхала Казіміра Рыбанькі і Францішкі Уршулі Радзівіл. Пазней лекарка пераехала ў Расійскую імперыю, дзе сябравала з Ганнай Іванаўнай — імператрыцай з дынастыі Раманавых.

У той час быў папулярны даволі спецыфічны спосаб заробку — перапродаж ваеннапалонных. Аднойчы Саламея сустрэла пяцярых аўстрыйцаў, паланёных туркамі, выкупіла іх і даслала кожнай з пяці сем’яў ліст, у якім запэўніла, што палонныя знаходзяцца ў добрых умовах і змогуць вярнуцца на радзіму, калі іх родныя дашлюць пэўную суму грошай. Лёс мае добрае пачуццё гумару: чатыры сям’і заплацілі выкуп, а вось пяты палонны — Юзаф Фартунат дэ Пільштын (Піхельштэйн) — напэўна, быў не вельмі патрэбны сваякам, бо так і застаўся з Саламеяй і ў хуткім часе стаў яе другім мужам. Пазней наша авантурыстка цяжарная выправіцца праз Альпы ў Вену, каб знайсці бацькоў мужа, і, як можна здагадацца, абавязкова іх знойдзе.

cash_340х400.pngСваё багатае на здарэнні і цуды жыццё Саламея Русецкая апісала ў мемуарна-прыгодніцкім рамане, які ў лепшых традыцыях эпохі барока мае доўгую і прыгожую назву: «Пададзенае свету рэха заняткаў, падарожжа і жыцця майго авантураў на чэсць і хвалу П[ану] Богу, у Святой Тройцы Адзінаму, і Найсвяцейшай Маці Хрыста, Пана майго, і ўсім святым». Рукапіс твора, які цяпер знаходзіцца ў Кракаве, суправаджаецца прадмовай «Да ласкавага чытача», у якой аўтарка паведамляе цікавыя падрабязнасці пра напісанне твора:

«... хіба што дзеля таго, каб іншыя, якія ведалі мяне, не дакаралі, што я [...] усе мае тыячасовыя пацехі пакінула, а сама адна ў чужы край без усялякае дапамогі і пацехі выправілася, каб жыць і памерці ў Бозе ў тым краі. Вось таму і хачу ў гэтай маёй кніжачцы паказаць пуціны майго жыцця і пакутаў. Крыўды, пагарды ад мужоў, дзяцей, і блізкіх, і лёкаяў маіх — яны выгналі мяне з Айчыны маёй, дык мілей мне тут жыць, у гэтай пустэльні, у спакоі, у ласцы Божай, чым у Польшчы».

Захавалася таксама прысвячэнне Людвіцы Патоцкай, жонцы вялікага гетмана Кароны Юзафа Патоцкага, падпісанае аўтаркай — Рэгінай Саламеяй Макоўскай. З тэксту прысвячэння вынікае, што яснавяльможная Пані і Дабрадзейка (так да яе звяртаецца Саламея) планавала выступіць мецэнаткай і дапамагчы з публікацыяй твора. Аднак з невядомых прычын рукапіс, на жаль, заставаўся ненадрукаваным цягам двухсот гадоў.

Мемуары абрываюцца ледзь не на паўслове, і нам застаецца толькі здагадвацца, чаму так адбылося. Можа, аўтарка вырашыла больш не распавядаць пра сваё жыццё? Ці, як марыла, паехала вандраваць у Палесціну, а дзённік так і застаўся ляжаць на стале? Ці, дапісаўшы апошнія словы, лекарка адправілася ў падарожжа, якое не мае ні пачатку, ні завяршэння?

А можа, ўся гэта гісторыя — толькі фантазія, што ўзнікла ў галаве вандроўнага палкоўніка артылерыі Іаана дэ Вітэ, сярод запісаў якога і быў знойдзены твор?

У любым выпадку, прачытаць яго можна тут.

Гісторыя
Літаратура
Беларусь
Рэч Паспалітая
XVIII стагоддзе
Асветніцтва
Барока
Саламея Пільштынова (Русецкая)
Быць шафёрам любата, яшчэ лепш – пілотам. А літаратарам?
Быць шафёрам любата, яшчэ лепш – пілотам. А літаратарам?
Як стаць пісьменніцай ці пісьменнікам? Нават калі атрымаецца адвучыцца ў літаратурным інстытуце або скончыць курс па creative writing, куды пасля  дасылаць сваё рэзюмэ? Дзе літаратарам узяць добры, стабільны прыбытак, соцпакет і пуцёўку ў санаторый? Розныя гістарычныя ўмовы давалі розныя адказы на гэтае пытанне, і літаратурнае рамяство то падпарадкоўвалася законам рынку, то цалкам трапляла пад кантроль дзяржавы, а то і спрабавала ўседзець на абодвух крэслах, ці, хутчэй, недзе ў загадкавай прасторы паміж імі. Класічныя «нармальныя» заняткі для пісьменніка, якія і ў працоўную кніжку запісаць не сорамна, – рэдактарская праца, пераклады, настаўніцтва. Але нярэдка здаралася (і ўсё яшчэ здараецца) так, што жыццё робіць нечаканы паварот і апроч пяра або клавіятуры пісьменніцкім рукам даводзіцца брацца за іншыя прылады працы. Мы сабралі для вас некалькі літаратурных біяграфій, якія паказваюць, што ў рэшце рэшт магчыма ўсё.
Лізавета Вундэрвальд
Читать статью