Лясная быль («Лесная быль», Юрый Тарыч, 1926)
Першы беларускі фільм быў зняты паводле аповесці Міхася Чарота і паказваў зусім яшчэ нядаўнія часы савецка-польскай вайны 1920 года. Хаця кінастужка была знятая збольшага ў лясах і вёсках, у кадры можна ўбачыць таксама ўрбаністычныя пейзажы. Так, у ролі панскага маёнтка – сядзіба Чапскіх у Прылуках, якая захавалася па сёння.
Але больш цікавыя для мінчукоў сцэны вулічных баёў у Менску з унікальнымі даваеннымі краявідамі.
На месцы гатэля «Гарні», з балкона якога страляюць па паляках, зараз стаіць знакаміты дом з вежай насупраць КДБ.
Раім таксама звярнуць увагу на кадры з рэйкамі конкі: усяго праз тры гады яе заменіць трамвай.
Больш пра фільм Юрыя Тарыча і беларускі кінематограф 1920-х чытайце тут.
Яго яснавяльможнасць («Его превосходительство», Рыгор Рошаль, 1927)
Савецкая нямая кінастужка апавядае пра замах рэвалюцыянера Гірша Лекерта на віленскага генерал-губернатара. Даваенны Менск тут прадстае ў ролі Вільні – і сапраўды ў панараме тагачаснага Верхняга горада можна знайсці падабенства да віленскіх цэнтральных вулачак.
Менскія сцэны, меркавана, былі знятыя ў ваколіцах малага гасцінага двара, які да нашых часоў не дажыў.
Кастусь Каліноўскі («Кастусь Калиновский», Уладзімір Гардзін, 1928)
Фільм ідэалагізаваны і глядзіцца неадназначна, але надзвычай каштоўны як мінімум унікальнымі гістарычнымі краявідамі Менска. І зноў, як і ў стужцы «Яго яснавяльможнасць», сталіца БССР выступае ў ролі недасяжнай для савецкіх кінематаграфістаў Вільні.
Напрыклад, Пішчалаўскі замак грае ролю Лукішскай турмы, а сцэна смяротнага пакарання Каліноўскага знятая на Траецкай гары.
У фільме таксама ёсць унікальныя кадры вуліцы Казмадзям’янаўскай, якая да нашых часоў не захавалася.
У агні нарожданая («В огне рождённая», Уладзімір Корш-Саблін, 1929)
Раннесавецкі агітпрап, зняты да 10-гадовага юбілею БССР паводле сцэнара Анатоля Вольнага. Фільм вылучаецца не толькі авангардысцкай стылістыкай з відавочным уплывам Даўжэнкі – у першы і апошні раз у беларускім савецкім кіно фігуруе БНР.
У сцэнах з гісторыі буржуазнага прыгнёту зусім яшчэ новы Чырвоны касцёл грае ролю палаца Гедыміна.
Новыя ж пейзажы пралетарскага горада, хутчэй за ўсё, здымаліся на Ляхаўцы, але апазнаць дакладна тыя будынкі ўжо немагчыма: яны не захаваліся.
Каханая («Любимая», Рычард Віктараў, 1965)
Фільм, вельмі смелы нават для часоў адлігі, паказвае любоўныя шматкутнікі на фоне Мінска 1960-х. Героі ў кадры п’юць, паляць і нават грэюць рукі каля Вечнага агню на плошчы Перамогі – і, канешне, шмат гуляюць па маладым пасляваенным горадзе.
Рычард Віктараў зафіксаваў унікальныя краявіды: будаўніцтва Палаца спорту, плошча Леніна (Незалежнасці) яшчэ з домам Кастравіцкай і без высоткі галоўнага корпуса БДПУ, толькі-толькі пабудаваны Зялёны Луг.
Задача з трыма невядомымі («Задача с тремя неизвестными», Барыс Шадурскі, 1979)
Жыхарам Пушкінскай і яе ваколіц – падрыхтавацца! Перад вамі кінематаграфічны бенефіс заходняй часткі сталіцы. Гэты савецкі дэтэктыў варта глядзець хаця б дзеля рэдкіх кадраў не самага папулярнага ў мінскай кінематаграфічнай гісторыі раёна: вось, напрыклад, герой шпацыруе ў модным футры ўздоўж зусім нядаўна пабудаваных дамоў на Прытыцкага.
Тут можна пазнаць ваколіцы будучай станцыі метро «Спартыўная».
І, канешне, знакаміты дом галерэйнага тыпу на Бельскага, прычым у яго двары яшчэ дажывае свой век прыватны сектар – літаральна праз год на месцы драўляных дамоў вырастуць дзіцячы садок і школа №149.
Плюмбум, альбо небяспечная гульня («Плюмбум, или опасная игра», Вадзім Абдрашытаў, 1986)
Адзін з першых фільмаў часоў перабудовы быў часткова зняты ў Мінску, хаця горад застаецца безыменным, а натурныя здымкі беларускай сталіцы перамяжоўваюцца з маскоўскімі краявідамі. Галоўны герой па мянушцы Плюмбум – падлетак з абвостраным пачуццём справядлівасці – вучыцца ў мінскай школе №42 (паглядзіце на рэдкія кадры дарэвалюцыйных дамоў у двары насупраць!).
У вольны час Плюмбум гуляе з сяброўкай па горадзе і намагаецца даць бой арганізаванай і не вельмі арганізаванай злачыннасці.
Міф пра піянера-героя відазмяняецца ў духу познесавецкай крымінальнай драмы – і гэта ўсё на фоне Мінска 1980-х.
Выпадак з пацаном («Случай с пацаном», Сяргей Лобан, 2001)
Маскоўскі рэжысёр Сяргей Лобан – сябра рэдакцыі легендарнай газеты «Навінкі»; «навінкаўцы», уласна, і выканалі большасць роляў у фільме. Гэты факт адказвае на два пытанні адразу: ці варта глядзець фільм (так!), ці варта да яго ставіцца сур’ёзна (ні ў якім разе!).
Дзеянне адбываецца на фоне Мінска ўзору 2001 года, і калі вам здаецца, што з таго часу змянілася няшмат, прыглядзіцеся да дробязяў: зусім мала пластыкавых шклопакетаў, амаль няма металічных дзвярэй з дамафонамі, шапікі, тралейбусы каля ГУМа, праспект Скарыны…
Гараш (Андрэй Курэйчык, 2015)
Андрэй Курэйчык паказаў у сваёй стужцы Мінск не парадным, нібыта з турыстычных даведнікаў, а такім, якім яго бачыць са сваіх вокнаў большасць гараджан.
Шабаны ў фільме паўстаюць увасабленнем той савецкай спадчыны, што моцна кантрастуе з поглядамі галоўнага героя, які ўжо паспеў пажыць на захадзе.
Бонусам – музыкі культавага гурта «Neuro Dubel» у якасці акцёраў.
Крышталь («Хрусталь», Дар’я Жук, 2018)
Фільм амерыканскай мінчанкі Дар’і Жук лепей за ўсё паказвае эклектычнасць і пазачасавасць горада М. – ён вельмі пераканаўча імітуе кадры з 1990-х.
Пэўныя анахранізмы (напрыклад, рэйвы ў музеі Азгура, якія выклікалі фантомную настальгію ў тых, хто дзевяностыя не застаў) толькі пацвярджаюць думку галоўнай гераіні: тут ніколі нічога не зменіцца.
Сашава пекла («Сашин ад», Мікіта Лаўрэцкі, 2019)
Дваццацісямігадовы мінчук Мікіта Лаўрэцкі лічыцца надзеяй незалежнага беларускага кіно і піянерам айчыннага мамблкору. Нават калі вас не прывабліваюць жанравыя эксперыменты Лаўрэцкага, «Сашава пекла» можна глядзець як відэашпацыр па Мінску ўзору канца 2010-х.
Героі сустракаюцца на Манетцы і на Кастрычніцкай (хто б мог падумаць, што ўсяго праз два гады мы ўжо будзем настальгіраваць па ОК16!), абмяркоўваюць рэп і інтэрнэт-культуру.
А дзе ў Мінску знаходзіцца партал у пекла, спойлерыць не будзем – глядзіце самі!
Пры стварэнні артыкула былі выкарыстаныя матэрыялы Уладзіміра Садоўскага і dariuss.