У эпізодах – горад М.: Мінск кінематаграфічны | Wir.by
3 сакавіка 1067 датуецца першая летапісная згадка пра Менск. За сваю амаль тысячагадовую гісторыю наш горад шмат разоў змяняў сваё аблічча, адраджаючыся з руін, і некаторыя краявіды мы можам убачыць толькі на карцінах, фотаздымках… альбо ў кіно. Мы сабралі 11 «роляў» Мінска ў кінематографе – у храналагічным парадку.
У эпізодах – горад М.: Мінск кінематаграфічны
dabranskaja
Дар'яна Дабранская

У эпізодах – горад М.: Мінск кінематаграфічны

Лясная быль («Лесная быль», Юрый Тарыч, 1926)

Першы беларускі фільм быў зняты паводле аповесці Міхася Чарота і паказваў зусім яшчэ нядаўнія часы савецка-польскай вайны 1920 года. Хаця кінастужка была знятая збольшага ў лясах і вёсках, у кадры можна ўбачыць таксама ўрбаністычныя пейзажы. Так, у ролі панскага маёнтка – сядзіба Чапскіх у Прылуках, якая захавалася па сёння.

Lasnaja4.pngТэхнічна, канешне, гэта не Менск, але яго бліжэйшыя ваколіцы!

Але больш цікавыя для мінчукоў сцэны вулічных баёў у Менску з унікальнымі даваеннымі краявідамі.

Lasnaja1.pngЧырвоныя ўваходзяць у горад. На фоне лёгка пазнаць вежы сабора.

На месцы гатэля «Гарні», з балкона якога страляюць па паляках, зараз стаіць знакаміты дом з вежай насупраць КДБ.

Lasnaja2.pngЗараз у Мінску працуе гатэль пад такой жа назвай, але стаіць ён зусім у іншым месцы.

Раім таксама звярнуць увагу на кадры з рэйкамі конкі: усяго праз тры гады яе заменіць трамвай.

Lasnaja3.pngАпошнія гады менскай конкі.

Больш пра фільм Юрыя Тарыча і беларускі кінематограф 1920-х чытайце тут.

Яго яснавяльможнасць («Его превосходительство», Рыгор Рошаль, 1927)

Савецкая нямая кінастужка апавядае пра замах рэвалюцыянера Гірша Лекерта на віленскага генерал-губернатара. Даваенны Менск тут прадстае ў ролі Вільні – і сапраўды ў панараме тагачаснага Верхняга горада можна знайсці падабенства да віленскіх цэнтральных вулачак.

Jaho1.pngСвята-Духаў (ён жа Кафедральны) сабор.

Менскія сцэны, меркавана, былі знятыя ў ваколіцах малага гасцінага двара, які да нашых часоў не дажыў.

Jaho2.png

Кастусь Каліноўскі («Кастусь Калиновский», Уладзімір Гардзін, 1928)

Фільм ідэалагізаваны і глядзіцца неадназначна, але надзвычай каштоўны як мінімум унікальнымі гістарычнымі краявідамі Менска. І зноў, як і ў стужцы «Яго яснавяльможнасць», сталіца БССР выступае ў ролі недасяжнай для савецкіх кінематаграфістаў Вільні.

Kalinouski-1.png«Лукішкі» ў раёне сучаснай вуліцы Валадарскага.

Напрыклад, Пішчалаўскі замак грае ролю Лукішскай турмы, а сцэна смяротнага пакарання Каліноўскага знятая на Траецкай гары.

Kalinouski-2.png

У фільме таксама ёсць унікальныя кадры вуліцы Казмадзям’янаўскай, якая да нашых часоў не захавалася.

Kalinouski-3.png

У агні нарожданая («В огне рождённая», Уладзімір Корш-Саблін, 1929)

Раннесавецкі агітпрап, зняты да 10-гадовага юбілею БССР паводле сцэнара Анатоля Вольнага. Фільм вылучаецца не толькі авангардысцкай стылістыкай з відавочным уплывам Даўжэнкі – у першы і апошні раз у беларускім савецкім кіно фігуруе БНР.

U_ahni_1.png

У сцэнах з гісторыі буржуазнага прыгнёту зусім яшчэ новы Чырвоны касцёл грае ролю палаца Гедыміна.

U_ahni_2.png

Новыя ж пейзажы пралетарскага горада, хутчэй за ўсё, здымаліся на Ляхаўцы, але апазнаць дакладна тыя будынкі ўжо немагчыма: яны не захаваліся.

U_ahni_3.png

Каханая («Любимая», Рычард Віктараў, 1965)

Фільм, вельмі смелы нават для часоў адлігі, паказвае любоўныя шматкутнікі на фоне Мінска 1960-х. Героі ў кадры п’юць, паляць і нават грэюць рукі каля Вечнага агню на плошчы Перамогі – і, канешне, шмат гуляюць па маладым пасляваенным горадзе.

Kachanaja2.jpgНагляднае адлюстраванне этымалогіі назвы «Зялёны Луг».

Рычард Віктараў зафіксаваў унікальныя краявіды: будаўніцтва Палаца спорту, плошча Леніна (Незалежнасці) яшчэ з домам Кастравіцкай і без высоткі галоўнага корпуса БДПУ, толькі-толькі пабудаваны Зялёны Луг.

Kachanaja1.jpgТак будаваліся трыбуны Палаца спорта. На фоне старая Няміга.

Kachanaja3.jpgПлошча Леніна, від з боку Дома урада. У цэнтры плошчы яшчэ стаіць дом Кастравіцкай.

Задача з трыма невядомымі («Задача с тремя неизвестными», Барыс Шадурскі, 1979)

Жыхарам Пушкінскай і яе ваколіц – падрыхтавацца! Перад вамі кінематаграфічны бенефіс заходняй часткі сталіцы. Гэты савецкі дэтэктыў варта глядзець хаця б дзеля рэдкіх кадраў не самага папулярнага ў мінскай кінематаграфічнай гісторыі раёна: вось, напрыклад, герой шпацыруе ў модным футры ўздоўж зусім нядаўна пабудаваных дамоў на Прытыцкага.

Zadacza1.jpg

Тут можна пазнаць ваколіцы будучай станцыі метро «Спартыўная».

Zadacza2.jpgСкрыжаванне Прытыцкага-Жудро, зараз тут аўтобусны прыпынак.

І, канешне, знакаміты дом галерэйнага тыпу на Бельскага, прычым у яго двары яшчэ дажывае свой век прыватны сектар – літаральна праз год на месцы драўляных дамоў вырастуць дзіцячы садок і школа №149.

Zadacza3.jpgДом па Бельскага, 17 быў пабудаваны паводле ўнікальнага эксперыментальнага праекта, але ў мінскіх рэаліях галерэі так і не змаглі прыжыцца.

Плюмбум, альбо небяспечная гульня («Плюмбум, или опасная игра», Вадзім Абдрашытаў, 1986)

Адзін з першых фільмаў часоў перабудовы быў часткова зняты ў Мінску, хаця горад застаецца безыменным, а натурныя здымкі беларускай сталіцы перамяжоўваюцца з маскоўскімі краявідамі. Галоўны герой па мянушцы Плюмбум – падлетак з абвостраным пачуццём справядлівасці – вучыцца ў мінскай школе №42 (паглядзіце на рэдкія кадры дарэвалюцыйных дамоў у двары насупраць!).

Plumbum1.jpgДамы па вуліцы Камсамольскай захаваліся і зараз, а дарэвалюцыйныя будынкі ў дворыку даўно знесеныя.

У вольны час Плюмбум гуляе з сяброўкай па горадзе і намагаецца даць бой арганізаванай і не вельмі арганізаванай злачыннасці.

Plumbum2.jpgУ дворыку на плошчы Перамогі.

Міф пра піянера-героя відазмяняецца ў духу познесавецкай крымінальнай драмы – і гэта ўсё на фоне Мінска 1980-х.

Plumbum3.jpgДахі дамоў на рагу Ульянаўскай-Свярдлова.

Выпадак з пацаном («Случай с пацаном», Сяргей Лобан, 2001)

Маскоўскі рэжысёр Сяргей Лобан – сябра рэдакцыі легендарнай газеты «Навінкі»; «навінкаўцы», уласна, і выканалі большасць роляў у фільме. Гэты факт адказвае на два пытанні адразу: ці варта глядзець фільм (так!), ці варта да яго ставіцца сур’ёзна (ні ў якім разе!).

Sluchaj.png

Дзеянне адбываецца на фоне Мінска ўзору 2001 года, і калі вам здаецца, што з таго часу змянілася няшмат, прыглядзіцеся да дробязяў: зусім мала пластыкавых шклопакетаў, амаль няма металічных дзвярэй з дамафонамі, шапікі, тралейбусы каля ГУМа, праспект Скарыны…

Sluchaj2.pngМінск без пластыкавых вокнаў і металічных пад'ездных дзвярэй.

Sluchaj4.pngТралейбус №21, мы сумуем!

Гараш (Андрэй Курэйчык, 2015)

Андрэй Курэйчык паказаў у сваёй стужцы Мінск не парадным, нібыта з турыстычных даведнікаў, а такім, якім яго бачыць са сваіх вокнаў большасць гараджан.

Garash2.pngШабаны ў фільме паўстаюць увасабленнем той савецкай спадчыны, што моцна кантрастуе з поглядамі галоўнага героя, які ўжо паспеў пажыць на захадзе.

4fa2a800-7c06-11eb-8362-02eb5c027f2f (1).pngГерой Арцёма Курэня меланхалічна разважае, што «Мінск – хаця б сталіца...»

Бонусам – музыкі культавага гурта «Neuro Dubel» у якасці акцёраў.

Крышталь («Хрусталь», Дар’я Жук, 2018)

Фільм амерыканскай мінчанкі Дар’і Жук лепей за ўсё паказвае эклектычнасць і пазачасавасць горада М. – ён вельмі пераканаўча імітуе кадры з 1990-х.

e8666a3d-b055-403f-8268-c3cbf13eabd2 (1).png

Пэўныя анахранізмы (напрыклад, рэйвы ў музеі Азгура, якія выклікалі фантомную настальгію ў тых, хто дзевяностыя не застаў) толькі пацвярджаюць думку галоўнай гераіні: тут ніколі нічога не зменіцца.

33a85392-b266-4fdf-bad9-6e84e9685885 (1).png

Сашава пекла («Сашин ад», Мікіта Лаўрэцкі, 2019)

Дваццацісямігадовы мінчук Мікіта Лаўрэцкі лічыцца надзеяй незалежнага беларускага кіно і піянерам айчыннага мамблкору. Нават калі вас не прывабліваюць жанравыя эксперыменты Лаўрэцкага, «Сашава пекла» можна глядзець як відэашпацыр па Мінску ўзору канца 2010-х.

Sasha1.png

Героі сустракаюцца на Манетцы і на Кастрычніцкай (хто б мог падумаць, што ўсяго праз два гады мы ўжо будзем настальгіраваць па ОК16!), абмяркоўваюць рэп і інтэрнэт-культуру.

Sasha2.pngА дзе ў Мінску знаходзіцца партал у пекла, спойлерыць не будзем – глядзіце самі!

Пры стварэнні артыкула былі выкарыстаныя матэрыялы Уладзіміра Садоўскага і dariuss.

Гісторыя
Кіно
Архітэктура
Мінск
XX стагоддзе