Wir.by | Літаратура нямецкага экспрэсіянізму
Пра самы змрочны, апакаліптычны, рэвалюцыйны і разам з тым чалавечны накірунак мадэрнізму распавядае Наталля Ламека
Літаратура нямецкага экспрэсіянізму

Нямецкі экспрэсіянізм — храналагічна адзін з самых першых кірункаў мадэрнізму. Яго адметнымі рысамі з’яўляюцца спробы перадаць унутраны свет чалавека, пабачыць сутнасць рэчаў. У адрозненне ад вялікай колькасці іншых кірункаў, экспрэсіянізм вылучаецца асаблівай сур’ёзнасцю, глыбокай занепакоенасцю праблемамі духу і заняпаду чалавецтва.

Адным з самых важных дакументаў эпохі, які добра ілюструе, што такое экспрэсіянізм, можна назваць кнігу «Menschheitsdämmerung» («Змярканне чалавецтва») — анталогію экспрэсіянісцкай паэзіі, выдадзеную Куртам Пінтусам у 1919 годзе. Яна адметная найперш імкненнем адысці ад механістычнага прынцыпа складання анталогій: па аўтарах, па пэўных раздзелах ці па храналогіі. Курт Пінтус вырашыў зрабіць сінтэтычны мастацкі твор, прыналежнасць якога да пэўнага віду мастацтва нельга вызначыць. Ён зрабіў «сімфонію тэкстаў»: абраў творы 23 нямецкіх і аўстрыйскіх аўтараў-экспрэсіяністаў і згрупаваў па асобных матывах, якія далі назвы чатыром часткам зборніка: «Крушэнне і крык», «Абуджэнне сэрца», «Заклік і абурэнне», «Палюбі чалавека».