Як зразумець Кафку? | Wir.by
За пісьменніка Франца Кафку сёння змагаюцца ажно чатыры літаратуры: нямецкая, аўстрыйская, чэшская ды яўрэйская, але аднесці яго да якой-небудзь традыцыі надзвычай складана. Спецыфічная, але пры гэтым універсальная, яго творчасць шмат у чым вызначыла твар сучаснай сусветнай літаратуры. Пра аднаго з самых загадкавых пісьменнікаў распавядае кандыдат філалагічных навук Наталля Ламека.

lamieka
Наталля Ламека

Як зразумець Кафку?

Аўстрыйскі пісьменнік Франц Кафка – адзін з самых вядомых прадстаўнікоў эпохі мадэрнізму, які асацыюецца з такімі паняццямі, як самота і адчужэнне. Яго жыццёвы і творчы прыклад – добрая ілюстрацыя гэтых філасофскіх канцэптаў.

Франц КафкаФранц Кафка – пісьменнік яўрэйскага паходжання, які жыў у Празе ў нямецкамоўнай культурнай прасторы і не належаў цалкам ні да адной з гэтых культур, знаходзячыся на іх памежжы.

У знакамітай навеле «Ператварэнне» наглядна можна пабачыць, як чалавек праходзіць стадыі адчужэння. «Ператварэнне» Кафкі – навела пра Грэгара Замзу, які аднойчы прачынаецца і бачыць, што ператварыўся ў нейкага інсекта. Ён не разумее, што адбываецца, але вельмі цікавая яго рэакцыя: замест таго, каб адчуць жах, раз’юшанасць, занепакоенасць, ён успрымае гэта нібыта так і трэба, нібыта гэта – частка жыцця. Кафка часта карыстаецца прыёмам бытавізацыі ірэальнага, калі нешта незразумелае і дзіўнае робіцца часткай звычайных падзей.

Грэгар Замза адчувае, што ён у іншым вобразе. Сапраўды, у яго застаецца чалавечая душа, але вонкава ён ужо іншы. “Ператварэнне”, выданне 1916 года .jpg «Ператварэнне», выданне 1916 годаГэта першая стадыя адчужэння – адчужэнне чалавека ад уласнага цела. Наступная стадыя – адчужэнне ад людзей. Грэгар Замза жыве з бацькамі і сястрой. Бацькі вельмі дзіўна рэагуюць на ператварэнне: маці даволі спакойна, хаця яна і напалоханая, а бацька, як заўсёды ў творах Кафкі, вельмі негатыўна ставіцца да сына. У вобразе сястры Грэгара ёсць пэўная паралель з малодшай сястрой Кафкі, Отлай, з якой ён быў вельмі блізкім. Аднак сястра Грэгара – гэта не зусім Отла: яна нібы апякуецца братам, але сапраўднага кантакту не адбываецца. Заканчваецца ўсё вельмі трагічна: Грэгар памірае, і яго проста выкідваюць на сметніцу. «Ператварэнне» – твор, у якім вельмі ілюстратыўна і моцна паказаныя адчужэнне, яго эмацыйнае ўспрыняцце, паступовае страчванне сувязей з рэчаіснасцю на розных узроўнях.

У многіх сваіх тэкстах Кафка, каб зрабіць акцэнт на адчужэнні, выкарыстоўвае лексему «fremd» і яе дэрываты, вельмі папулярныя ў экспрэсіянісцкай культуры. Матывы паступовага адчужэння і самоты можна знайсці і ў буйнейшых творах аўтара, хаця ўсе яго раманы – «Працэс», «Замак», «Амерыка» – існуюць фрагментарна, толькі «Працэс» быў фармальна скончаны.

У раманах Кафкі паўтараецца тая ж самая структура: чалавек паступова адчужаецца. Карл Росман у «Амерыцы», вельмі адкрыты, наіўны, добры чалавек, перажывае падзеі, якія робяць яго ўсё больш далёкім ад людзей. Ёзэф К. у «Працэсе» таксама перажывае адчужэнне. З аднаго боку, ён спрабуе разабрацца ў сітуацыі, з другога боку, ён не разумее, за што яго судзяць. Апошняя думка, што яго знішчаюць, нібы сабаку, – гэта яшчэ адзін прыклад адчужэння. К., каморнік з «Замка» – гэта чалавек, які першапачаткова з’яўляецца чужаніцай, знаходзіцца ў вёсцы як чалавек з іншай прасторы і мае жаданне стала ў ёй асесці, але К. не даюць гэта зрабіць. Герой бачыць замак як сістэму, якая павінна даць дазвол на нешта, але не можа да яе наблізіцца, бо калі чалавек чужы, іншы, ён не здольны пераадолець дыстанцыю паміж сабой і знешнім светам.

Макс Брод, 1914 годКафка ўсё гэта зведаў на ўласным досведзе, фізічна ў тым ліку: ён хварэў на сухоты і перад смерцю нават не мог нармальна камунікаваць з людзьмі. Сумненні наконт сябе, уласнай творчасці і лёсу былі яму добра знаёмыя. Вядома, што Кафка хацеў, каб яго неапублікаваныя творы знішчылі. Тэксты засталіся толькі дзякуючы Максу Броду, але ён апрацаваў іх такім чынам, што і па сённяшні дзень вядуцца спрэчкі пра тое, ці была паслядоўнасць эпізодаў у гэтых творах задумай самога Кафкі.

Чаму менавіта Франц Кафка робіцца знакавым пісьменнікам ХХ стагоддзя? ХХ стагоддзе вельмі добра ілюструе тое, як чалавек адчужаецца ад іншых. Кафка зведаў гэта яшчэ да неверагодна разбуральнай Другой сусветнай вайны, якая знішчыла яго сясцёр. Ён прадбачыў будучыя жахі: чалавек стаў ворагам для іншых, адзінкай, самотнай чужаніцай, якая не мае ніякай каштоўнасці, якую можна вельмі проста знішчыць, выкінуць на сметніцу, як Грэгара Замзу. Праблема адасобленасці робіць Кафку вельмі паказальным аўтарам эпохі. А паколькі праблема самоты не абмяжоўваецца ХХ стагоддзем, Франц Кафка становіцца ўніверсальным пісьменнікам, чытаным па сённяшні дзень.

Літаратура
Еўропа
XX стагоддзе
Франц Кафка