Гэты артыкул зроблены разам з падкастам «Праз космас».
Пачнем са з'яў, ужо знаёмых уважлівым чытачам першай часткі:
*** Ўкруг месяца туманнае гало. Мароз ступае адубелым садам. Самотным дрэвам сняцца май і радасць, А мне — маё забытае святло. Ты чуеш? Ноччу кожнаю яшчэ, Самотай зрынута нечалавечай, Цалую я твой горды лоб і плечы І светаў сотні ў бездані вачэй. Цалую рукі — люльку добрых сноў І да грудзей-сумётаў прыпадаю, І гіну ў полымі. І паміраю, Бо згаснула ў снягах даўно яно. Што мне да тысячы начных свяціл? Ў дарэмным маранні аб згаслым сонцы Начным ваўком гляджу ў тваё ваконца, — Яно — за трыста міль. Яно — ў былым жыцці. | ГАЛО Гало (Гала) — аптычная ілюзія, калі вакол Месяца або Сонца ўзнікае свячэнне, часцей у форме акружнасці. Яно можа з’яўляцца ў любую пару года, але асабліва часта ўзнікае зімой. Гала з’яўляецца, калі святло пераламляецца, адлюстроўваецца і рассейваецца крышталямі лёду ў пёрыстых аблоках на вышыні ад 6 да 12 км. Каб убачыць гало вакол Месяца, неабходна, каб на небе прысутнічаў сам Месяц у досыць вялікай фазе. Гэта здараецца не так ужо і рэдка. Па падліках метэаролагаў, у кожным пункце сушы гала назіраецца прыкладна раз на тыдзень. |
...Над духмянымі ў полі каноплямі Цень ад хмары самотнай плыве. Ледзь паспеўшы сустрэцца і зведацца, Лапай вочы прыкрыўшы ў журбе, Пад алмазнай Вялікай Мядзведзіцай Спіць туга мая па табе.
| ВЯЛІКАЯ МЯДЗВЕДЗІЦА, КОЎШ, ВЯЛІКІ ВОЗ Вялікая Мядзведзіца (у народзе — Вялікі Воз) —сузор’е ў паўночнай частцы зорнага неба, якое ведае кожны. Сем яркіх зорак з гэтага сузор’я, якія нагадваюць коўш з ручкай, можна ўбачыць адразу, без усялякіх падказак. У Паўночным паўшар’і Вялікую Мядзведзіцу можна назіраць круглы год. Гэта адно з самых буйных сузор’яў, якое займае трэцяе месца на зорным небе. Вялікі Коўш, або Коўш — астэрызм у сузор’і Вялікая Мядзведзіца. Астэрызм — гэта група зорак, якую лёгка можна пазнаць і якая з’яўляецца часткай якога-небудзь сузор’я. Коўш — гэта толькі асноўная частка сузор’я Вялікая Мядзведзіца і яе хвост. А яшчэ ёсць лапы і галава. Цалкам жа Вялікую Мядзведзіцу складана ўбачыць простым вокам, асабліва ва ўмовах гарадскіх агнёў. |
А што наконт Малой Мядзведзіцы? На гэты раз звяртаемся да прозы:
...З самага пачатку году і кожны вечар заранкі былі чырвоныя, як кроў, а ветру наступнага дня не было… …Казалі: коннік на «маці мора» скача як шалёны і дзідай сваёй паказвае авама і сема, туды і сюды, на захад і на поўдзень і на ўсход, абы толькі не на Зорны Кол, як то належыць.
З рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» | ЗОРНЫ КОЛ Зорны Кол, або Палярная Зорка — самая яркая зорка ў сузор’і Малой Мядзведзіцы. Зорка бліжэй за ўсіх размешчана да восі кручэння Зямлі, таму яна заўсёды застаецца нерухомай і служыць надзейным інструментам для навігацыі. Яе таксама называюць Паўночнай ці Пуцяводнай зоркай. |
Спрактыкаваныя вандроўнікі знойдуць для сябе ў радках Уладзіміра Сямёнавіча і больш складаныя маршруты:
Позняю ноччу з бяссілымі зорамі стылымі, Калі ў глыбокіх дварах паміраюць вятры, — Сеў на акно чалавек з кажановымі крыламі, Месяц і зоры гусцеючым ценем закрыў. Складваў і знову выпростваў ён крылы маўклівыя, З іх вандраванняў міжзорных счышчаючы пыл. Крылы як веер былі, як паніклыя косы алівы, І як пагаслых ад стомы камет пацьмянелых снапы. — Хто ты? — спытаў у яго. — А нашто табе ведаць аб гэтым? — Што ты? — Я кветка і зорка. Пагоня і бег. — Зараз адкуль? — Я... забыўся на тыя планеты. Дзе абпякаў мае крылы агонь, дзе завейваў іх снег. — Што ты пабачыў? — Тупых катаклізмаў раскаты, Зло і пяшчоту, пажар і спакойны заліў. — Ўсё гэта можна пабачыць на гэтай праклятай, На блаславёнай, на сонечна-змрочнай зямлі. — Што ты запомніў найбольш? — Ледзяныя абшары свабоды, Дзе сумнявацца даводзіцца ў сэнсе самога быцця, І каля Альфы Цэнтаўры грыбы вадародныя, А ў Магеланавай Хмары няпэўныя іскры жыцця.
| АЛЬФА ЦЭНТАЎРА Альфа Цэнтаўра — гэта наш найбліжэйшы зорны сусед, што знаходзіцца ўсяго ў 4,37 светлавых гадах ад Зямлі. Альфа Цэнтаўра — трайная зорная сістэма, якая складаецца з дзвюх зорак (Альфа Цэнтаўра A і B), што знаходзяцца даволі блізка адна да адной, і трэцяй зоркі (Проксіма Цэнтаўра), якая размяшчаецца на значнай адлегласці ад іх. Альфа Цэнтаўра можа стаць адной з першых мэт міжзоркавых палётаў. МАГЕЛАНАВА ХМАРА Магеланавы хмары — дзве карлікавыя галактыкі-спадарожнікі нашага Млечнага Шляху: Вялікая Магеланава Хмара (або Воблака) і Малая Магеланава Хмара (або Воблака), якія размешчаны адносна блізка адна да адной і ўтвараюць гравітацыйна звязаную сістэму. Магеланавы Хмары размешчаны на досыць вялікай адлегласці ад Млечнага Шляху: адлегласць да Вялікай Хмары складае каля 160,000 светлавых гадоў, а да Малай — два радыусы самога Млечнага Шляху, або 200,000 светлавых гадоў. Названы галактыкі ў гонар Фернана Магелана — знакамітага партугальскага і іспанскага мараплаўца, які здзейсніў першае кругасветнае падарожжа. |
Як Стажары ў небе заззялі, І ў сяле падаілі кароў, І з палёгкай палі ўздыхалі,— Я пад вокны твае прыйшоў.
Ты з хітрынкай сказала, мілая, Прыкрываючы шыю касой: «Маці спіць. Я таксама стамілася. Дарагі, прыходзь раніцой».
З верша «Як Стажары ў небе заззялі»
І Алесь шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў на ўсё гэта, быццам з заўтрашняй раніцы яму выпадала жыць зусім пад іншым небам, без гэтай Вечарніцы, без гэтых скупых паўночных сузор’яў, без самотных Стажараў, якія цесна сышліся, — такія маленькія, — каб пагаманіць аб справах нябесных і зямных.
З рамана «Каласы пад сярпом тваім» | СТАЖАРЫ Стажары (або Плеяды, або Сем Сясцёр, і яшчэ M45) — рассеянае зорнае скопішча, размешчанае на адлегласці каля 444 светлавых гадоў ад Зямлі. Адно з самых блізкіх да Зямлі і адно з самых яркіх зорных скопішчаў. Калі назіраць за Плеядамі простым вокам, то яны падобныя на паменшаную копію Вялікага Каўша — шэсць зорак у блакітнаватым тумане. Найлепшы час для назірання за Плеядамі ў нашым, Паўночным паўшар’і — студзень і люты. ВЕЧАРНІЦА (ВЕНЕРА) Звычайна Венера бачная незадоўга да ўзыходу або праз некаторы час пасля заходу Сонца, таму за ёй традыцыйна захаваліся адпаведныя назвы «ранішняя зорка» (Заранка) і «вячэрняя зорка» (Вечарніца). |
Нядзіўна, што менавіта юныя і летуценныя героі рамана «Каласы пад сярпом тваім» часцей за ўсіх іншых персанажаў Караткевіча ўглядаюцца ў неба:
Зоры мігцелі над паркам.
— Алесь, — спытала яна, — можа нарадзіцца чалавек з такімі вачыма, што ўбачыць іх?
— Не ведаю, — сказаў Алесь. — Вочы ва ўсіх розныя. Бачыш Коўш?
— Бачу.
— А вунь другая зорка ў ягонай ручцы. Паглядзі, што ты бачыш ля яе?
— Ой, — шапнула Майка. — Яшчэ адна зорачка.
— Гэта Міцар і Алькор, — сказаў Алесь. — У цябе добры зрок. А вунь тую зорку як ты бачыш?
— Ніяк, зорка як зорка.
— А я ведаю, што яна падвойная. Гэта альфа Вагаў. Настаўнік здзіўляецца, якія ў мяне вочы. Ён правяраў. Ён бачыць толькі ў трубу тое, што я добра бачу і так. Ведаеш, Вечарніца мае сярпы, як месяц. А калі на ёй серп, то часам можна заўважыць, што астатняя яе частка попельная... Я заўважаю нават яшчэ больш. Ля Воўчага Вока ёсць дзве зусім малюсенькія зорачкі. Але я іх бачу толькі ў прыцемку, калі на небе зусім мала зор. Тады ніхто не забівае іх сваім ззяннем. | МІЦАР І АЛЬКОР Міцар — зорка ў сузор’і Вялікай Мядзведзіцы, другая з канца на ручцы каўша. Міцар — гэта падвойная зорка, побач з ёй знаходзіцца яшчэ адна, Алькор. Міцар і Алькор — два блакітныя карлікі, паміж якімі ёсць арбітальная сувязь. У старажытнасці з дапамогай гэтых дзвюх зорак правяралі зрок. Бачыце і Міцар, і Алькор? Віншую, у вас выдатны зрок. АЛЬФА ВАГАЎ Альфа Вагаў — падвойная зорка, другая па яркасці зорная сістэма ў сузор’і Вагаў. Дзве зоркі абазначаюцца як α¹ Вагаў і α² Вагаў. Альфа Вагаў знаходзіцца прыкладна ў 77 светлавых гадах ад Сонца. ВЕЧАРНІЦА (ВЕНЕРА) Паколькі арбіта Венеры бліжэйшая да Сонца, чым арбіта Зямлі, Венера праходзіць фазы, аналагічныя фазам нашага Месяца. Пры набліжэнні да Зямлі Венера выглядае як серп, а пры аддаленні бачны толькі круглы дыск. ВОЎЧАЕ ВОКА Юпітэр, або Воўчае Вока — самая вялікая планета ў Сонечнай сістэме і пятая планета па адлегласці ад Сонца. Радыус Юпітэра складае 69 911 км, а яго маса ў два разы большая, чым агульная маса ўсіх астатніх планет Сонечнай сістэмы. Для параўнання: у Юпітэр могуць лёгка змясціцца каля 1300 зямных сфер. «Дзве зусім малюсенькія зорачкі» — хутчэй за ўсё, маюцца на ўвазе спадарожнікі Юпітэра, такія як Іо, Еўропа, Ганімед і Каліста. Гэтыя спадарожнікі дастаткова вялікія, і пры добрых умовах іх можна назіраць з Зямлі простым вокам. |
Ён глядзеў у акно, на зорку. І раптам убачыў... ...У небе стаялі светлыя слупы ад гарызонта да зеніту. Яны мяняліся месцамі, крайняя іхняя грань была зырка-барвяная, яна разгаралася і нагадвала пажар. А пасярэдзіне ўставалі белыя палосы і слупы. Рэдкае на такім поўдні і таму слабое, уставала над зямлёй паўночнае ззянне. | ПАЎНОЧНАЕ ЗЗЯННЕ Палярнае ззянне ўзнікае над Паўночным і Паўднёвым полюсамі. Адсюль і назвы Паўночнае і Паўднёвае ззянне. Палярнае ззянне вядома сваімі зялёнымі і іншымі адценнямі. Яно ўтвараецца праз свячэнне зараджаных часціц у верхніх пластах атмасферы. Колер ззяння залежыць ад вышыні і хімічнага складу атмасферы. За зялёны колер адказваюць атамы кіслароду на вышыні ад 100 да 300 кіламетраў. |
Скончым загадкай для знаўцаў Караткевіча: у назве якога твора наўпрост згадваецца астранамічная з'ява?
Ішоў, не задумваючыся, куды ён ідзе. Усё менш ставала святла, і гэта азначала, што ён набліжаецца да ўскраін. I тут ён пабачыўся з зорамі, якіх няма ў цэнтры вялікага торада. Ноч была цёмная, ясная, зоры былі халодныя... Упала адна, а за ёю другая. Гэта, вядома, не былі Леаніды. Леаніды не вернуцца да зямлі. Яны бачылі на ёй столькі, што не хочуць больш глядзець на яе нівы і цяністыя лясы, пакуль усе людзі не стануць іншымі. Усе да аднаго.
З рамана «Леаніды не вернуцца да зямлі» | ЛЕАНІДЫ Леаніды — гэта штогадовы метэорны паток, пік якога прыпадае на сярэдзіну лістапада. Паток характэрны хуткімі белымі метэорамі, якія ўлятаюць у атмасферу Зямлі са скорасцю 71 км/с. Сёлета чакаецца да 20 метэораў у гадзіну падчас піку, аднак поўня будзе перашкаджаць назіранням. Што да іншых зорных патокаў (Персеіды, Арыяніды, Гемініды, Урсіды): большасць метэорных патокаў утвараецца, калі Зямля праходзіць праз пылавы шлейф, пакінуты каметай. Трапляючы ў атмасферу Зямлі, часціцы касмічнага пылу згараюць і пакідаюць у небе яркі след. Гэта з’ява называецца метэорам. Часам крыніцамі некаторых метэорных патокаў з’яўляюцца не каметы, а астэроіды. У метэорных патокаў ёсць свае арбіты ў космасе. Таму патокі заўсёды ідуць «па раскладзе», калі Зямля праходзіць пункт перасячэння ўласнай арбіты з арбітай метэорнага патоку. Свае назвы метэорныя патокі атрымліваюць па тых сузор’ях, да якіх яны бліжэйшыя за ўсё. Самы знакаміты метэорны паток — Персеіды, з пікам у сярэдзіне жніўня, падчас якога можна ўбачыць да 100 метэораў за гадзіну. Гемініды — адзін з самых яркіх метэорных патокаў, у якім могуць трапляцца не толькі пылінкі, але і вялікія камяні, якія ўспыхваюць у небе яркімі балідамі і згараюць у атмасферы на хуткасці каля 35 км/с, пакідаючы яркі жоўты след. |