ZRAMY. Маладыя паэты Беларусі і іх вершы: партрэт пакалення.
«і буду спаць
пачышчанай рыбай,
бы перламутравую луску
прадаўшы.»
«і буду спаць
пачышчанай рыбай,
бы перламутравую луску
прадаўшы.»
Разаб'е бэз вокны
кулаком гронкі,
прылепіцца да шкла
усмешлівымі шчупальцамі.
Будуць бэзавай
камерай мае пакоі:
душыся
вясной,
здыхай,
альбо пакахай
і дыхай.
Над брукаванкай звонкай
няўжо ты забыўся, бэз,
на вужоў
гадаў-гаспадароў,
карона якіх сонцам
крыжоў нашых стала?
Ці ты забыўся, бэз,
на песні
Забэйды-Суміцкага,
што за вушамі
прыёмніка
суніцамі
трашчалі?
Бэз!
Шапчы шыбам вершы
чацвера вуснымі ратамі,
калышы шыбы
пяшчотнай калыханкай.
Ліловымі вочкамі
заплюшчы вокны мае,
і буду спаць
пачышчанай рыбай,
бы перламутравую луску
прадаўшы.