Wir.by | Ольстэр: самы зацяты еўрапейскі канфлікт
Адзін з самых вядомых канфліктаў даўжынёй у тысячу гадоў, у якім усё яшчэ не пастаўленая кропка, этнапалітычны, рэлігійны крызіс — і ўсё гэта ў Еўропе. Ірландцы называюць яго Смутай, але больш вядомая назва — Ольстэрскі канфлікт. Сутыкненне, у выніку якога загінула мноства людзей, нямала ірландцаў мусілі з’ехаць у Паўночную Амерыку; спрэчка, якой прысвечана мноства песень і фільмаў, пра якую напісаны кнігі.
Ольстэр: самы зацяты еўрапейскі канфлікт
Ольстэр: самы зацяты еўрапейскі канфлікт

Што такое Ольстэр?

Ольстэр — адна з чатырох гістарычных правінцый Ірландыі. На сённяшні дзень яна яднае дзевяць графстваў, шэсць з іх уваходзяць у Паўночную Ірландыю — частку Вялікабрытаніі, тры — у Рэспубліку Ірландыю.

Гістарычна, да пачатку ХХ стагоддзя, Ірландыя і Паўночная Ірландыя былі адным цэлым. Каралеўства Ольстэр, сфарміраванае ў Раннім Сярэднявеччы, фармальна падпарадкоўвалася англійскай кароне. Паводле легенды, калісьці два воіны змагаліся за права ўладарыць на востраве. Скончыць спрэчку вырашылі наступным чынам: хто першы даплыве да вострава і дакранецца да зямлі, той і пераможца. Адзін з сапернікаў, падплываючы да берага, адрэзаў сваю руку і выкінуў яе на зямлю — так ён стаў першым легендарным каралём Ольстэра. Таму на сённяшнім сцягу Паўночнай Ірландыі можна ўбачыць чырвоную руку.

У часы Рэфармацыі на тэрыторыі каралеўства ўкараніўся пратэстантызм, у той жа час астатняе насельніцтва Ірландыі засталося каталікамі. Так сфарміравалася першая перадумова да расколу і фарміравання аднаго з важных бакоў Ольстэрскага канфлікту.

Да шматлікіх канфліктаў вяла і жорсткая зямельная палітыка ў дачыненні да ірландскіх землеўладальнікаў. Выпадкі прыгнёту прывялі да голаду 1845–1849 гадоў. Многія ратаваліся ўцёкамі ў Амерыку, а ў Ірландыі ўзмацніліся антыанглійскія настроі. Аднак барацьба на некаторы час заціхла.

Перадумовы канфлікту

Ольстэрскі канфлікт можна назваць этнапалітычным, бо ён абумоўлены рэлігійнымі ды эканамічнымі пытаннямі, а таксама палітычным прыгнётам насельніцтва.

У першую чаргу, гэты канфлікт рэлігійны: пратэстанты-англічане, якія пераважалі сярод насельніцтва Ольстэра, мелі больш правоў, чым каталікі-ірландцы. Па-другое, доўгі прыгнёт ірландскіх землеўладальнікаў прывёў да голаду, што абвастрала незадаволенасць сацыяльным становішчам і палітычнай сітуацыяй.

Літаральна напярэдадні Першай сусветнай вайны вяліся перамовы пра аўтаномію Ірландыі. Пагадненне мусіла ўступіць у сілу ў 1914 годзе, але пачалася вайна, якая стала апошнім штуршком да актыўных дзеянняў.

Этапы канфлікту

  • Ірландыя не атрымала аўтаномію, таму ў 1916 годзе пачалося Велікоднае паўстанне. Паўстанне доўжылася толькі тыдзень, але сілы былі няроўнымі, што пацягнула за сабой вялікія страты. Жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да паўстанцаў справакавалі нянавісць да англічан, і, адпаведна, мясцовыя жыхары пачалі спачуваць рэпрэсаваным. Ідэя незалежнай Ірландыі займела яшчэ большую падтрымку.

  • У 1919 годзе была абвешчана Ірландская Рэспубліка. Гэта нібыта мусіла задаволіць тых, хто выступаў супраць аб’яднання з Вялікабрытаніяй. Аднак новаўтвораная Ірландская Рэспубліка ахоплівала не ўвесь востраў: у пратэстанцкім Ольстэры ідэя незалежнасці не знайшла неабходнай колькасці прыхільнікаў, бо меркаванне каталіцкай меншасці не ўлічвалася.

Паўстанцаў рашэнне наконт аддзялення Паўночнай Ірландыі не задаволіла, таму Ірландская рэспубліканская армія (ІРА) пачала баявыя дзеянні супраць англійскіх войскаў і паліцыі. Спробай вырашыць праблему стаў кампраміс: у склад Ірландыі ўвайшоў увесь востраў, апроч шасці найбольш прамыслова развітых паўночна-ўсходніх графстваў, дзе пераважалі пратэстанты.

Пасля гэтага ў ІРА адбыўся раскол на падставе прыняцця ці непрыняцця ўмоў кампрамісу. Прыхільнікі аб’яднання Ольстэра і Ірландыі павярнулі зброю супраць былых аднадумцаў. Супрацьстаянне 1922 года было крывавым і жудасным: у Белфасце, як сведчаць крыніцы, людзей забівалі на вуліцах, гранатамі ды бомбамі закідвалі поўныя аўтобусы, а пратэстанты маглі высяляць каталікоў сярод ночы і спальваць іх дамы разам з усёй маёмасцю. Аднак Нацыянальная армія апынулася мацнейшай, і ў 1923 годзе ІРА склала зброю.

  • Да сярэдзіны 1950-х усё было адносна спакойна, але ў хуткім часе ІРА зноў нагадала пра сябе. Яшчэ ў 1936 годзе Армію аб’явілі па-за законам. Пагоршыліся адносіны паміж пратэстантамі і каталікамі — і апошнія выступілі з патрабаваннем ліквідаваць дыскрымінацыю. Напрыканцы 1930-х брытанскім уладам быў пастаўлены ўльтыматум – вывесці войскі з Ольстэра. Але ўрад праігнараваў гэтае патрабаванне. ІРА адказала тэрарыстычнай кампаніяй, цягам васьмі месяцаў узрываючы на тэрыторыі Англіі камунікацыі, аб’екты энергетыкі і сувязі. У выніку ў 1941 годзе начальнік штаба ІРА быў схоплены і расстраляны.

  • З 1954 года ІРА зноў актывізавалася. Барацьба за ўз’яднанне Ольстэра з Ірландыяй, якую часам называюць «кампанія за грамадзянскія правы», працягвалася пяць гадоў.

  • 1970–1980-я гады ў Ольстэры можна назваць пеклам. Па сутнасці, летам 1969 года ў Ольстэры пачалася грамадзянская вайна. Каталікі патрабавалі палітычнай і сацыяльнай справядлівасці, у той час як пратэстанты выводзілі на сценах слоганы юніянісцкай партыі Ольстэра кшталту «Ані цалі!», «Папу тут — не».

Паказальным здарэннем таго часу стала Крывавая нядзеля 1972 года, калі былі расстраляныя мірныя дэманстранты, у тым ліку дзіця і святар.

У дзеянне былі прыведзеныя 22 выбуховыя прылады. У 2010 годзе прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран афіцыйна папрасіў прабачэння за гэтае здарэнне ў сем’яў загінулых.

Ветэраны Ірландскай рэспубліканскай арміі ўзгадваюць мяжу 1970–1980-х так:

«Палітыка была для нас брыдкім словам. Трыццаць гадоў таму ўзброеная барацьба разглядалася як адзіна магчымы шлях вызвалення нашай краіны. [...] Напрыканцы 1970-х урад Маргарэт Тэтчэр перайшоў да палітыкі крыміналізацыі ірландскай вызваленчай барацьбы: калі да гэтага за намі прызнавалі асаблівы статус  фактычна палітзняволеных, то тут мы раптам былі аб’яўленыя звычайнымі крымінальнікамі... Нам было адмоўлена ў праве, якім мы заўжды карысталіся  насіць у турме сваю вопратку. Тады нарадзіўся першы пратэст: адзін з нас адмовіўся апранаць форму крымінальніка і аддаў перавагу грубай коўдры, якой ён схаваў сваю галізну. Тады рэспубліканцаў сталі называць “людзьмі ў коўдрах”. Рух гэты стаў масавым. Сваёй палітыкай Тэтчэр спрабавала зрабіць тое, што ёй не ўдалося ваеннымі метадамі  зламаць нашых людзей. Дзіўна, але нават сёння ёсць яшчэ ў Брытаніі такія палітыкі, якія не ўцямілі, што ірландскі рэспубліканскі рух не зламаць рэпрэсіямі, таксама як і ІРА не перамагчы ўзброеным шляхам» (Мітчэл Маклоглін).

  • У 1980 годзе, хоць тэрор і працягваўся, з’явілася надзея на мірны зыход канфлікту. Гэта час дамоваў, дэкларацый, у выніку якіх прымаліся рашэнні аб захаванні Паўночнай Ірландыі ў складзе Вялікабрытаніі да таго моманту, пакуль за гэта выступае большасць жыхароў Ольстэра. Быў уведзены прынцып «адчыненых дзвярэй» — запрашэнне за стол перамоў усіх бакоў канфлікту пры ўмове адмаўлення ад гвалту. Дэкларацыя Даўнінг-Стрыт, прынятая ў 1993 годзе, пацвердзіла права ірландцаў на самавызначэнне, а таксама на перадачу Ольстэра ў склад Паўночнай Ірландыі, калі такое рашэнне падтрымае абсалютная большасць. Аднак прыняцце Дэкларацыі было ўскладненае тым, што ІРА адмовілася раззброіцца. Больш за тое, 20 сакавіка 1993 года адбыўся тэракт ва Уорынгтане (Англія), у выніку якога загінула двое дзяцей. Гэта выклікала вялікі рэзананс у грамадстве. Гэтай падзеі прысвечана сусветна вядомая песня «Zombie» ірландскага гурта The Cranberries.

  • Тым не менш, у ліпені 1997 года Джэры Адамс, прэзідэнт партыі «Шын Фейн», якая займала ў палітычным жыцці Ірландыі важнае месца, здолеў пераканаць лідараў ІРА спыніць гвалт. У выніку 10 красавіка 1998 года была падпісаная дамова, згодна з якой Ірландыя адмаўлялася ад тэрытарыяльных прэтэнзій, Паўночная Ірландыя заставалася часткай Вялікабрытаніі. Дэвід Трэмбл і Джон Х’юм, якія ўнеслі асноўны ўклад у гэтую падзею, атрымалі Нобелеўскую прэмію міру.

  • Здавалася б, канфлікт вычарпаны, але ў 2012 годзе Ірландская рэспубліканская армія аднавілася.

Вядомую турму «Мэйз», дзе утрымлівалі зняволеных з ІРА, называюць «эйч», бо яе блокі па форме нагадваюць гэтую літару. Цяпер турма ўжо не выкарыстоўваецца, але літара H (эйч) па сёння нярэдка становіцца першай літарай алфавіта, якую засвойваюць ольстэрскія дзеці. Сярод дашкольнікаў аднаго з каталіцкіх гета на захадзе Белфаста па сёння распаўсюджаная лічылка: «Адзін-два-тры, дзверы эйч-блока адчыні!»

RSS-стужка
Распавесці пра нас усім
Дапамагчы нам
Калі вы знайшлі памылку, у вас ёсць заўвагі па сайце або вы жадаеце дапамагчы нам, калі ласка, напішыце на help@wir.by
© Wir.by, 2020. Падчас капіравання і цытавання нашых матэрыялаў, калі ласка, не забывайцеся пазначаць першакрыніцу, адкуль вы атрымалі інфармацыю.