Wir.by | Перабудова
Дэкаданс васьмідзясятых, кіно на беларускай мове і яшчэ адна спроба экранізаваць Караткевіча
Перабудова
Перабудова

Напрыканцы 1970-х гадоў неад’емнай часткай беларускага кіно стала гісторыка-асветніцкая драматургія Аляксея Дударава. Студыя «Беларусьфільм» выпусціла некалькі кароткаметражных фільмаў паводле сцэнароў драматурга: «Кола» (1977), «Дэбют» (1978), «Буслянё» (1980). «Неперспектыўная» вёска, трое старых, пакінутых жыццём, — бадай усе ключавыя рысы п’есы «Вечар» былі адлюстраваны кінематаграфічным дуэтам Дударава і рэжысёра Ігара Дабралюбава ў карціне «Восеньскія сны» (1987). Кампазіцыя таксама засталася нелінейнай, поўнай рэтраспекцый, якія парушалі стандартную структуру кінатвора.

image4.pngКадр з фільма «Восеньскія сны», у ролі Ганны — Галіна Макарава

image1.jpgКадр з фільма «Чорны замак Альшанскі»Узаемаадносіны Уладзіміра Караткевіча з кінематографам, як было ўжо адзначана, не ішлі роўна: цяжка было аднавіць унікальны мастацкі свет, адначасова дагадзіўшы цэнзарскай сістэме. Гэта, верагодна, усведамляў Міхаіл Пташук, калі адважыўся на экранізацыю рамана «Чорны замак Альшанскі». Сцэнарыстам выступіў сам Караткевіч. Кінадылогія з’явілася ў пракаце ў 1983 годзе, захаваўшы галоўную сюжэтную лінію — пошукі гісторыкам Антонам Космічам старажытнай рэліквіі (трох кніг, «узятых у адзін пераплёт з рудой скуры, канца ХVI стагоддзя»).

Інтэрв’ю М. Пташука карэспандэнту часопіса «Тэлебачанне і радыёвяшчанне». 1984. № 2. С. 22

Рэжысёр фільма прызнаваўся, што яго твор будзе «фантазіяй на тэмы рамана», таму што ўмясціць складаны сюжэт кнігі ў дзве серыі без спрашчэнняў і прабелаў — задача цяжка дасягальная, а справай любога рэжысёра, як у тэатры, так і ў кіно, ёсць суб’ектыўнае развіццё аб’екта творчасці. Імаверна, праз залішняе скажэнне рамана фільм не стаў з’явай у кінематографе, а многія рэцэнзенты палічылі яго творчай няўдачай рэжысёра.

Перыяд перабудовы заканамерна закрануў і беларускі кінематограф. Паступова адбывалася адмаўленне ад усталяваных метадаў у савецкім кінематографе, кінатворцы адрынулі штучна завостраныя канфлікты. Кіно паступова камерцыялізавалася, рэжысёры аддавалі перавагу экранізацыі твораў рускай літаратуры: у 1991–1992 гадах на кінастудыі «Беларусьфільм» і новых для Беларусі незалежных студыях было створана больш за дзесяць карцін паводле твораў Пушкіна, Дастаеўскага, Буніна, Булгакава. Як ва ўсе пераломныя перыяды, ішла гаворка пра патэнцыйную смерць беларускага кіно перад навалай невядомай будучыні. І толькі кінатворы на літаратурнай аснове ўстойліва супрацьстаялі кінематаграфічнаму дэкадансу васьмідзясятых. Страх заняпаду звязваўся з усё большай арыентацыяй кінастудый на тэлебачанне як гарант пракату, які дазваляе акупіць фільм.

image2.jpgКадр з фільма «Франка — жонка хама». У ролі Франкі — польская актрыса Ханна Дуноўская, у ролі Паўла — акцёр НАДТ імя Якуба Коласа Генадзь ШкуратаўНа аглядзе кінапрадукцыі 1990 года Саюз кінематаграфістаў рэспублікі і студыя імя В. Тарыча як найлепшы фільм года адзначылі карціну «Франка — жонка хама» рэжысёра Дзмітрыя Зайцава. Гэта скарочаны для кінапракату варыянт чатырохсерыйнага тэлефільма «Хам» паводле аднайменнай аповесці Элізы Ажэшкі, якая распавядае пра каханне гараджанкі Францішкі і рыбака з наднёманскай вёскі Паўла напрыканцы ХІХ стагоддзя. Сутыкненне светапоглядаў і сацыяльны ціск абарочваюцца трагедыяй для галоўных герояў.

У тым жа 1990 годзе выйшаў фільм «Плач перапёлкі» Ігара Дабралюбава па матывах трох раманаў Івана Чыгрынава («Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы»). Фільм складаўся з дзевяці серый і да пэўнага моманту — з’яўлення камерцыйных беларуска-расійскіх серыялаў 2000-х — быў самым доўгім па метражы беларускім фільмам. «Плач перапёлкі» адлюстроўвае прыход у невялікую лясную вёску нямецкіх захопнікаў, калі на сцяжынах з’яўляліся палонныя і ў сасонніках арганізоўваліся першыя партызанскія атрады. Традыцыйны ў плане рэжысёрскіх і аператарскіх рашэнняў, серыял вылучаецца акцёрскай ігрой: усе выканаўцы адначасова былі ўдзельнікамі тэатральных труп Мінска, Віцебска і іншых гарадоў.

Чарговай экранізацыяй твораў Караткевіча стала малавядомая карціна 1990 года «Маці ўрагану» рэжысёра Юрыя Марухіна. Гэты фільм-дылогія прысвечаны сялянскаму паўстанню 1743–1744 гадоў у Крычаўскім старостве пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. Фільм міфалагізаваў гістарычную падзею, уводзячы сімвалічныя вобразы Маці ўрагану — Агны (Людміла Палякова) і яе сына, удзельніка паўстання, Васіля Ветра (дэбют Аляксандра Гаманюка), які замяніў у барацьбе Вашчылу (купалавец Генадзь Гарбук, раней сыграў Петрака ў кінадылогіі «Знак бяды» і Лапатуху ў фільме «Чорны замак Альшанскі»). У гістарычнай драме, багатай на масавыя сцэны народных сходаў і бітваў, дзе ў адну плынь зліваюцца процілеглыя сілы, аналізуецца прырода здрады, упартасці, несправядлівасці.

image3.jpgКадр з фільма «Маці ўрагану» Асаблівасцю карціны стала мова: у фільме ўсе размаўляюць па-беларуску. Многія рэплікі вершаваныя, узбагачаныя народнымі песнямі і прымаўкамі. Для акцёраў, што выконвалі свае ролі па-руску, пазней быў зроблены дубляж на беларускую мову. Верагодна, такі выбар тлумачыцца грамадскай сітуацыяй позніх васьмідзясятых у БССР. Зазвычай жа на студыі «Беларусьфільм» усё рабілася іначай, і нацыянальная мова была рэдкай з’явай у беларускім кіно.

RSS-стужка
Распавесці пра нас усім
Дапамагчы нам
Калі вы знайшлі памылку, у вас ёсць заўвагі па сайце або вы жадаеце дапамагчы нам, калі ласка, напішыце на help@wir.by
© Wir.by, 2020. Падчас капіравання і цытавання нашых матэрыялаў, калі ласка, не забывайцеся пазначаць першакрыніцу, адкуль вы атрымалі інфармацыю.