Канец сямідзясятых | Wir.by
Працягваем сачыць за беларускім кіно і за яго сувязямі з літаратурай. Мінскае падполле, самы спусташальны фільм пра зло і першы савецкі містычны трылер.
Канец сямідзясятых

Канец сямідзясятых

Беларускае кіно
Гэта 5 частка цыкла
Беларускае кіно
1. Зараджэнне: Прастытутка і Свінапас
2. Партызаны. Паравозы. Рабінзоны
3. Эпоха экранізацый
4. Канец прыўкраснай эпохі
5. Канец сямідзясятых
6. Палеская хроніка
7. Перабудова
8. Дзевяностыя

У 1978 годзе аповесцю Івана Шамякіна «Гандлярка і паэт» пра мінскае падполле ў часы Другой сусветнай вайны зацікавіўся рэжысёр «Масфільма» Самсон Самсонаў, вядомы гледачу экранізацыямі твораў А. Чэхава, У. Шэкспіра, Дж. Прыстлі. Аповесць захапіла рэжысёра драматызмам і тым, што добра падыходзіла для экранізацыі. Фільм «Гандлярка і паэт» вызначаецца скарочанай у параўнанні з першаасновай экспазіцыяй, што аўтаматычна перайначыла пратаганіста Вольгу Ляновіч (акцёрка Наталля Андрэйчанка) у хцівую абывацельку. Эвалюцыя характараў, адкрыццё ў іх нечаканых рыс і абумовіла поспех экранізацыі аповесці.

Аповесць Івана Шамякіна «Шлюбная ноч» стала асновай для карціны Аляксандра Карпава са змененай назвай «Вясельная ноч» (1980). На кінаэкране з’яўляецца падпольшчыца Маша, ролю якой выканала таксама Андрэйчанка, а кульмінацыяй карціны робіцца яе самагубства дзеля выканання аперацыі.

image3.jpgКадр з фільма «Ідзі і глядзі»Адкрыццём і натхненнем для рэжысёра Элема Клімава сталі жудасныя па сваім змесце дакументальныя творы Алеся Адамовіча «Хатынская аповесць» і «Карнікі», а таксама цыкл 1975 года «Я з вогненнай вёскі» рэжысёра Віктара Дашука, першаасновай якому была кніга-рэпартаж Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка. Фільм, які ў свой час скалыхнуў грамадскасць, дзевяць месяцаў ствараўся ў Бярэзінскім запаведніку пад патранажам студый «Беларусьфільм» і «Масфільм». Працоўнай назвай карціны быў абраны заклік «Забіце Гітлера!», але неўзабаве быў заменены нейтральнай – «Ідзі і глядзі». З пастановачнымі сцэнамі перамяжаюцца дакументальныя фотаздымкі і кінахроніка. Рэжысёр Клімаў ні на дзень не пакідаў месца здымак, каб не страціць сувязь з трагедыяй.

Пасля выпуску ў пракат «Ідзі і глядзі» быў прызнаны самым спусташальным фільмам пра зло.

Прыдбаўшы неадназначную рэпутацыю пасля экранізацыі рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», творы Уладзіміра Караткевіча надоўга засталіся непрывабнымі для кінастваральнікаў: невядома, ці прапусцілі б наступную стужку паводле яго рамана. Надзею на змены даў 1979 год, калі рэжысёр Валерый Рубінчык пачаў двухсерыйную экранізацыю найбольш папулярнай аповесці пісьменніка – «Дзікае паляванне караля Стаха». Сацыяльна-філасофскае асэнсаванне гісторыі Беларусі, схаванае пад прыгодніцкай абалонкай, было адсунута на другі план дзеля патрэбнага рытму, дынамізму, хоць прытчавасць і дэтэктыўнасць літаратурнага твора захавалася і ў фільме. Гэта абумовіла адсутнасць энтузіязму ў айчыннага гледача, які раз-пораз супастаўляў тэкст і кінакадр. У той жа час кінадылогія пасылалася на мноства ўсесаюзных і міжнародных фестываляў прыгодніцкага, дэтэктыўнага кіно, а дзе-нідзе разглядалася як фільм жахаў.

Прынята лічыць, што «Дзікае паляванне караля Стаха» было першым савецкім містычным трылерам.

image1.jpgКадр з фільма «Дзікае паляванне караля Стаха». У ролі Надзеі Яноўскай – балгарская акцёрка А. Дзімітрава.Кінакарціна паводле твора У. Караткевіча стваралася на аснове канфлікту паміж рэжысёрскім і аўтарскім бачаннем. В. Рубінчыку карцела, насуперак першааснове, зрабіць акцэнт на тым, як мясцовае дваранства здзекуецца з беднаты, прыкрываючы свае злачынныя памкненні лакальным міфам, што стасавалася з графічнай акрэсленасцю і дынамікай, патрэбнай карціне. Аднак сам пісьменнік у фінале аповесці вуснамі галоўнага героя Андрэя Беларэцкага прамаўляе:

«Тут у мяне патрабуюць, каб я сваім апавяданнем скончыў сказ пра род Яноўскіх і яго заняпад, пра вымарачанасць беларускай шляхты».

Фільм «Дзікае паляванне караля Стаха» – гэта адначасова і фільм-атракцыён пра глухую беларускую правінцыю, і філасофскі роздум пра гістарычны шлях народа, вернасць і шчырасць ва ўчынках.

Кіно
Беларусь
БССР
XX стагоддзе
Алесь Адамовіч
Уладзімір Караткевіч