Wir.by | Палеская хроніка
Экранізацыя знакамітага рамана-эпапеі альбо 15 гадзін пра людзей і балота
Палеская хроніка
Палеская хроніка

У 1980-я Віктар Тураў вырашыў здзейсніць тое, з чым не даў рады Уладзімір Корш-Саблін: як мага дакладней экранізаваць беларускі раман-эпапею. Так нарадзіўся шматсерыйны фільм паводле «Палескай хронікі» Івана Мележа. Мележ, паводле меркавання Васіля Быкава, «даў літаратуры твор такой глыбіні і такога эпічнага размаху, менавіта якога не хапага ў нашай нацыянальнай культуры». Значнасць рамана для беларускай літаратуры, глыбіня прапрацоўкі персанажаў абумовілі працягласць пераносу твора на экран: увасабленню задумы было прысвечана больш за шэсць гадоў:

  • 1981 г. — кінафільм «Людзі на балоце» (2 серыі, 15 частак);

  • 1982 г. — тэлефільм «Апейка» (8 частак);

  • 1983 г. — фільм «Подых навальніцы» (2 серыі, 14 частак);

  • 1984 г. — фільм «Блізкае і далёкае» ці «Вадохрышчанскія маразы» (7 частак);

  • 1985 г. — васьмісерыйны варыянт для беларускага тэлебачання (56 частак).

Калі перавесці ўвесь матэрыял, зняты Туравым, у метраж звычайных аднасерыйных фільмаў (прыблізна 90 хвілін), то з гэтага атрымаецца дзесяць стужак.

Гэта значыць, што здымачнай групе даводзілася выпускаць амаль па два фільмы штогод, што сведчыць пра каласальную працу кінатворцаў. Тураў аднойчы прызнаўся, што «піетэт перад раманам там-сям абярнуўся супраць нас жа», маючы на ўвазе цяжкасць пастаўленай задачы: неабходна было ўкласці багатую на падзеі і тэмы першую частку «Палескай хронікі» ў мізэрны для яе метраж. Аднак здымачная група дала рады з гэтай няпростай задачай: кінаверсія атрымалася прывабнай для гледача.

У савецкім пракаце фільм паглядзелі 4,1 млн чалавек, і гэта ўлічваючы той факт, што на сеансы дапускаліся толькі асобы, старэйшыя за 16 гадоў.

Экранізацыя мележаўскага твора стала прыкметнай з’явай не толькі ў беларускай кінематаграфічнай прасторы. Завершаны двухсерыйны фільм «Людзі на балоце» адразу трапіў пад увагу журы міжнародных конкурсаў — ён атрымаў першую прэмію на Усесаюзным кінафестывалі 1982 г., прадстаўляў савецкае кіно на Міжнародным фестывалі ў чэхаславацкім горадзе Карлавы Вары, дзе быў узнагароджаны прызам «За акцёрскі ансамбль»; пазней аўтары фільма сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі СССР.

image1.pngКадр з фільма «Людзі на балоце». Ганна — А. Барзова, Васіль — Ю. КазючыцЛейтматывам усяго цыкла фільмаў стаў паказ персанажаў-палешукоў — Ганны, Васіля, Хадоські, Міканора — як натуральных, сапраўдных, нават былінных, у чым моцна дапамагала створаная кампазітарам Алегам Янчанкам музычная драматургія. Масавыя сцэны, пейзажы, панарамы вёскі, азёр, балот, сялянскіх хат — усё працуе на ўвасабленне адметнасці беларускага Палесся. Цэнтральнае месца ў фільмах займае трохкутнік Васіль — Ганна — Яўхім, выкананы адпаведна Юрыем Казючыцам, Аленай Барзовай і Барысам Няўзоравым. Менавіта гэтыя тры вобразы найбольш развіваюцца з разгортваннем сюжэта.

На галоўныя ролі абралі маскоўскіх акцёраў, але большасць твараў у эпізодах была добра знаёмая заўсёднікам Купалаўскага тэатра: Генадзь Гарбук, Марыя Захарэвіч, Стэфанія Станюта, Віктар Манаеў, Генадзь Аўсяннікаў, Аляксандр Гарцуеў. Цікава, што Гарбук, якога гледачы памяталі па тэлеспектаклі 1965 г. як Васіля, у фільме граў ролю бацькі Ганны.

У цыкле кінакарцін рэжысёр звяртаў увагу на не надта відавочныя канфлікты літаратурнай трылогіі, прыкладам чаму з’яўляюцца фільмы «Апейка» і «Вадохрышчанскія маразы», дзе рэжысёр падрабязна раскрывае вобразы Апейкі і Башлыкова ў спрэчках пра перабудовы ў вёсцы. Падобныя змены ў кіно перажывае і вобраз вясковага актывіста Міканора Дзятла, які ў першых серыях кінацыкла няўхільна трымаецца ідэй і рашэнняў партыі, а ў наступных яго перакананні перажываюць крызіс: Міканор здольны і спачуваць вясковым кулакам Глушакам, і дараваць набожнасць сваёй маці.

Тым не менш рэжысёр Тураў і яго калегі, сумысля ці не, змякчылі сацыяльныя канфлікты, бо драматызм падзей на Палессі 1920-х так ці іначай разглядаўся праз прызму далёкіх 1980-х, і таму падзеі калектывізацыі, грамадзянскай вайны і ўсталявання савецкай улады ўяўляліся менш разбуральнымі.

RSS-стужка
Распавесці пра нас усім
Дапамагчы нам
Калі вы знайшлі памылку, у вас ёсць заўвагі па сайце або вы жадаеце дапамагчы нам, калі ласка, напішыце на help@wir.by
© Wir.by, 2020. Падчас капіравання і цытавання нашых матэрыялаў, калі ласка, не забывайцеся пазначаць першакрыніцу, адкуль вы атрымалі інфармацыю.