Мінск складана параўнаць з Парыжам ці Прагай. Наш горад не з’яўляўся каралеўскай рэзідэнцыяй, да XX стагоддзя не меў ён і сталічнага статусу. Мінск быў адносна невялікім правінцыйным горадам, у якім, аднак, неаднаразова з’яўляліся вартыя ўвагі архітэктурныя помнікі. На жаль, іх гістарычны лёс амаль заўсёды складваўся трагічным чынам, і сёння нам толькі і застаецца, што шпацыраваць па неадназначна адноўленых вуліцах Верхняга горада. Мінск страчваў сваю гісторыю цэлымі вуліцамі і кварталамі.
1. Касцёл святога Яна
Гэты барочны касцёл належаў каталіцкаму ордэну баніфратаў і размяшчаўся пры адным са шматлікіх кляштараў Мінска. Знаходзіўся ён пад Высокім рынкам, на самым пачатку Казьмадзям’янаўскай вуліцы (сёння на гэтым месцы прыпынак каля станцыі метро «Няміга»). Пасля таго, як у выніку другога падзела Рэчы Паспалітай горад апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, касцёл і кляштар дзейнічалі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў. Але ў 1830–1831 гадах адбылося паўстанне, якое змяніла стаўленне новай адміністрацыі да беларускіх земляў. Распачалася палітыка русіфікацыі, а каталікі пачалі масава страчваць кляштары і касцёлы. Такі лёс напаткаў і касцёл святога Яна, які быў канфіскаваны ў 1836 годзе і зруйнаваны ў 1860-я.
2. Казанская царква
З мураваных будынкаў Мінска найбольшыя страты панесла сакральная архітэктура, і гэта не выпадкова. Калі царскі ўрад на нашай тэрыторыі амаль цэлае стагоддзе паслядоўна змагаўся менавіта з каталіцызмам, то савецкі ўрад вёў барацьбу з любой рэлігіяй. І пры любой нагодзе сваю ідэалагічную нелюбоў падмацоўваў разбуральнымі дзеяннямі.
Адной з першых ахвяр новай палітыкі стала Свята-Казанская царква, пабудаваная напрыканцы XIX ст. на месцы сучаснай плошчы Мяснікова. Падрыў адбыўся ў 1936 годзе з ухвалення лідараў тагачаснай БССР – Гікала, Галадзеда, Чарвякова. Самае цікавае: інжынер Грыгарэнка, што кіраваў падрывам мінскіх і віцебскіх святынь, у 60-я гады стаў адным з самых значных удзельнікаў дысідэнцкага руху і моцна раскайваўся ва ўчынках маладосці.
3. Гатэль «Еўропа»
Паўсталы яшчэ ў XIX стагоддзі, гэты гатэль пасля шэрагу перабудоў (апошняя – у стылі мадэрн) стаў самым вялікім у Мінску. Ён быў гонарам горада, яго выяву часта змяшчалі на паштоўках. Будынак быў цалкам зруйнаваны падчас Другой сусветнай вайны.
У 2007 годзе гатэль «Еўропа» набыў новае жыццё, якое, аднак, пачалося на іншым месцы і ў змененым выглядзе – быў надбудаваны «лішні» паверх.
4. Палац Чапскага
Хто з мінчан не ведае графа Караля Гутэн-Чапскага? Нават вельмі далёкія ад гісторыі людзі нешта ды чулі пра славутага мэра – то на Кастрычніцкай намалююць вялізны мурал з яго партрэтам, то выпусцяць у гонар графа піва... Трэба сказаць, што гэта заслужана: Чапскі лічыцца адным з найлепшых мэраў Мінска. І не дзіва, што такі чалавек меў свой невялікі, але вельмі прыгожы палац на галоўнай вуліцы – Захар’еўскай. Паўстаў гэты эклектычны будынак у 1894 годзе. У 1920-я гады дом займеў небяспечанага суседа – НКУС, і, як кажуць, менавіта гэтае суседства вырашыла лёс будынка. Палац Чапскага перажыў дзве сусветныя вайны, аднак у 1949 годзе яго зруйнавалі пры перабудове на той момант ужо Савецкай вуліцы. Знаўца Мінска Міхал Валодзін сцвярджае, што палац знішчылі па асабістым рашэнні кіраўніка КДБ Лаўрэнція Цанавы.
5. Дзяржбанк СССР
Можа скласціся не вельмі карэктнае ўяўленне, быццам савецкая ўлада толькі і рабіла, што знішчала будынкі. Але гэта, вядома, не так. Савецкая эпоха пакінула пасля сябе цікавыя будынкі ў стылі канструктывізму, манументальнага класіцызму, сталінскага ампіру. Да Другой сусветнай вайны рэй вялі канструктывісты: у гэтым стылі будаваліся ўсе найбольш значныя дзяржаўныя і грамадскія ўстановы.
Цікавым прыкладам савецкага канструктывізму стаў будынак Дзяржбанка, што знаходзіўся насупраць сучаснага ўніверсама «Цэнтральны». Фасад Дзяржбанка моцна вылучаўся на фоне суседніх класіцыстычных і мадэрновых двух- і трохпавярховых будынкаў. Аднак Дзяржбанк моцна пацярпеў у вайну, і яму не знайшлося месца ў планах аднаўлення горада.
6. Дамініканскі касцёл святога Тамаша Аквінскага
Гэты вытанчаны барочны касцёл, галоўны храм дамініканскага кляштара, шматкроць перабудоўваўся і змяняўся. Касцёл працаваў да часоў задушэння паўстання 1863-1864 гадоў. Недзе ў гэты час ён згубіў свае бакавыя вежы. У першыя дзесяцігоддзі XX ст. у будынку размясцілі пажарнае дэпо, замест часткі франтона касцёл атрымаў драўляную пажарную вежу. Аднак усё ж заставалася надзея на захаванне будынка: у 1926 годзе касцёл атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці – незвычайны для тых часоў выпадак. А далей – вайна, якую касцёл са стратамі, але перажыў, пасля чаго (яшчэ адна амаль неверагодная сітуацыя) будынак не знеслі, а закансервавалі. Але адбылося нечаканае: у 1950 годзе Мінск атрымаў новы генплан, паводле якога ў цэнтры горада павінна была вырасці Кастрычніцкая плошча з помнікам Сталіну. Ці магла статуя правадыра савецкай дзяржавы стаяць на адной плошчы з каталіцкім касцёлам, хай сабе і атрымаўшым ахоўны статус? Адказ відавочны. Спецыяльная камісія пастанавіла, што касцёл каштоўнасці не мае, яго аднаўленне немагчымае, і ў тым жа 1950 годзе ён быў знішчаны.
7. Езуіцкі калегіум
Езуіты – знакавы каталіцкі ордэн, які пакінуў глыбокі след у гісторыі Беларусі. Яны сталі рухаючай сілай Контррэфармацыі, разгарнулі шырокую асветніцкую і прапаведніцкую дзейнасць, заснавалі цэлую сетку «сярэдніх спецыяльных» навучальных устаноў – калегіумаў. Такі калегіум быў і ў Мінску, будавалі і рэканструявалі яго на працягу першай паловы XVIII стагоддзя. Комплекс складаўся з уласна калегіума, касцёла і школы, меў ён таксама лабараторыю з аптэкай.
Яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя прызначэнне гэтых будынкаў змянілася, але галоўнае – яны працягвалі жыць. Комплекс перажыў шэраг войнаў, у тым ліку дзве сусветныя, але быў знішчаны бюракратыяй – кіраўнікі новага пасляваеннага Мінска не клапаціліся пра лёс гістарычных помнікаў. Будынак калегіума, які меў вежу з гадзіннікам, знеслі неўзабаве пасля вайны, школу цалкам перабудавалі ў 1968 годзе, касцёл страціў вежы і ўсе барочныя элементы. Зрэшты, касцёлу ў гэтай гісторыі ўсё ж пашанцавала – сёння будынак рэканструяваны, у ім знаходзіцца Архікафедральны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
8. Халодная сінагога
Мінск згубіў не толькі архітэктурную гісторыю – ён страціў і частку свайго шматнацыянальнага каларыту. Стагоддзе таму горад гутарыў на чатырох розных мовах. Адзін народ фізічна знішчалі, другі з’ехаў ці асіміляваўся, трэці забыўся на сваю мову. Сведкай той цудоўнай разнастайнасці магла б быць Халодная сінагога на Нямізе. Гэта быў адзін з найстаражытнейшых будынкаў Мінска – лічыцца, што ён быў пабудаваны ці ў XVI, ці на пачатку XVII стагоддзя. Халоднай сінагога звалася з відавочнай прычыны – яе не ацяплялі, працавала яна толькі ўлетку, а ў халодны час маліліся ў «цёплых» сінагогах. Сам будынак быў невялікі па плошчы, але выглядаў эфектна – вялікія контрфорсы і вузкія вокны ўражвалі. У 1960-я, калі адбывалася трагедыя знішчэння старой Нямігі, будынак сінагогі пайшоў пад знос. У нашыя часы на гэтым месцы знаходзіцца паркінг.
9. Мінскі гарадскі тэатр
Да канца XIX ст. тэатральнае жыццё віравала ў тым раёне Мінска, дзе зараз знаходзіцца плошча Свабоды. Тут дзейнічаў езуіцкі школьны тэатр, таксама спектаклі ставілі ў ратушы і ў дамах багатых гараджан. Гэтая справа атрымала новы імпульс пасля адкрыцця будынка першага гарадскога тэатра, што працаваў амаль 50 гадоў – з 1825 па 1884. Самай значнай падзеяй на сцена тэатра стала прэм'ера оперы «Сялянка» («Ідылія») – першай «дарослай» пастаноўкі, падчас якой з тэатральных падмосткаў прагучала беларуская мова. У міжваенны час былы тэатр перабудавалі, аднак да абвяшчэння незалежнасці нашай краіны будынак не дацягнуў: у 1984 годзе ён быў зруйнаваны.
Сёння на яго месцы знаходзіцца адноўлены гатэль «Еўропа».
10. Аўтавакзал «Маскоўскі»
На жаль, руйнаванне вартых захавання будынкаў працягнулася і пасля 1991 года. Зносяцца альбо татальна «рэканструююцца» як старыя камяніцы, так і некаторыя сучасныя цікавыя пабудовы. Яскравым прыкладам стала гісторыя аўтавакзала «Маскоўскі». Яго адкрылі зусім нядаўна, у 1999 годзе. Праект атрымаў станоўчыя водгукі і шэраг архітэктурных узнагародаў. Аднак гісторыя гэтага незвычайнага будынка апынулася занадта кароткай – у 2014 годзе на месцы вакзала запланавала пабудаваць свой комплекс кампанія «Газпрам», і вельмі хутка, ужо летам, вакзал зруйнавалі.
Застаецца спадзявацца, што спіс зносу вартых захавання будынкаў будзе папаўняцца ўсё радзей.