Гарлячка
Шыйнае ўпрыгожанне ў выглядзе бісернай стужкі, элемент неглюбскага строю. Гарлячкі накшталт тых, што зараз плятуць на замову майстрыцы з «Інстаграма», насілі толькі ў Веткаўскім раёне. На суседняй Брагіншчыне бісер нашывалі на стужку з тканіны, часам замацаваную на лубяной аснове, і зашпільвалі на гузік. Карацей, Мележава Ганна гарлячку дакладна не насіла. Гарлячка была першым упрыгожаннем, якое дазвалялася дзяўчыне-падлетку, і вырабляла яго кожная самастойна. Далучыцца да традыцыі проста: дзякуючы дбанням Веткаўскага музея можна наведаць адзін з рэгулярных майстар-класаў у Гомелі або паглядзець відэаінструкцыю.
Відушава гара
Узвышша ля Кажан-Гарадка, што на Лунінеччыне. Яна ж Авідава гара – бо, згодна з легендай, менавіта тут пахаваны рымскі паэт-выгнаннік Публій Авідзій Назон. Па іншай версіі, паэт быў высланы да берагоў Чорнага мора і знайшоў прыстанак у горадзе Томіс (цяперашняя Канстанца ў Румыніі). Уладзіслаў Сыракомля ў вершы «Авідзій на Палессі» адпраўляе свайго героя больш пакручастым шляхам: Хай праедзе паэт на Эўксінскае мора. / Не навучыцца там празаічнае мовы, / Дык у Пінск на барліне адпраўце яго вы, – а месцам спачыну называе Давыд-Гарадок (Столінскі раён). Легендзе пра Відушаву гару як месца пахавання выбітнага паэта давяраў і Адам Міцкевіч. Калі пагаджаецеся з паэтамі, можаце смела лічыць Авідзія ганаровым палешуком. А іншыя цікавыя беларускія легенды знойдзеце на нашай мапе.
Мора Герадота
Легендарнае і даўно зніклае мора – або проста гіпербала, якой старажытнагрэчаскі гісторык Герадот апісаў вясновы разліў Прыпяці. Насельнікамі гэтага краю ён лічыў неўраў, якія нібыта ўмелі перакідвацца ў ваўкоў. Па сведчаннях Адама Кіркора, у ХІХ стагоддзі палешукі ўсё яшчэ знаходзілі ў пойме ракі якары і невялікія караблі. Як бы там ні было, у многіх мясцінах Палесся да ХХ стагоддзя самым надзейным транспартам быў човен, а воднымі шляхамі можна было дабрацца да цяперашніх Гданьска і Калінінграда.
Вёска Кудрычы
Рэшткі астраўной цывілізацыі, якую апісваў Мележ і якая знікла ў выніку асушэння балот. Да 80-х гадоў не было ніякае дарогі, якая б злучала Кудрычы з вялікім светам, а асноўным транспартам у кожнай сям’і быў човен. Стрэхі з чароту, мясцовыя традыцыі бортніцтва і рыбалоўства – 90 гадоў таму гэта прыцягнула ўвагу Луізы Бойд, амерыканскай вандроўніцы, якая зрабіла сотні здымкаў падчас сваёй экспедыцыі па Пінскім Палессі. У ХХІ стагоддзі Кудрычамі зацікавіліся і еўрапейскія, і беларускія турысты – але мары апошніх жыхароў вёскі пра музей пад адкрытым небам пакуль не спраўдзіліся.
Драўляны ровар
Гэты цуд інжынернай думкі можна ўбачыць у Музеі беларускага Палесся, што ў Пінску. Зрабіў яго жыхар вёскі Багданаўка ў 1931 г. Кажуць, падобны веласіпед змайстраваў сабе Іван Мележ, калі быў школьнікам. Пераняў узор ці прыдумаў сам – хто ведае.
Цмокі на ліштвах
Згодна з беларускай міфалогіяй, цмок жыве ў балоце ці моры, то дзе ж яму вадзіцца, як не на Палессі? Насамрэч выявы цмокаў на ліштвах – матыў, распаўсюджаны па ўсёй Беларусі. Але, магчыма, растуць яго ногі (ці хутчэй лапы) з Гомельшчыны. У XVІІ стагоддзі князь Міхал Казімір Радзівіл, гомельскі стараста і падканцлер ВКЛ, за дамашняга гадаванца меў сапраўднага кракадзіла. Ці не яго падабенства ахоўвае шматлікія вокны і брамы Гомельшчыны? Схаваліся цмокі і на старонках рукапіснага Евангелля з Веткі. Выявы цмокаў ці вужоў сустракаюцца таксама на вільчыках хат Піншчыны і Лунінеччыны.
Балотная чарапаха
Яшчэ адна магчымая крыніца паданняў пра беларускіх цмокаў. Мае вельмі доўгі для чарапахі хвост (да трох чвэрцяў даўжыні панцыра) і вострыя кіпцюры, чорны панцыр і чырвоныя або бурыя вочы. Адзіны прадстаўнік чарапах у дзікай прыродзе Беларусі. Сустракаецца выключна на поўдні краіны – сапраўдная паляшучка. Від занесены ў Чырвоную кнігу. Убачыць балотную чарапаху можна ў Спораўскім заказніку (Бярозаўскі раён).