27 September 1942
Ivan Mielež
Тбілісі адыходзіць назад. Вось ужо Наўтлуг, ускраіна горада.
Вось ужо i фунікулёра не відаць. Толькі Кура зноў падбягае да самага насыпу. Раўніна, падобная на Украіну. Але гэта Грузія. Вось Караязы.
Тут сыходзідь Зіна, яна едзе да бацькі. Махнуў рукой услед. I зноў поезд рушыць у калідоры гор.
Я задаволены, сёння мне так легка ўдалося атрымаць плацкарту.
Мне дапамагла ў гэтым жанчына з чатырма гайкамi — з упраўлення пасажырскай службы. Яна мяне адрэкамендавала нач. вакзала, як свайго брата, які едзе ў адпачынак па раненню. «Падобны?» — хітравата спыталася яна. «Вельмі падобны». Мы атрымалі білет. Калі мы выйшлі, яна спытала: «А ты ведаеш імя сваей сястры?» — «Не ведаю»,— «Эх, ты, брат! Мяне завуць Людміла, Людміла Алёхіна». Не думаў, не гадаў, што мая сястра жыве ў Тбілісі i яе прозвішча — Алёхіна.
Сустрэў старшага лейтэнанта са шпіталя. На маё пытанне, як ён здолеў адразу сесці ў поезд, ён адказаў, што сеў без білета i едзе таксама без яго, па дакументах са шпіталя. У нашым плацкартным вагоне поўна пасажыраў. Я ляжу, a ў мяне ў нагах сядзяць два пасажыры без месц. Хтосьці ходзіць па даху вагона, хоць цягнік імкне на ўсю сілу. На прыступках таксама пасажыры, моцна трымаюцца за поручні. На прыпынках — таўкатня за вадой. Пакутую без вады.
Соты раз з сумам успамінаю параду дзяўчат — узяць у дарогу ваду. Пасажыры ганяюцца за «мацоні».