27 September 1941
Ivan Mielež
У наша жыццё зноў уварваліся трывога, неспакой. Знімаемся з пазіцый i стаім ля Грыгор'еўкі (пад Сінельнікава). Чуткі чорныя, трывожныя. Кажуць, быццам немцы ўзялі Новамаскоўск, ноччу ўварваліся ў горад. Ідуць гаворкі: сюды ідуць нямецкія танкі. Цэлы дзень сапёры рвуць дарогу. Гукі разрываў гнятуць сэрца. Стаім, нічога не ведаем пра становішча — гэта самае горшае... Сустрэў Озерава, разведчыка 298-га. Ён расказаў пра трагедыю пад Самарай. Якая цяжкая вестка! З ім больш з нашых нікога не было, ён спяшаўся. Паведаміў: Мартынава забілі, Макавецкі паранены. «Дзе іншыя — не ведаю»,— сказаў ён на развітанне.