20 July 1982, Uładzimir Karatkievič | Wir.by

20 July 1982

Uładzimir Karatkievič

Uładzimir Karatkievič

Гарачыня. Крыху чытаў. Вечарам быў і нечакана застаўся на вячэру Валянцін Нікулін з «Современника». І розум ёсць, і не абы-якая сіла ўздзеяння, і талент, і правільны погляд на рэчы, але раскідана ўсё неяк, фрагментарна. Мысліць мазаічна, можна было б сказаць. І гэтая жудасная маскоўская прывычка называць людзей (а для яго — не для мяне — проста добрых знаёмых) па імю, часам нават без бацькі. «Додзік перасяліўся ў Пярну» — і здагадайся, што гэта Самойлаў, які мне ў Додзікі не набіваўся. «Фёдар Міхайлавіч сказаў…» — і пачынаеш саабражаць, ці то нейкі з яго знаёмых, ці гэта Дастаеўскі. «Леанід, ну Лёня, ну гэта ж чалавек» — і не зразумееш, ці гэта нейкі іхні рэжысёр (або працоўны сцэны) або нябожчык Уцёсаў. Стаміўся за вечар (нягледзячы на цікавую бяседу), нібыта камні вазіў.