ZRAMY
Мемарыял
Гэта не я сяджу на балконе восеньскай спёкай.
Я — Курт Пруфер, і мне калісьці
так доўга не даплочвалі браты
Топф, што я стаў працаваць за попел.
Але ладна я — нямецкі інжынер
Курт Пруфер, як апраўдаюцца
габрэі, камуністы, ваеннапалонныя,
што будавалі печы па маіх чарцяжах —
для Дахау, Бухенвальда,
Асвенцыма, Маўтхаўзена,
Магілёўскага гета...
Гэта не я сяджу на балконе восеньскай спёкай.
Попел на вокнах,
падлозе,
сталах,
талерках,
попел — не вызначыць пол,
узрост,
сваяцтва,
невінаватасць.
Гэта не я сяджу на балконе восеньскай спёкай,
я наогул не пераношу спёку пасля 45-га.
Я — найлепшы інжынер фабрыкі «Топф і сыны»,
але гэта не я сяджу на балконе восеньскай спёкай.
Я ствараю попел дваццаць чатыры гадзіны.
Попел не пахне газам.
Попел пахне перспектывамі й поспехам.
Калі не я, дык хтосьці іншы б,
іх так многа,
як туфель, зубоў, дзённікаў, —
проста попел.
Нават пад страхам гулагу,
усё адно,
бо хто, калі не я.