15 мая 1982, Уладзімір Караткевіч | Wir.by

15 мая 1982

Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Апоўдні восем градусаў. Над тэлеантэнамі амаль нерухома стаяць многія аблокі, і блакіт між іх халодны, не грэе душу, а самі аблокі спадыспаду шэрыя. Аж грэх бярэ, столькі не быў. Вазьму зараз машыну і, узяўшы цётку Ніну, што прыехала пагасціць да цёткі Жэні, паеду з ёй на могілкі. А ц[ётка] Жэня ехаць ужо не можа, бо я ёй павязу «Сямейную хроніку» і «Багрова-ўнука» Аксакава. Дарэчы, улюбёная кніга дзядулі, які і сам быў рыбак з рыбакоў і «ружейный охотник» з «ружейных охотников». Хай чытае. І яна, мабыць, яе не перачытвала год пяцьдзесят.