21 ліпеня 1982, Іван Шамякін | Wir.by

21 ліпеня 1982

Іван Шамякін

Іван Шамякін

Бацька, як i яго бацька, дзед мой, часта лаяў маці, нас з Паўлам, а пазней, расказвала маці, i дзяўчат, Галю i Таню: маўляў, гультаі. І даказваў, што адзін ён шчыры працаўнік.

Што датычыць мяне, то папрок гэты, магчыма, i меў падставы: я не вельмі кідаўся да фізічнай працы. Але я выдатна вучыўся. Мяне прымусілі пасвіць кароў у сем гадоў. Статак быў галоў восем, болей цялят. У тыя гады была завядзёнка: сяляне вёсак, дзе не хапала выпасаў, аддавалі маладняк у адпас леснікам — аб'ездчыкам, пуцявым абходчыкам. Першыя гады два свайго пастухоўства я i зараз успамінаю, як успамінаюць, мабыць, катаргу. Асабліва першы год. Лета было мокрае. Камароў i машкары — хмары. Разбуджаны гадзіны ў чатыры-пяць раніцы, я, горкае дзіця, амаль штодня, калі прыгравала сонца, засынаў. Статак без пастуха брыў бог ведае куды, але часцей — на бліжэйшае поле, рабіў патраву. Я калаціўся. Перад бацькам. I той неаднойчы намерваўся адлупцаваць мяне, але маці абараняла. Маці знаходзіла каровы, маці дамаўлялася з гаспадарамі, каму зрабілі патраву, неаднойчы, употай ад бацькі, адносіла мерку ячменю, грэчкі. Але часцей дазваляла набраць дроў з двара леснічоўкі. У выніку аблаў, якія праводзілі леснікі,— а наша «стража» была крайняя на шляху ў Дабранку, куды вазілі дровы на продаж, за зіму каля нас вырасталі шуркі на многія дзесяткі кубоў гатовых — піленых, колатых бярозавых дроў. A ўвогуле ратавала мяне тое, што да патраў лесніковым быдлам адносіліся з разлікам, што некалі i ён, злавіўшы ў лесе, зробіць «скідку».

Беларускія блізняты: як не блытаць Купалу і Коласа
Беларускія блізняты: як не блытаць Купалу і Коласа
Два класікі беларускай літаратуры, народныя паэты, альбо два вусатыя дзядзькі з аднолькавымі ініцыяламі? Абодва нарадзіліся ў маляўнічых кутках нашай радзімы, абодва пісалі вершы і паэмы, якія ў школе вучаць на памяць. Паспрабуем усё ж разабрацца, чым яны адрозніваюцца як пісьменнікі –спасцігнуць тое, чаго не пабачыш на партрэтах, пра што не прачытаеш у біяграфіях.
Марына Яромка
Чытаць артыкул