12 лютага 1982
Уладзімір Караткевіч
Між плюсам і мінусам будзе нуль. І настрой нуль. Нуль надвор’я, нуль часу. Ходзяць і ходзяць, працаваць не даюць. І ўсё трэба, сапраўды трэба. Справы Ларысы Сімаковіч і хору, справа этнографаў пры Заслаўскім музеі. Учора прынеслі канец паэмы Бітэля. Усім сапраўды трэба. Толькі мне працаваць – не трэба. А тут сёння пленум, а тут на тыдні секцыя прозы, і Васіль Б[ыкаў] просіць выступіць, а тут тое і сёе і непрыемныя звесткі. Чорт!
«Кожны раз, калі жанчына робіць мне гонар, сцвярджаючы, што я бацька яе дзіцяці, я ўспрымаю гэта як камплімент і адмятаю любыя сумненні, якія ў мяне могуць быць наконт гэтага», – сказаў Аарон Бэр.
Гм!