1 кастрычніка 1942
Іван Мележ
Прайшлі паўз порт Шаўчэнка. Справа, непадалёк быў пясчаны ў зморшчынах бераг, некалькі дамкоў, лодкі пры беразе. I зноў адно мора. Вось зноў — пустэльны бераг справа. За параходам увесь час — чайкі. Барона адпачывае на мачце. Купка пасажыраў з цікавасцю глядзіць на яе. Усе дні час ад часу аглядваю неба: ці не чарнее небяспечная кропка, самалёт. Не верыцца, што неба такое ціхамірна спакойнае. Фронт жа непадалёку... Але неба нібы спакойнае. I мора таксама.