29 верасня 1944
Кузьма Чорны
Пятніца. Ужо якраз тыдзень, як у Менску. Яшчэ жыву на падлозе ў доме, дзе Саюз пісьменнікаў. Няма дзе адаспацца і адляжацца. Усе дні баліць галава, хіліць на сон і зрок пагоршаў. Але здаецца, гэта ўжо апошні мой злы этап. Як-небудзь агораю кватэру і буду дбаць аб здароўі і пісаць. За гэтыя дні бачыўся з Р.Шырмам. Ад яго пачуў тое, што ўжо чуў ад П.Пестрака і М.Танка. Каталіцкае духавенства, дзе якое было раней і якое дзе цяпер з'явілася, стала агентурай пана Сасноўскага, паланізуюць сваіх парафіян і тлумачаць, што няма ніякай Беларусі, а ёсць Польшча. Усё ідзе ад віленскага біскупа Ялжбыкоўскага. Аб гэтым дакладна ведае і тужыць беларускі патрыёт менскі ксёндз Шутовіч. Я цвёрда намерыўся пісаць старшыню Саўнаркома дакладную запіску, набраўшы фактаў. («Нацыянальныя польскія» сельсаветы ў Чарнагубаве і Каралішчавіч[ах].) Пальшчызна стараецца пакінуць польскага духу тут на наступныя пакаленні.