6 жніўня 1982
Іван Шамякін
Недзе, здаецца, у 1942 годзе трапіў да мяне ў падначаленне, у гарматны разлік, чалавек гадоў пяцідзесяці, бацька дарослых дзяцей, сыны ваявалі. Камандзірам агнявога ўзвода быў неразумны, па-дурному прыдзірлівы лейтэнант. Я заеўся з ім i вырашыў пісаць рапарт з просьбай паслаць мяне ў франтавую артылерыю. Дык стары доўга ўгаворваў мяне не рабіць гэтага. Усё-такі ў зенітчыкаў не было такіх страт, як на батарэях першага эталона, асабліва ў супрацьтанкавых. Мы — другі эталон. Стары любіў мяне, як сына, i засцерагаў. Цяпер я разумею: ён не быў ні баязліўцам, ні дрэнным патрыётам, у ім жыла адвечная бацькоўская мудрасць: дзе можна, зберагчы дзяцей. Мудрасці такой не заўсёды хапала ў некаторых вялікіх i малых военачальнікаў: часам страты былі неапраўданыя, не па маштабу тактычных поспехаў. Напрыклад, дагэтуль не магу зразумець, навошта было штурмаваць акружаны Кёнігсберг так, як мы яго штурмавалі, у той час, калі армія падступала да Берліна?