5 жніўня 1982
Уладзімір Караткевіч
Апоўдні 19℃. Зноў хмаркі, што бягуць недзе ад поўначы. У прарывах сонца. Працую.
Розніца між каталіцызмам і беларускай аўтакефаліяй была б у тым, што «казаць казань» гэта і было б проста «гаварыць казань», заклікаць да думак і пачуццяў, да сэрца чалавека, які слухае. Тут няма нават філалагічнага значэння польскага слова «казаць» (kazac), якое мае беларускае значэнне толькі ў другім, менш важным, сэнсе, а перш за ўсё азначае «наказаць, загадаць, распарадзіцца, прымусіць». Усе словы з адценнем гвалту, гэтак чужога нашаму характару, які проста «кажа», «пераконвае», а аніяк не «распараджаецца» і не «прымушае».
Ездзілі з Васем, Надзяй і Ленай па Слуцкай шашы за вёску Ячанкі. Глухі лес. Маліна і ажына. Едучы дамоў, сталі над ручаінай. Прысмерак, шапкі хмызоў і забыты хор цвыркуноў.