Французскі пісьменнік Альбер Камю лічыцца адным з выдатных прадстаўнікоў экзістэнцыялізму, нягледзячы на тое, што ён не ідэнтыфікаваў сябе з гэтым кірункам. Нобелеўскі лаўрэат 1957 года, Камю вядомы і як выдатны мысляр, аўтар філасофскіх тэкстаў, і як творца, які пакінуў літаратурную спадчыну ў выглядзе празаічных і драматургічных твораў.
Адзін з самых важных складнікаў творчасці Камю – цікавасць да чалавека, яго асобы, жыцця. Гэта акурат тое, што яднае яго з экзістэнцыялізмам. Калі ў 1960 годзе Камю трагічна загінуў у аўтакатастрофе, людзі былі занепакоеныя, бо страцілі чалавека, якога называлі «сумленнем захаду». Разгледзім тры яго этапныя творы – аповесці «Чужаніца», «Падзенне» і раман «Чума».
Спачатку здаецца, што ў аповесці «Чужаніца» Камю прапануе чытачу вобраз антыгероя – індыферэнтнага чалавека, які жыве ва ўласнай прасторы, чалавека, абыякавага да смерці сваёй маці. Аднак пасля становіцца зразумела, што гэта проста чалавек, асоба. Мерсо робіць уражанне вельмі праўдзівага чалавека, які не любіць масак і не хоча іх апранаць, таму паводзіцца так, як сябе адчувае. Мерсо мае права быць сабой, і Камю сцвярджае гэтае права. Аўтар паказвае, як людзі не хочуць даваць іншаму чалавеку мажлівасць быць сабой, не разумеючы і судзячы яго не за забойства, а, фактычна, за іншасць. Камю быў супраць смяротнага пакарання, думкі наконт якога экспліцытна выказаў у сваім эсэ «Роздумы пра гільяціну».
Раман «Чума» прапануе розныя мадэлі паводзін падчас катастрафічнай сітуацыі. Адзін з варыянтаў – актыўнасць. Галоўны герой, Бернар Рыё, супраціўляецца чуме, ён лекар і павінен лекаваць. Прафесія і ўнутранае адчуванне героя супадаюць – ён хоча ратаваць людзей. Ёсць і іншая стратэгія паводзін, прыкладам якой выступае журналіст Рамбэр. Спачатку ён хоча пазбегнуць чумы, робіць усе намаганні, каб выбрацца з горада на карантыне, але, нарэшце атрымаўшы такую мажлівасць, застаецца з тымі, хто супраціўляецца чуме. Жан Тару, які ўвогуле не з гэтага горада і нічога не вінен тутэйшым людзям, таксама абірае шлях супраціву
Камю падсумоўвае сваю ідэю: нават калі чалавек ведае, што ён можа быць знішчаны ў любы момант, што ўсе намаганні абсурдныя, ён павінен супраціўляцца. Гэта была асабістая філасофія Камю, таму абсалютна натуральна, што ён удзельнічаў у руху Супраціву ў Францыі падчас Другой сусветнай вайны. Гэтую філасофію могуць называць «выбарам паразы», але параза ўяўная, таму што выбар смерці ўсё адно сцвярджае нешта больш важнае.
«Падзенне» – твор, у якім прырода чалавека пададзена дваіста, у якім аўтар асуджае грахі чалавека ў вельмі цікавай форме. Жан-Батыст Кламанс, які вызначае сябе як «суддзя на пакаянні», выносіць прысуд чалавецтву. Ён аналізуе чалавека ў негатыўным ракурсе, паказваючы яго хібы. Герой робіць гэта, бо адчувае ўласную недасканаласць. Калісьці Кламанс прайшоў на мосце міма дзяўчыны, якая кінулася ў ваду, і нічога не зрабіў. Напрыканцы ён кажа цікавую фразу да свайго ўмоўнага суразмоўцы, да самога сябе: «Дзяўчына, кінься ў ваду яшчэ раз, каб у мяне была мажлівасць выратаваць нас абодвух». Ён не зрабіў гэтага своечасова, яму б вельмі хацелася выправіцца, але ўжо позна.
Камю заклікае, часам праз іншасказанне, часам ўвогуле ад супраціўнага, думаць і дзейнічаць зараз, у гэты момант, усведамляць каштоўнасць чалавечага жыцця, ведаць, што абсалютна кожны чалавек – гэта адзінка. Ён мае права быць іншым, нестандартным, адрознівацца ад усіх. Для Камю надзвычай каштоўная менавіта чалавечая прырода: ёсць жыццё тут, у дадзены момант, жыцця па-за межамі жыцця фізічнага, магчыма, і няма. У сувязі з гэтым пра Камю можна пачуць, што ён нібыта атэістычны экзістэнцыяліст. Але гэта не зусім так: у яго ёсць і матыў Хрыста-выратавальніка, і іншыя – вядома, не ў традыцыйным хрысціянскім выглядзе, праз што могуць заставацца незаўважанымі.